Ягоная жонка Алеся Рак апавяла сайту «Салідарнасць» гісторыю іх сям’і.
Андрэй Кузьнечык з 25 лістапада знаходзіцца ў зьняволеньні, ён адбыў два адміністрацыйныя арышты, а 23 сьнежня стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу.
Дзеці Андрэя і Алесі — васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвей — былі сьведкамі затрыманьня таты.
— Яго забралі на вачох у дзяцей, — расказвае Алеся Рак. — Дачка ведае, дзе тата. Мацьвей пакуль не разумее. Я сказала дзецям: тату забралі злыя дзядзькі, ён цяпер у турме. Нядаўна праяжджалі міма «Валадаркі», паказала дачцэ: тата тут, можаш памахаць яму рукой, праз сьцены паслаць яму промні любові.
Я сказала дзецям: тату забралі злыя дзядзькі
Алеся кажа, што трошкі супакоілася, калі мужа перавялі з Акрэсьціна ў СІЗА-1:
— Радая, што цяпер ён у параўнальна больш камфортных умовах і прынамсі ягонаму здароўю нічога не пагражае. Цяпер носім перадачы, лісты пішам адно аднаму.
Паводле Алесі, Андрэй не выключаў, што па яго могуць прыйсьці, але прыняў рашэньне застацца ў Беларусі.
— Неяк вяртаўся дахаты і ўбачыў ля нашага дома людзей у чорным. Кажа мне: «Я нават узбадзёрыўся». Потым высьветлілася, што ў суседкі сыгналізацыя спрацавала.
Алеся пазнаёмілася з Андрэем, калі вучылася на першым курсе філфаку БДУ, а сустракацца яны пачалі праз чатыры гады.
— Я ўсім расказала, што гэта мой будучы муж, — усьміхаецца Алеся. — Мы шмат размаўлялі, Андрэй вадзіў мяне рамантычнымі маршрутамі ўздоўж рэк.
З 2003-га пачалося наша сумеснае жыцьцё. Першыя гады жылі мы сьціпла. Ён працаваў кур’ерам, асьпіранцкую стыпэндыю атрымліваў. Я таксама праз пару месяцаў знайшла сабе працу. Хапала на нейкі мінімум.
Першыя гады жылі мы сьціпла. Ён працаваў кур’ерам, асьпіранцкую стыпэндыю атрымліваў.
Андрэй неяк прызнаўся: думаў пажыць пару гадоў разам, выпрабаваць стасункі, а пасьля прымаць рашэньне, каб ажаніцца і жыць разам усё жыцьцё.
На вясельлі сваёй сяброўкі я злавіла букет, прыходжу да яго з гэтай навіной. Кажа: «Ну пайшлі ў ЗАГС».
У 2005-м пара згуляла вясельле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А калі нам аддадуць тату?» Дар’я Лосік у дзень нараджэньня дачкі расказала, як малая чакае бацьку— Некалькі гадоў не рашаліся на дзяцей, баяліся, што яны абмяжуюць нашу свабоду ці неяк яшчэ сапсуюць нашы рамантычныя адносіны. Бо для нас быў такі кайф, што ты прыходзіш дахаты і можаш расслабіцца, рабіць, што хочаш, ніхто нікога не выхоўвае і не забараняе нічога. Мы старэйшыя дзеці ў сваіх сем’ях, у нас з дзяцінства не было такой свабоды, мы яе вельмі цанілі, — дзеліцца Алеся.
У мужы яе захапляе тое, што ў ім спалучаюцца рысы, якія не сустракаюцца ў адным чалавеку.
— Андрэй надзейны, гаспадарлівы, вельмі дбайны, пра ўсіх клапоціцца. Мы ўжо амаль 20 гадоў разам, а ён прыдумляе сюрпрызы мне на сьвяты, хоць я нічога не прашу.
Андрэй надзейны, гаспадарлівы, вельмі дбайны, пра ўсіх клапоціцца
Са штодзённага на ім закупка прадуктаў, прычым ня проста ў суседняй краме затаварыцца хоць чым. Ён абʼяжджае ўвесь раён, каб купіць мой улюбёны хлеб, смачную малочку... Для ката адмысловы корм ён бярэ ў беларускамоўных прадаўцоў, гэта асобнае няблізкае падарожжа.
Апошнія тыдні дома Андрэй усё стараўся нешта завяршыць. У нашых плінтусаў адваліліся нашлёпкі-куточкі, дык Андрэй хацеў іх замяніць, але канструкцыя састарэла. Езьдзіў на будаўнічы рынак па інструкцыі, але беспасьпяхова. Я ўрэшце прыляпіла іх на плястылін.
Увогуле дома ён цярплівы, лагодны, нэгатыў трымае ў сабе. Я кажу яму, што нельга так рабіць, гэта шкодна для здароўя. Лепш ты пасварыся трохі, але ў цябе будзе нармальны ціск і доўгія гады жыцьця. А я не хачу свой доўгі век дажываць адна, хачу з табой.
Дзеці ў нас яркія індывідуальнасьці, зь імі бывае няпроста. Дзеці ў нас яркія індывідуальнасьці, зь імі бывае няпроста. Але гэта самае цудоўнае, што ў нас ёсьць. Я цяпер большую частку жыцьця праводжу з малодшым сынам Мацьвеем, старэйшую Яніну песьціць пераважна Андрэй. Жартуем зь ім на гэтую тэму. Ён кажа: «Не цябе я ўжо ваджу рамантычнымі маршрутамі». Адказваю: «Ды і я сплю не з табой».
Дзеці ў нас яркія індывідуальнасьці, зь імі бывае няпроста
Дачка любіць дробныя падаруначкі, штодзень іх выпрошвае. Андрэй з вечара кладзе смакоцьце ў скрыначку побач з ложкам, Яніна з раніцы знаходзіць сюрпрыз.
Апошнія гады мы пачалі траціць нашу заўсёдную лёгкасьць у адносінах, весялосьць, гатоўнасьць кожную хвіліну жартаваць, нягледзячы на складанасьці і вонкавыя абставіны.
Магчыма, для гэтага нам і дадзена расстаньне, каб мы перагледзелі нешта ў жыцьці, інакш расставілі прыярытэты і сталі больш мудрымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мароз зь лістом ад таты». Палітвязень Андрэй Кузьнечык даслаў дзецям навагоднюю паштоўкуПерасьлед Андрэя Кузьнечыка
- Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
- Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
- Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
- 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
- Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
- 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
- У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.