У інтэрвію карэспандэнту тэлеканалу «Настоящее время» Лізавеце Стрый ён расказаў, чаму ва Ўкраіне перакананыя ў тым, што галоўная мэта Крамля цяпер — дамагчыся перамоваў з ЗША, і чаму папраўдзе супрацьстаіць Украіна.
— Вялікай навалы расейскіх войскаў мы не назіраем. Ёсьць пэўныя перамяшчэньні войскаў, але для нас гэта не крытычна. Для поўнамаштабнага ўварваньня трэба, каб іх было прынамсі ў тры, чатыры, пяць разоў — нашмат больш, чым ёсьць на сёньня. Але ці існуе пагроза? Вядома, для нас існуе пагроза ўвесь час, мы з гэтай пагрозай жывём ужо 7 гадоў, і для нас не навіна, што расейскія войскі знаходзяцца на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей. Менавіта яны вядуць вайну супраць нашай краіны. Калі б іх там не было, пытаньне Данецкай і Луганскай абласьцей было б даўно закрытае. Участкі, дзе ёсьць найбольшая небясьпека, ёсьць у раёне Марыюпалю, такія ўчасткі ёсьць у раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей.
Ёсьць складанае пытаньне, зьвязанае з Крымам. Пасьля таго як Пуцін захапіў Крым, яму трэба гэтую сытуацыю зафіксаваць. Для гэтага ён хоча, каб нашая краіна спыніла існаваньне ў тых межах, у якіх яна існуе сёньня. Гэта для яго заданьне нумар адзін — з дапамогай унутранай дэстабілізацыі дабіцца, каб краіна развалілася на дзьве-тры часткі. Гэта тое, да чаго імкнецца Пуцін. І менавіта з дапамогай унутранай дэстабілізацыі. Калі ён гэтага ня зможа, тады, як варыянт, можа выкарыстоўвацца зброя, але мы да гэтага гатовыя.
— Раней амэрыканская прэса пісала аб пагрозе ўварваньня ў канцы студзеня – лютым. Цяпер, калі Вашынгтон і NATO пагадзіліся размаўляць з Масквой, пагроза ўварваньня ўсё роўна застаецца?
— Пагроза ў нас застаецца заўсёды, яшчэ раз падкрэсьліваю. Іншая рэч, што зараз пытаньне паднялося на вельмі высокі ўзровень. Вельмі шмат краін узялі на сябе абавязаньне ў выпадку, калі Расейская Фэдэрацыя ажыцьцявіць уварваньне, даць адэкватны адказ. Мы вельмі хацелі б, каб адказ быў загадзя, каб не было ўжо па факце, як гэта было ў пытаньні Крыму.
— Мы ж бачым нейкую дынаміку, войскаў становіцца штораз больш. Ці ёсьць нейкія прагнозы?
— Калі мы кажам, што войскаў становіцца штораз больш, трэба разумець, наколькі больш. Калі было 90 тысяч, а стала 100 тысяч — гэта не павелічэньне. Гэта не настолькі крытычна, як ёсьць на сёньня. Яшчэ раз падкрэсьліваю: Расейская Фэдэрацыя дабілася таго, чаго яна хацела — прамых перамоваў са Злучанымі Штатамі. Расея гэтае пытаньне вырашыла. Цяпер, калі яна аб’явіла фактычны ўльтыматум Злучаным Штатам, краінам NATO, будзем назіраць, як будуць разьвівацца гэтыя падзеі.
Сытуацыя на тэрыторыі Расеі вельмі складаная. Каб утрымліваць унутраную сытуацыю, патрэбен вонкавы вораг. У Савецкім Саюзе гэта былі Злучаныя Штаты, так званы Захад, яны ўвесь час ім палохалі. Пасьля 1991 году спачатку гэта было Прыднястроўе — там яны навыраблялі, потым была Грузія ў 2008 годзе, цяпер гэта мы. Палохаюць вонкавым агрэсарам, тым, чаго няма. Наша краіна ніколі не нападала на Расею. Вось расейцы ўвесь час знаходзяцца ў стане вайны, бо, калі яны ня будуць у ім знаходзіцца, само існаваньне Расейскай Фэдэрацыі можа быць вельмі складаным. Сытуацыя зьвязаная з тым, што мусульманскі сьвет цісьне на Расейскую Фэдэрацыю. Там могуць адбывацца розныя працэсы. Я больш чым упэўнены, што мы неўзабаве ўбачым вольную Ічкерыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што зь беларускага экспарту ва Ўкраіну трапіць налета пад абмежаваньні?У нас дастаткова зброі, каб сустрэць ворага. Іншая рэч, што, калі будзе шырокамаштабнае ўварваньне, калі будзе залучана авіяцыя, іншыя інструмэнты ўплыву, гэта для нас будзе пэўным выклікам. Але я ўпэўнены, што мы будзем абараняць сваю краіну, гэта нашая зямля, і мы адсюль нікуды сыходзіць не плянуем. І заявы, што нас не існуе, што мы нейкая недадзяржава, і падобныя, якія апошнім часам чамусьці ўсё часьцей робіць Пуцін, — гэта пытаньні не да нас, а да яго. Нават зараз мы з вамі маем зносіны, я маю зносіны на нашай дзяржаўнай мове, я ўпэўнены, што ня ўсе расейцы разумеюць, што я кажу.
— Нашы карэспандэнты былі на трэнаваньні тэрытарыяльнай абароны. Там хлопцы трэнуюцца часам з драўлянымі аўтаматамі. Скажыце, ці будуць узбройваць атрады тэрытарыяльнай абароны? Калі так, дык калі?
— Давайце адразу дамовімся, што тое навучаньне, якое праходзіць тэрабарона, адбываецца ў адпаведнасьці з нормамі і правіламі, якія сёньня існуюць. У нас больш чым дастаткова зброі для тэрытарыяльнай абароны. Ці хопіць яе на ўсіх? Хопіць. Ці патрэбна нам дапамога? Патрэбна. Што да навучаньня, у нас вельмі шмат аматарскіх груп, якія самастойна праводзяць навучаньне, вывучку, мы вельмі гэтаму радыя, бо, паводле апошніх апытаньняў, больш за 50% грамадзян гатовыя абараняць нашу краіну. Зь іх 35% гатовыя адразу ўзяць у рукі зброю. Заданьне дзяржавы — забясьпечыць, каб гэтая зброя ў іх была.
Я хачу, каб мы разумелі: калі ў нашай краіне ўзьнікаюць пагрозы, усе абʼядноўваюцца, нягледзячы на тое, што мы розныя па палітычных матывах, па іншых. Але калі будзе ісьці размова аб нашай дзяржаве, усе абʼяднаюцца.
Што да вайсковага складніка, гэта публічная інфармацыя. У нас 261 тысяча вайскоўцаў пачынаючы з 1 студзеня — склад нашых Узброеных сіл. Але мы маем на ўвазе, што яшчэ ёсьць сэктар бясьпекі і абароны. І агульная колькасьць сэктару сягае каля мільёна чалавек. Ёсьць нашая грамадзянская супольнасьць, якая сапраўды гэтаксама паўстане на абарону нашай краіны. І іх мільёны. Ці патрэбна нам зараз дапамога? Так, патрэбна. І мы зьвяртаемся да нашых краін-партнэраў па гэтую дапамогу. Ці атрымліваем мы гэтую дапамогу? Так, атрымліваем. Ці дастаткова яе? Мы б хацелі, каб яе было нашмат больш. Але калі ня будзе такой дапамогі, у нас хопіць разуменьня, якім спосабам даваць агрэсару адпор.
Мы пэрыядычна ад ЗША, ад іншых дзяржаваў атрымліваем дапамогу. Але ў выпадку абвастрэньня нам трэба будзе яе нашмат больш. І ўсе партнэры нам паабяцалі, што яны адразу гэта зробяць. Мы б хацелі, каб дапамогу далі ўжо зараз. Але ёсьць сытуацыя: «Давайце ня будзем правакаваць Пуціна». Але яго ня трэба правакаваць. Ён сам сабе можа прыдумаць што заўгодна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пакінулі авіяносец у Міжземным моры з прычыны крызісу вакол Украіны