Навіны палітвязьняў: лідэра АГП накіравалі ў Баранавічы, праваабаронца Бяляцкі прастыў

Турма №1 у Горадні

Па стане на 4 студзеня ў Беларусі 968 палітвязьняў.

Старшыня «Вясны» прастыў, чытае Караткевіча і Мележа

Старшыня і заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі даслаў ліст з «Валадаркі», дзе сядзіць амаль паўгода. Ён расказаў, што крыху прастудзіўся, але спадзяецца празь некалькі дзён ачуняць, піша «Вясна».

«Час спыніўся. Я спакойна да гэтага стаўлюся, бо не заўсёды навіны і зьмены вядуць да добрага. Але цяжка ў гэтым выпадку пісаць зьмястоўныя лісты», – паведаміў Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі атрымаў прэмію «Right Livelihood Award», Стакгольм, 3 сьнежня 2020 году

Ён узяў у бібліятэцы трэція тамы Караткевіча і Мележа.

«Але праблема ў тым, што стамляюцца вочы. Улічваючы, што дні кароткія, я чытаю небагата. Максымум 1,5 гадзіны ў дзень», – піша вязень.

Напісаць яму ліст можна па адрасе: 220030 СІЗА №1, Менск, вуліца Валадарскага, 2, Алесю Віктаравічу Бяляцкаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна» заявіла пра атаку ўладаў на сваіх валянтэраў

Лідэра АГП Мікалая Казлова накіравалі ў Баранавічы адбываць арышт

Мікалай Казлоў пачаў адбываць трохмесячны арышт у горадзе Баранавічах, піша «Вясна».

Летась у жніўні Казлова прызналі вінаватым у выдаваньні дадзеных у крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады (ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэксу). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Мікалай Казлоў

Раней Казлоў некалькі разоў адмаўляўся даваць падпіску аб невыдаваньні пасьля допытаў у сьледчым камітэце. За гэта яго ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці.

Напісаць Мікалаю Казлову можна па адрасе: 225320, СІЗА №6, горад Баранавічы, вуліца Берасьцейская, 258В, Казлову Мікалаю Георгіевічу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня АГП Казлоў перад арыштам: Сорамна за судовую сыстэму

Журналіст Івашын выйшаў з карцару

Журналіст Дзяніс Івашын у першы дзень году выйшаў з карцару, дзе сустрэў Раство і Новы год. Сваякі яму здолелі перадаць сьвяточную перадачу 3 студзеня, паведаміла жонка вязьня Вольга Івашына.

Дзяніс Івашын

«Пачуваецца бадзёра, упэўнена. Напісаў скаргу на ўдзельнікаў катаваньняў супраць яго», — напісала Вольга Івашына ў Facebook.

Напісаць яму ліст можна па адрасе: 230023, турма №1, Горадня, вуліца Кірава, 1, Івашыну Дзянісу Яўгенавічу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Баярскага этапуюць у Магілёў, Івашына наведаў доктар, Дзядка прызналі «схільным да суіцыду», +3 новыя палітвязьні

Філёзафу Мацкевічу працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай

Філёзафа і мэтадоляга, грамадзкага дзеяча Ўладзімера Мацкевіча пакінулі за кратамі яшчэ на месяц — да 4 лютага, паведамляецца на старонцы Фэйсбуку @philosopher.in.prison, прысьвечанай Уладзімеру Мацкевічу, якую вядуць ягоныя паплечнікі.

Уладзімер Мацкевіч

Мацкевіча затрымалі 4 жніўня. У той жа дзень супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі правялі ў яго ператрусы праз падазрэньне ў арганізацыі або ўдзеле ў дзеяньнях, якія парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 КК). Пазьней стала вядома, што артыкулы зьняволенага філёзафа правяраюць «на прыкметы распальваньня варожасьці». Праваабаронцы мяркуюць, што абвінавачаньне хочуць пашырыць ці перакваліфікаваць.

Напісаць яму ліст можна па адрасе: 220030 СІЗА №1, Менск, вуліца Валадарскага, 2, Мацкевічу Ўладзімеру Ўладзімеравічу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Філёзаф Мацкевіч з-за кратаў: «Дзе Лукашэнка — там канфлікт, крызіс і рэпрэсіі»