Ва Ўкраіне на колішніх землях ВКЛ стварылі нацыянальны парк «Пушча Радзівіла»

На выставе «Радзівілы: лёсы краіны і роду» ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, 2017 год

Агульная плошча нацыянальнага парку — больш як 24 гектары. Гістарычна яны ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага і ў XV стагодзьдзі належалі князям Радзівілам.

Указ аб стварэньні гэтага нацыянальнага парку ў Сарненскім раёне Ровенскай вобласьці падпісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Парк знаходзіцца ў басэйне ракі Сьвігі. Сьвіга бярэ пачатак ва Ўкраіне, цячэ празь Берасьцейскую і Гомельскую вобласьці, а там упадае ў Прыпяць. У даўнейшыя часы па ёй сплаўлялі лес.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як аўтар бэстсэлера «Радзіва Прудок» вяртае зь нябыту Нараўлянскі палац

У парку ёсьць балоты, азёры і сажалкі. Адной з адметнасьцяў новай запаведнай тэрыторыі стаў Юзэфінскі дуб, якому больш за 1000 гадоў. Ягоная акружнасьць — амаль 8 мэтраў, а вышыня — да 20 мэтраў. Гэта найстарэйшы дуб ва Ўкраіне. Яго яшчэ называюць дубам князя Ігара.

У 2010 годзе Юзэфінскі дуб заняў другое месца ва ўсеўкраінскім конкурсе «Нацыянальнае дрэва Ўкраіны».