Асуджаную на 4 гады зьняволеньня Вольгу Залатар перавялі зь менскага СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў сьледчы ізалятар Гомля. Інфармацыя пра гэта зьявілася ў суполцы «Письма Солидарности Беларусь 2020» на Facebook.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маім апошнім словам будзе „свабода“». Натхняльныя і пранізьлівыя апошнія словы палітвязьняўМаці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар затрымалі ў пасёлку Ждановічы ў канцы сакавіка. У той жа дзень дома ў Вольгі прайшоў ператрус, яе мужа арыштавалі на 10 сутак. Саму жанчыну перавялі ў СІЗА-1 Менску і празь некалькі дзён абвінавацілі ў «арганізацыі і навучаньні дзеяньням, скіраваным на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
Падчас допытаў Вольга заявіла, што ў дзень затрыманьня 18 сакавіка да яе ўжывалася фізычная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках, шыі і ягадзіцах, але экспэрты агледзелі Вольгу ў ізалятары толькі больш як праз два тыдні пасьля затрыманьня. Сьледчы камітэт адмовіў Залатар у завядзеньні справы на ГУБАЗіК за катаваньні.
Суд у справе Вольгі Залатар пачаўся ў Гарадзкім судзе Менску раніцай 15 лістапада, жанчына правяла ўжо 8 месяцаў за кратамі. Ёй выставілі абвінавачаньне паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. На пачатку працэсу Вольга Залатар заявіла, што не прызнае сваёй віны па ніводным з артыкулаў абвінавачваньня.
3 сьнежня судзьдзя Анастасія Папко прызнала Вольгу вінаватай у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, арганізацыі і навучаньні дзеяньням, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ў пасобніцтве, і пакарала 4 гадамі пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: сяброўку Вольгі Залатар пакаралі карцэрам, затрымалі футбаліста Яўгена Вяроўку
68-гадовай палітзьняволенай не аказваюць мэдычнай дапамогі ў віцебскім СІЗА
Былая настаўніца, 68-гадовая Эма Сьцепулёнак, якая ў зьняволеньні амаль 100 дзён, нядаўна даслала ліст з-за кратаў. У ім, сярод іншага, паведаміла, што ёй у віцебскім СІЗА не аказваюць мэдычнай дапамогі. З прычыны моцных скачкоў ціску яна падала 3 заявы на прыём да тэрапэўта, аднак станоўчага адказу так і не атрымала.
Сьцепулёнак у лісьце таксама падзякавала неабыякавым людзям за падтрымку і адзначыла, што ў Беларусі ў яе няма родных і сяброў.
Эму Сьцепулёнак затрымалі 29 верасьня 2021 году ў Мёрах па крымінальнай справе, заведзенай за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара.
На дадзены момант ёй прад’вілі абвінавачаньні па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «распальваньне сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК).
Пінскі палітвязень Ігар Салавей сустракаў Новы год у ШЫЗА
Як стала вядома Свабодзе, 38-гадовы сябра руху «За свабоду» Ігар Салавей, асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Новы год сустракаў у ШЫЗА. Прычына, па якой яго туды зьмясьцілі, невядомая.
Палітзьняволены Ігар Салавей — адзін з 26 асуджаных па так званай «пінскай справе». Усіх іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году і пакаралі зьняволеньнем ад 4 да 6,5 года.
Свой тэрмін Ігар адбывае ў бабруйскай калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Баярскага этапуюць у Магілёў, Івашына наведаў доктар, Дзядка прызналі «схільным да суіцыду», +3 новыя палітвязьні