Канцэнтрацыя расейскіх войскаў ля межаў Украіны і ў Крыме «дасягае беспрэцэдэнтных памераў» — аналітыкі Conflict Intelligence Team

Спадарожнікавы здымак расейскага вайсковага лягеру ля межаў Украіны, у Варонескай вобласьці. Архіўны здымак, красавік 2021 г.

Аналітыкі Conflict Intelligence Team (CIT) прыйшлі да высновы, што ў сьнежні канцэнтрацыя расейскіх войскаў ля межаў Украіны і ў акупаваным Расеяй Крыме працягвалася, а агульная колькасьць вайсковай тэхнікі ў гэтых раёнах, «імаверна, перавысіла красавіцкія лічбы».

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным 30 сьнежня.

«У адкрытых крыніцах мы бачым, як растуць ужо адкрытыя лягеры, зьяўляюцца новыя, пашыраецца колькасьць тэхнікі: да танкаў і самаходных установак дадаліся зэнітныя ракетныя комплексы. Акрамя таго, узмацнілася супрацьдзеяньне збору інфармацыі аб перасоўваньні частак», — адзначаюць аналітыкі.

Пры гэтым яны лічаць, што «рыхтаваньне да апэрацыі (магчымага ўварваньня расейскіх войскаў на падкантрольную ўраду частку Ўкраіны) не завершанае, і калі яно пачнецца, то ня будзе такім маштабным, як некаторыя аналітыкі і публіцысты дапускаюць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў, што вайскова-тэхнічны адказ Расеі на адмову разглядаць яе прапановы ЗША і NATO можа быць «розным»

Экспэрты CIT зьвязваюць гэтыя высновы з адносна невялікай колькасьцю дэсантных падразьдзяленьняў.

Па-другое, паводле ацэнак Украіны, колькасьць расейскіх вайскоўцаў у памежнай зоне (у апошнія дні лічбы складалі каля 100-120 тыс. вайскоўцаў), нават зь улікам «узброеных сілаў» так званых «ЛНР» і «ДНР» ( да 35 тысяч чалавек) — гэта крыху менш, чым агульная колькасьць Сухаземных войскаў Украіны мірнага складу (да 169 тысяч чалавек) і Нацыянальнай гвардыі Украіны (50 тысяч на 2017 год). Варта мець на ўвазе, што ў ацэначную колькасьць расейскіх вайскоўцаў, праўдападобна, уваходзяць вайсковаабавязаныя, якія праходзяць службу паблізу ўкраінскай мяжы, але наўрад ці будуць удзельнічаць у апэрацыях ва Украіне", — гаворыцца ў аналізе.

Акрамя таго, аналітыкі ня бачаць прыкметаў масавай мабілізацыі ў Расеі.

  • Злучаныя Штаты і Захад мяркуюць, што Расея, магчыма, рыхтуецца да нападу на Украіну, таму яна сканцэнтравала каля 100 тысяч вайскоўцаў каля сваёй мяжы з Украінай.
  • Расейскі бок адхіляе паведамленьні аб магчымым вайсковым уварваньні ва Ўкраіну. З словаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, Масква займае абарончую пазыцыю, баючыся, што Кіеў занадта набліжаецца да NATO.