Рада БНР абвясьціла пра ўзнагароджаньне мэдалём у гонар стагодзьдзя Беларускай Народнае Рэспублікі. Адпаведны дэкрэт падпісала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
Як паведамляецца на сайце Рады БНР, мэдаль быў зацьверджаны ў дні сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і «уручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледаваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».
Мэдалём узнагароджаныя больш за 130 асобаў зь Беларусі і замежжа. Паведамляецца, што ўручэньне ўзнагародаў адбудзецца на працягу 2019 году.
У паведамленьні гаворыцца, што сярод узнагароджаных мэдалём – першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэйвід Сўорц і амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, палітыкі і грамадзкія дзеячы, вэтэраны беларускага незалежніцкага руху і палітычныя вязьні, дасьледчыкі Джым Дынглі, Арнольд Макмілін, Адам Мальдзіс, акадэмік Радзім Гарэцкі, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, стваральнікі эталёну дзяржаўнага гербу «Пагоня» Аляксей Марачкін і Леў Талбузін ды іншыя.