Аб гэтым дыплямат сказаў у эфіры ўкраінскага тэлеканалу «НАШ», камэнтуючы выказваньні Лукашэнкі аб прызнаньні Крыму «расейскім».
«Пазыцыя прэзыдэнта (краіны Захаду не прызналі перамогу Лукашэнкі. — РС) Рэспублікі Беларусі будзе залежаць ад пазыцыі Ўкраіны. Мы бачым, што Ўкраіна за апошнія паўтара года цалкам радыкалізавалася ў адносінах да Рэспублікі Беларусі, таму ўсе наступныя дзеяньні прэзыдэнта (...) будуць крокамі ў адказ на дзеяньні ўкраінскай улады», — заявіў Сокал.
Ён дадаў, што Беларусь «ніколі ня ставіла пад сумненьне тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт Украіны, але трэба зыходзіць з рэальнай палітыкі».
«Прызнае Аляксандар Рыгоравіч або не прызнае, паедзе ён туды (у Крым. — РС) або не паедзе — гэта залежыць толькі ад дзеяньняў украінскай улады», — сьцьвярджае Сокал.
30 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «Крым дэ-факта і дэ-юрэ стаў расейскім» пасьля непрызнанага ААН, ЭЗ, ЗША, Украінай і яе саюзьнікамі «крымскага рэфэрэндуму». Лукашэнка таксама заявіў, што мае намер наведаць Крым і наконт гэтага ёсьць дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Пры гэтым Лукашэнка ўдакладніў, што раней не прызнаваў анэксаваны Крым «расейскім» з прычыны Будапэшцкага мэмарандуму.
4 лістапада Лукашэнка казаў Уладзіміру Пуціну, што хацеў бы наведаць Крым.
У жніўні 2021 года Лукашэнка заяўляў, што прызна́е анэксаваны Крым «расейскім», калі «апошні расейскі алігарх» пачне пастаўляць прадукцыю на паўвостраў.