З 8 сьнежня ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства адукацыі № 243, якая мяняе правілы прыёму ў ліцэі, піша dev.by.
Іспыты ва ўсе ліцэі будуць праходзіць у аднолькавыя тэрміны — з 16 чэрвеня па 1 ліпеня. Раней іх праводзілі з 16 да 21 чэрвеня, а Ліцэй БДУ мог праводзіць іспыты раней, з 10 да 31 траўня.
Цяпер іспыты будуць адбывацца толькі ў пісьмовай форме. Раней дапускалася вусная, а таксама спалучэньне вуснай і практычнай формаў. Заданьні і крытэры для ацэнкі іх выкананьня будзе распрацоўваць Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ). Раней іх рыхтавалі аддзелы адукацыі аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму, а для ліцэю БДУ — сама ВНУ.
Залічваць у ліцэі будуць толькі тых, хто атрымае станоўчыя адзнакі — ад 6 балаў і вышэй. Раней гэта не рэгулявалася і тэарэтычна можна было паступіць, маючы адзнаку па нейкім з іспытаў, ніжэйшую за 6 балаў.
Таксама ў пастанове адзначаецца, што ліцэі змогуць арганізаваць дадатковы прыём навучэнцаў 11-17 жніўня, калі застануцца вольныя месцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі ліцэй № 2, які спрабавалі абараніць бацькі вучняў, усё ж закрываюць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь выключылі з працоўнай групы Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі