Як стала вядома Свабодзе, Алега Грузьдзіловіча забралі з дому ў Менску. Затрымлівалі яго людзі ў масках.
Жонка журналіста Мар’яна Грузьдзіловіч паведаміла, што вечарам яе не было дома цягам трох гадзін, а калі яна вярнулася, то заўважыла прыкметы, што Алега затрымалі. Дзьверы не былі выламаныя. Паводле жонкі, у кватэры не было Алегавых ноўтбука і тэлефона, ён не закончыў справы, якія плянаваў, тэлефон не адказваў.
Каля 20 гадзіны жонцы патэлефанаваў сьледчы Коласаў і паведаміў, што Алега Грузьдзіловіча перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. Ён сказаў, што Алег праходзіць па справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў, і мера стрыманьня яму зьмененая на арышт. 24 сьнежня Мар’яна плянуе сустрэцца з адвакатам і аддаць перадачу. За час пасьля папярэдняга арышту ніводнага допыту Алега Грузьдзіловіча не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 фактаў пра затрыманага журналіста Свабоды Алега ГрузьдзіловічаАлег Грузьдзіловіч — падазраваны ў крымінальнай справе «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу). Па гэтым артыкуле прадугледжана пакараньне да чатырох гадоў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістаў Свабоды Студзінскую і Грузьдзіловіча выпусьцілі пасьля 10 дзён зьняволеньня і галадоўкі. На волі і Ігар Ільяш з БелсатуСёлета першы раз Грузьдзіловіча разам зь яшчэ двума вэтэранамі Свабоды Інэсай Студзінскай і Алесем Дашчынскім затрымалі 16 ліпеня. У рэдакцыі Свабоды правялі ператрус. Цягам дзесяці дзён іх выпусьцілі.
Грузьдзіловіч тады адмовіўся даваць паказаньні. Пры вызваленьні ён даў падпіску аб яўцы. Тры дні мужчына галадаў за кратамі на знак пратэсту супраць затрыманьня і салідарнасьці зь Інай Студзінскай, якая галадала 9 дзён, з патрабаваньнем дапусьціць да яе адваката.
За кратамі ўжо амаль месяц знаходзіцца фрылянсэр Свабоды Андрэй Кузьнечык, на яго завялі крымінальную справу. Журналіст і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік ўжо паўтара года ў зьняволеньні. Яго асудзілі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
23 сьнежня стала вядома, што беларускія сілавікі прызналі Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаваны журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык пра 5 прычынаў заставацца ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі прызналі Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем». Рэакцыі нашых чытачоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабода запусьціла набор калядных стыкераў у TelegramПерасьлед журналістаў Свабоды
25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах затрымалі журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Абвінавачаньні выставілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. У канцы чэрвеня 2020 году яго прызналі палітвязьнем.
14 сьнежня 2021 году Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму.
Летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўсіх журналістаў Радыё Свабода, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.
16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іны Студзінскай, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.
Іх затрымалі і пакаралі арыштамі на 10 дзён. Нікому з затрыманых ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.
25 лістапада затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, у яго кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы. Пры гэтым сілавікі на некалькі хвілін атрымалі доступ да тэлеграм-каналу Радыё Свабода. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 соднямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу, паводле якога артыкула — невядома.