Фанаты менскага футбольнага клюбу «Дынама» выступілі з заявай, паведамляе Tribuna.com.
Пункты заявы наступныя:
- Байкот усіх матчаў клюбу на тэрыторыі Беларусі ў сувязі з палітычнай абстаноўкай у краіне. На звычайную трыбуну таксама хадзіць нельга.
- Разрыў хаўрусу з фанатамі маскоўскага ЦСКА.
- Забарона любых боек з апанэнтамі на тэрыторыі Беларусі.
- Фанаты кіеўскага «Дынама» і іх хаўрусьнікі больш ня ворагі.
- Усе банэры, атрыбутыка, майкі, кепкі, стыкеры адгэтуль толькі на беларускай мове.
- Забарона любой сымболікі з камуністычнымі выявамі і савецкім падтэкстам.
Актыўныя заўзятары пачалі байкатаваць футбольныя матчы яшчэ ў другой палове 2020 году. Тады фанаты шэрагу камандаў усіх беларускіх лігаў перасталі вывешваць банэры і зьбірацца на адным канкрэтным сэктары дзеля падтрымкі камандаў.
Летась у канцы сэзону актыўнай падтрымкі ня меў амаль ніхто.
У канцы лютага 2021 году шэраг беларускіх футбольных ультрас абвясьцілі байкот матчаў з палітычных прычынаў. Актыўныя заўзятары клюбаў найвышэйшай беларускай лігі «Дынама» (Берасьце), «Нёман» (Горадня), «Слуцак», БАТЭ (Барысаў) заявілі, што актыўныя фанацкія сэктары камандаў будуць адсутнічаць як на хатніх, так і на гасьцявых матчах «да поўнай перамогі народу». Да байкоту таксама далучыліся фанаты жодзінскага «Тарпэда-БелАЗ», сталічных «Менску» і «Тарпэда», «Шахтара», «Віцебску» і «Маладэчна».
Пасьля гэтага наведвальнасьць беларускага футбольнага чэмпіянату ўпала больш чым удвая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступствы байкоту заўзятараў. Наведвальнасьць беларускага футбольнага чэмпіянату ўпала больш чым удвая ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяцёра гульцоў ФК «Гомель» паведамілі, што кіраўніцтва клюбу выдала крытыку ў бок фанатаў за агульную пазыцыю каманды ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даклад аб парушэньнях у фэдэрацыі футболу Беларусі: дамоўныя матчы, палітычны ціск, «кішэнныя» судзьдзі