Абскардзілі прысуд як самі Марыя і Максім, так і іхная абарона.
На паседжаньне нікога не пусьцілі. Падтрымаць Машу і Максіма прыйшлі замежныя дыпляматы, паведамілі ў прэсавай службе Віктара Бабарыкі.
Вярхоўны суд пакінуў выракі ў сіле, паведаміў @sputnikby.
6 верасьня Менскі абласны суд асудзіў Марыю Калесьнікаву на 11 гадоў калёніі агульнага рэжыму, а Максіма Знака, юрыста штабу Віктара Бабарыкі, — на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта спробу дзяржаўнага перавароту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава ў інтэрвію з турмы: «Рэжым абраў для Беларусі шлях у нікуды»Пасьля прысуду Марыя Калесьнікава ад рукі напісала апэляцыйную скаргу на 70 аркушоў і падчас спатканьня з бацькам патлумачыла рашэньне напісаць скаргу такім чынам:
«41 том крымінальнай справы аказаўся бяз доказаў. Мне стала зразумела, чаму суд быў закрытым. Бо няма доказаў віны. Ніколі ня думала, што здольная напісаць такую апэляцыю. Але мне было, падкрэсьліваю, жыцьцёва важна самой, пункт за пунктам, упэўніцца ў праўным дэфолце. Адсутнасьць права адбіваецца на канкрэтным прыкладзе ходу сьледзтва, суду і прысуду. Я даведалася гэтую праўду, а гаварыць праўду лёгка і прыемна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 штук у дзень. Юрыст Максім Знак напісаў 7 тысяч лістоў з турмыЦяпер Марыя Калесьнікава і Максім Знак рыхтуюцца да этапаваньня ў калёнію, туды іх накіруюць неўзабаве.
Калесьнікава: «Спрабуюць адабраць усё, што не даадбіралі»
Марыя Калесьнікава расказала з-за кратаў, што думае пра спробы адмежаваць беларусаў ад доступу да незалежных мэдыя.
«Спрабуюць адабраць усё, што не даадбіралі, і забараніць усё, што не забаранілі. „Экстрэмісцкае фармаваньне“ складаецца з прыстойных і паважаных людзей, якіх так баяцца, што забараняюць ім нават мець зносіны адзін з адным», — пракамэнтавала з-за кратаў Калесьнікава.
На ейную думку, зьнішчэньне ўсіх СМІ павернецца супраць улады.
«За вонкавым „штылем“ бура незадаволенасьці і непрыняцьця ўлады не размыецца, а ўлада яшчэ больш перастане разумець, што адбываецца навокал. За гэты час — больш за год — дзяржаўныя мэдыя толькі яшчэ больш запэўнілі мяне, што „бардак і хаос“ асуджаныя на правал. Ім зусім няма чаго прапанаваць сучасным беларусам. А мы ведаем, чаго хочам», — дадала палітзьняволеная.
Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.