Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Баярскага этапуюць у Магілёў, Івашына наведаў доктар, Дзядка прызналі «схільным да суіцыду», +3 новыя палітвязьні

абноўлена

Арцём Баярскі
Арцём Баярскі

На 30 сьнежня ў Беларусі 970 палітвязьняў. Іх колькасьць расьце амаль штодня.

Сёньня беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ траіх чалавек:

  • Мікалай Брэдзелеў — кіраўнік упраўленьня сувязяў з грамадзкасьцю кампаніі A1, затрыманы 10 сьнежня і асуджаны на адміністрацыйны арышт. Яго надалей трымаюць у ізалятары, на сёньня зьвестак пра ягоны працэсуальны статус няма.
  • Анатоль Шаўковіч, стаў папулярным пасьля сваёй заявы пра любоў да белага і чырвонага колераў і «памідораў са сьмятанай» у відэароліку МУС; затрыманы 11 лістапада, неаднаразова караны адміністрацыйным арыштам;
  • Тацяна Батура, затрыманая 15 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе, куды хацела трапіць на першы судовы працэс у справе палітзьняволенай Вольгі Залатар. Тацяна пацярпела ад жорсткага абыходжаньня, яе тройчы запар асудзілі на адміністрацыйны арышт.

Агулам на 30 сьнежня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўжо 970 чалавек.

Этап у час хваробы

Палітзьняволенага Арцёма Баярскага этапуюць у Магілёў, нягледзячы на праблемы са здароўем. Стала вядома, што 20-гадовы палітвязень перад гэтым захварэў — хлопец дрэнна пачуваецца, трымаецца тэмпэратура, ён перастаў адчуваць пахі. Раней Свабода паведамляла, што ў Арцёма 4 месяцы не спыняецца кашаль.

Нягледзячы на тое, што лекар прапісаў Баярскаму пасьцельны рэжым, Арцёма зараз этапуюць у магілёўскую турму.

Студэнта-хіміка Арцёма Баярскага асудзілі на 5 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ягоны перасьлед вызналі палітычна матываваным.

Лекар у карцары

Як адзначае жонка палітзьняволенага журналіста Дзяніса Івашына Вольга Івашына, пасьля «ўзьняцьця вэрхалу» ў прэсе аб стане Дзяніса да яго нарэшце прыйшоў доктар. Пры гэтым Івашына па-ранейшаму трымаюць у карцары.

«Наш ваяр інфармацыйнага фронту фізычна пачуваецца нармалёва. І нават холад ня надта моцна даймае. Апроч іншага, не дакучаюць сукамэрнікі цыгарэтным дымам ды пустымі размовамі. Займае свой вольны час Дзяніс, практыкуючы літаратурныя здольнасьці, складае вершы. І фізычныя практыкаваньні не забывае, бо падтрымліваць форму жаўнер мае заўсёды, каб быць падрыхтаваным у кожны момант да бою», — піша Вольга.

Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году ў Горадні, пасьля чаго зьмясьцілі ў абласную турму № 1. Неўзабаве яго абвінавацілі паводле артыкулу 365 КК («умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных справаў»). У адным з артыкулаў Івашын выкарыстаў апублікаваныя на афіцыйным сайце горадзенскай міліцыі зьвесткі, што стала падставай для затрыманьня. У канцы кастрычніка Івашыну выставілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве» (частка 1 артыкулу 356 КК Беларусі). Цяпер яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

Дзядка паставілі на прафіляктычны ўлік як «схільнага да суіцыду»

Адміністрацыя магілёўскай сьледчай турмы № 4 працягвае ціснуць на палітзьняволенага актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка. Цяпер яго паставілі на прафіляктычны ўлік як «схільнага да суіцыду і членашкодніцтва», паведамляе «Новы час».

Яшчэ 15 сьнежня бацька Мікалая Аляксандар Дзядок расказаў, што на сына складаюць рапарты за парушэньні, якіх ён не рабіў, а таксама адмаўляюць у аказаньні мэдычнай дапамогі.

«На наступны дзень пасьля спатканьня з бацькам мяне паставілі на прафіляктычны ўлік як „схільнага да суіцыду і наўмыснага калецтва“ — за тое, што 6 гадоў таму я парэзаў рукі і жывот у ШЫЗА ў Горках. Падумалася, што раней наша пакаленьне зьбірала фішкі, маркі і налепкі, а цяпер — прафулікі. Засталося яшчэ сем (усяго 10 катэгорый) — і будзе поўны камплект. Толькі для гэтага трэба будзе пачаць зьбіраць абшчак і гуляць у азартныя гульні», — напісаў Дзядок з турмы.

У Магілёў Дзядка перавялі 22 лістапада. Мікалаю Дзядку прысуд ужо агучылі, але ён яшчэ не ўступіў у законную сілу. Таму пакуль на палітвязьня распаўсюджваюцца правілы, якія тычацца абвінавачаных, а не асуджаных. Разгляд апэляцыйных скаргаў Мікалая адбудзецца 25 студзеня ў 9:30 у Вярхоўным судзе.

10 лістапада анархіста, блогера і аўтара «Новага часу» Міколу Дзядка пакаралі 5 гадамі калёніі.

Зноў ня выйшла на свабоду

Пасьля 45 сутак арышту на волю не выйшла Тацяна Батура, якую затрымалі 15 лістапада перад судом над палітзьняволенай Вольгай Залатар. Блізкія чакалі яе дзьве гадзіны, але яе так і не вызвалілі, паведамляюць праваабаронцы.

Пасьля неаднаразовых зваротаў маці да супрацоўнікаў турмы на Акрэсьціна яны адказалі, што Тацяну ўжо нібыта вызвалілі. Паводле праваабаронцаў, апошнім часам такое «вызваленьне» азначае, што па выхадзе яе сустрэлі супрацоўнікі Фрунзенскага РУУСа і адвезьлі на «прафіляктычную гутарку». У Фрунзенскім РУУСе блізкія даведаліся, што на Тацяну складзены ўжо чацьвёрты запар пратакол, але па якому артыкулу — невядома. Меркавана, заўтра над дзяўчынай адбудзецца суд.

На першым судзе Тацяна заявіла пра зьбіцьцё ў Фрунзенскім РУУСе — яе ўдарылі галавой аб шафу, у бальніцы ёй дыягнаставалі ўдар галавы. Каля месяцу Батуру ўтрымлівалі ў карцэры, таму яна трымала галадоўку 5 дзён. Сёньня Тацяну прызналі палітзьняволенай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG