Тытан сучаснага беларускага Адраджэньня, чалавек-энцыкляпэдыя. Вядомыя беларусы пра Адама Мальдзіса

Адам Мальдзіс

3 студзеня ва ўзросьце 89 гадоў памёр гісторык беларускай літаратуры Адам Мальдзіс.

Адам Мальдзіс — доктар філялягічных навук, аўтар унікальных дасьледаваньняў у галіне гісторыі беларускай літаратуры. У 1962–1991 гадах працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР. Быў стваральнікам і дырэктарам Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру імя Францішка Скарыны.

Разьвітаньне адбудзецца ў сераду 5 студзеня ў касьцёле Сьв. Сымона і Алены. Імша пачнецца а 11-й гадзіне. Пахаваньне пройдзе на могілках вёскі Задворнікі Астравецкага раёну ў той жа дзень.

Вядомыя беларусы выказваюць словы смутку і памяці ў сацыяльных сетках.

Паэтка Анатаніна Хатэнка піша ў фэйсбуку:

«Сумна. Быццам глеба пахіснулася. І ня першы раз за апошнія два гады. Быццам неба звузела. Неба нашай вечнасьці. Няхай сьцеле Бог бел-чырвона-белы Шлях у сьвет, сьвятлейшы за наш, нястомнаму адкрывальніку Беларусі неўміручай Адаму Мальдзісу. Дзякую лёсу, што ведала гэтага чалавека».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мальдзіс прапануе стажыраваць беларускіх студэнтаў у скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане

Намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша піша:

«Ён быў адным з апошніх сапраўдных тытанаў у айчыннай гуманітарыстыцы. Чалавек-акадэмія, чалавек-інстытут, «камень», тытан сучаснага беларускага Адраджэньня... Стваральнік і кіраўнік Скарынаўскага цэнтру, камісіі «Вяртаньне», Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў...

Ён быў цэнтрыстам, „сваім“ для правых і левых, усходнікаў і заходнікаў, беларусаў і літоўцаў (нарадзіўся на этнічным памежжы), ён пісаў і для „СБ“, і для СМІ супрацьлеглай арыентацыі... — імкнуўся да міру і адзінства спаміж беларусаў. Быў ён чалавекам па-за часам, бо ён і знаўца XVIII–XIX стагодзьдзяў, і сябар Караткевіча, і зычлівы калега для мяне і многіх маіх аднагодак.

А якую ён пакінуў навуковую спадчыну! Вось толькі некалькі яго кніг: «Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.» (1966), «Падарожжа ў XIX ст.: З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры» (1969), «Традыцыі польскага Асьветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст.» (1972), «Таямніцы старажытных сховішчаў» (1974), «На скрыжаваньні славянскіх традыцый: літаратура Беларусі пераходнага пэрыяду: другая палавіна XVII – XVIII ст.» (1980), «Беларусь у люстэрку мэмуарнай літаратуры XVIII стагодзьдзя: нарысы быту і звычаяў» (1982), «Восень пасярод вясны: аповесьць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданьняў» (1984), «Зь літаратуразнаўчых вандраваньняў: Нарысы, эсэ, дзёньнікі» (1987), «Францыск Скарына як прыхільнік збліжэньня і ўзаемаразуменьня людзей і народаў» (1988), «Жыцьцё і ўзьнясеньне Уладзімера Караткевіча: партрэт пісьменьніка і чалавека» (1990), «І ажываюць спадчыны старонкі» (1994), «Як жылі продкі ў XVIII стагодзьдзі» (2001), «Выбранае» (2007), «Белорусские сокровища за рубежом» (2009), «Соотечественники» (2013)...

Ён фармаваў сьветапогляд беларусаў. Шмат у чым менавіта ён ствараў Беларусь, якою яна ёсьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адам Мальдзіс: невядомыя дакумэнты пра Скарыну яшчэ будуць знаходзіць па ўсёй Эўропе


Ацэнкай асобы Мальдзіса дзеліцца культуроляг, пісьменьнік Сяргей Харэўскі:

«Для мяне гэта быў ня проста даўні добры знаёмы, паважаны і шанаваны мною чалавек. Гэта была пэўная канстанта — ёсьць Мальдзіс, чалавек-энцыкляпэдыя Беларушчыны. Больш такіх людзей няма».

Вітаўт Кіпель, Анатоль Грыцкевіч, Валянцін Грыцкевіч, Адам Мальдзіс, Кангрэс беларусістаў, Менск, 1995

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адам Мальдзіс заклікае кананізаваць Францішка Скарыну

Паэт, літаратуразнаўца Міхась Скобла прыгадвае ў сваім фэйсбуку, як Адам Мальдзіс уратаваў архіў паэткі Ларысы Геніюш:

«Пахавалі паэтку 9 красавіка 1983 года, а ўжо 11 красавіка ў апусьцелай хаце Геніюшаў быў учынены — сіламі мясцовых уладаў — ператрус. Пратэсты Юркі Геніюша, які яшчэ не пасьпеў апрытомнець пасьля сьмерці маці, не спынілі старшыні пасялковага савету і яго памагатых, якіх прыслалі «дасьледаваць» архіў паэткі, каб знойдзеную там (абавязкова!) антысавеччыну тэрмінова даставіць куды трэба.

Юрка Геніюш у роспачы патэлефанаваў у Менск Адаму Мальдзісу — на той час супрацоўніку Інстытута літаратуры Акадэміі навук. Той зьвязаўся з Алесем Адамовічам, які сябраваў з сакратаром ЦК КПБ па ідэалёгіі Аляксандрам Кузьміным. Заручыўшыся яго падтрымкай, Адамовіч з Мальдзісам імгненна арганізавалі выратавальную экспэдыцыю ў Зэльву, дзе Адаму Восіпавічу давялося літаральна адваёўваць рукапісы паэткі ў местачковых «геніюшазнаўцаў». Тыя не сьпяшаліся пакідаць захопленую хату, тэлефанавалі райкамаўскаму начальству, тое зьвязвалася з Менскам... Нарэшце старшыня пассавета быў вымушаны патлумачыць сваім памочнікам: «Товарищ Мальдис — тоже исследователь, но с бóльшими, чем у нас, полномочиями».

Адам Мальдзіс і Ларыса Геніюш

Надвячоркам таго ж дня ад геніюшаўскага дома па вуліцы Савецкай у Зэльве ад’ехаў „РАФік“, пад завязку наладаваны пакаўнымі мяхамі.

...На слонімскай шашы сталічную экспэдыцыю як бы «выпадкова» спыніла ДАІ. Прымусіла зьехаць з дарогі ў лес, дзе людзі ў цывільным доўга распытвалі пра характар грузу, правяралі дакумэнты. Паспрабавалі зазірнуць у мяхі, але яны нечакана аказаліся апячатанымі. Старшы па званьні міліцыянт доўга круціў у руках прад’яўленае яму чырвонае пасьведчаньне з надпісам «Саюз пісьменьнікаў СССР», размаўляў зь кімсьці па рацыі. Нарэшце атрымаў каманду адпусьціць затрыманых.

Так быў уратаваны архіў Ларысы Геніюш, які яшчэ пры жыцьці паэткі не даваў сяму-таму спакою. Сем мяхоў з рукапісамі былі дастаўленыя ў Менск і здадзеныя ў Акадэмічную бібліятэку. Сёньня Геніюшаўскі фонд 31 — адзін з самых багатых пісьменьніцкіх архіваў у Беларусі. Праўда, доступ да яго зь нядаўняга часу абмежаваны, што вельмі засмучала Адама Восіпавіча».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мальдзісава адказнасьць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы ўзнагародзіў знакамі «Bene merito» Адама Мальдзіса і Валера Каліноўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР узнагародзіла мэдалём у гонар 100-годзьдзя рэспублікі