Якія зьмены сыстэмы ўлады прадугледжвае афіцыйны праект Канстытуцыі, апублікаваны сёньня? Ці прадугледжвае гэты праект транзыт улады? Навошта спатрэбілася надаваць уладныя паўнамоцтвы Ўсебеларускаму народнаму сходу? Наколькі ў праекце збалянсаваная ўлада прэзыдэнта і УНС?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць прадстаўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, былы супрацоўнік адміністрацыі прэзыдэнта Арцём Праскаловіч і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч.
Праскаловіч
- Праект прадугледжвае новыя выбары ў парлямэнт і мясцовыя саветы ў лютым 2024 году.
- Пасьля гэтага будзе адбывацца фармаваньне УНС.
- У праекце ёсьць норма, што ўсе службовыя асобы, якія займаюць пасады на момант уступленьня ў дзеяньне Канстытуцыі, захоўваюць іх да завяршэньня паўнамоцтваў.
- Іншымі словамі, датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў не прадугледжана, наступныя прэзыдэнцкія выбары будуць у 2025 годзе.
Карбалевіч
- Калі палітычныя зьмены і адбудуцца, то ня ў сувязі з рэфэрэндумам і новай Канстытуцыяй.
- Апублікаваны праект ня даў адказу на фундамэнтальнае пытаньне — навошта Лукашэнку спатрэбілася гэтая канстытуцыйная рэформа?
- Меркавалася, што рэформа стане часткай транзыту ўлады.
- У апошнія тыдні стала зразумелым, што Лукашэнка ня хоча ніякага транзыту ўлады.
- Гэта тлумачыць, чаму так доўга цягнулі з публікацыяй праекту.
- Паводле праекту частка паўнамоцтваў прэзыдэнта скарачаецца, частка перадаецца УНС.
- У пераходных палажэньнях адзначана, што старшынём УНС можа быць абраны дзейны прэзыдэнт.
- Іншымі словамі, Лукашэнка можа захаваць паўнамоцтвы, але ў дзьвюх іпастасях.
- У руху мяняліся функцыі праекту.
- Палажэньне, што адна асоба ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш чым двойчы, пачынае адлік з выбараў новага прэзыдэнта ў 2025 годзе.
- Лукашэнка пры жаданьні можа яшчэ двойчы абірацца прэзыдэнтам.
- Раней ён казаў, што новая Канстытуцыя — для новага прэзыдэнта. Тады навошта гэты пункт?
Праскаловіч
- Паводле праекту Лукашэнка можа быць прэзыдэнтам да 2035 году, а можа перасесьці ў крэсла старшыні УНС, абараняючы сябе нормай аб імунітэце за дзеяньні, учыненыя на пасадзе прэзыдэнта.
- Лукашэнка пакуль ня вызначыў, кім ён бачыць сябе пасьля 2025 году.
- Да 2025 году ён нічога вырашаць ня будзе.
- Перад паездкай Лукашэнкі ў Маскву 29 сьнежня быў апублікаваны сыры праект.
- Магчыма, потым па выніках «усенароднага абмеркаваньня» ў праект могуць унесьці зьмены, наконт якіх Лукашэнка і Пуцін дамовяцца.
- Невідавочна, што прапанаваную схему вынесуць на рэфэрэндум.
Карбалевіч
- Лукашэнка ў верасьні 2020 году ў Сочы абяцаў Пуціну зусім іншае — што ён ажыцьцявіць транзыт улады і сыйдзе.
- Супярэчнасьці паміж Крамлём і Лукашэнкам выплюхнуліся на паверхню, калі Пуцін прапанаваў Лукашэнку пачаць дыялёг з апазыцыяй.
- Але цяпер рэзка абвастрыліся адносіны Расеі з Захадам.
- Пры гэтай эскаляцыі Лукашэнка патрэбны Пуціну — як адзіны хаўрусьнік у канфлікце з Захадам і з Украінай і як палітык, які можа пераступіць любыя «чырвоныя лініі».
- Таму, мяркую, Пуцін пагодзіцца, каб Лукашэнка застаўся.
Праскаловіч
- Як сказаў Міхаіл Кірылюк, ва ўсім сьвеце ёсьць тры галіны ўлады, а ў нас будзе і чацьвёртая.
- Калі б тыя паўнамоцтвы, якія ў праекце перадаюцца УНС, перадаваліся парлямэнту, тады б парлямэнт стаў рэальнай супрацьвагой прэзыдэнту.
- А Сходам кіраваць значна прасьцей, прасьцей, чым парлямэнтам.
- Калі з праекту выключыць УНС, то праекту новай Канстытуцыі фактычна няма.
- Усе астатнія зьмены абсалютна касмэтычныя.
- Ад пачатку гэта бачылася як транзыт у крэсла старшыні УНС.
Карбалевіч
- Канструкцыя УНС засталася, але пляны памяняліся.
- Лукашэнка захоўвае за сабой розныя магчымасьці: ён можа і датэрмінова сысьці з пасады прэзыдэнта, можа балятавацца яшчэ двойчы.
Праскаловіч
- Лукашэнка і раней казаў, што варта неяк падвысіць ролю УНС.
- Але юрысты гэтую ідэю не распрацоўвалі, бо ўсе разумелі, што са Сходу немагчыма стварыць паўнавартасны орган улады з уласнымі кампэтэнцыямі, які б убудоўваўся ў сыстэму дзяржаўнага кіраваньня.
- Акрамя таго, што гэта месца для пэнсіі Лукашэнкі, ніякага рацыянальнага юрыдычнага сэнсу гэты орган ня мае.
- Гэта вяртаньне да зьездаў КПСС.
Карбалевіч
- Калі прэзыдэнтам будзе не Лукашэнка, то можа ўзьнікнуць раскол элітаў, канкурэнцыя двух цэнтраў.
- Але гэта неабавязкова. У Расеі падчас «тандэму» — прэзыдэнцтва Мядзьведзева — ніякага расколу не адбылося.
Праскаловіч
- У праекце захоўваюцца паўнамоцтвы прэзыдэнта прызначаць судзьдзяў агульных судоў.
- А старшыняў судоў будзе прызначаць УНС.
- Гэта вельмі своеасаблівая рэалізацыя прынцыпу канстытуцыйных стрымліваньняў і процівагаў.
- У праекце так і не рашыліся ўвесьці пасаду ўпаўнаважанага ў правах чалавека.
Што было раней
- Праект зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю Беларусі зьявіўся ў інтэрнэце, на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА.
- Праект замацоўвае статус Усебеларускага народнага сходу як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі. Сярод іх:
- Усебеларускі народны сход зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
- зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- прапануе зьмены і дапаўненьні ў Канстытуцыю;
- прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
- прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо учыненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
- Артыкул 143 у частцы прэзыдэнцкіх абавязкаў выглядае так: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу з дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта».