Журналіст Арамаіс Мірак’ян апублікаваў словы Андрэя Кузьнечыка, дзе той патлумачыў, чаму застаўся ў Беларусі.
«Менш чым за содні да свайго арышту, уначы, мне напісаў Андрэй Кузьнечык і папрасіў апублікаваць тэкст „Чаму я не зьбіраюся зьяжджаць зь Беларусі“, сказаўшы, што яму вельмі важна, каб ягоная пазыцыя прагучала», — напісаў Мірак’ян у фэйсбуку.
Андрэй Кузьнечык: 5 прычынаў заставацца ў Беларусі
- «Я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе, цяпер мне за 40, але рэч ня ў тым, што позна пачынаць з нуля, рэч у тым, што я не хачу збочваць зь сьцежкі працы на карысьць беларушчыны.
- У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязьніцы прыдуманы тэрмін, чым разьвітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсьці рэпрэсіі).
- Я лічу, што дзеці, узгадаваўшыся ў небеларускім асяродзьдзі, стануць носьбітамі каштоўнасьцяў гэтага асяродзьдзя, а Беларусь — адзінае месца на Зямлі, дзе гэтае асяродзьдзе мы маем, можам ствараць і разьлічваць на яго.
- Я бачу, што суседнія краіны ствараюць свой гістарычны міт на падмурку, часам адрозным і нават супярэчным беларускаму.
- Я бачу, што перад суседнімі зь Беларусьсю краінамі стаяць выклікі, якія могуць запатрабаваць ня меншай ахвярнасьці, чым цяперашняя сытуацыя патрабуе ад беларусаў сёньня».
Журналіст Андрэй Кузьнечык з 25 лістапада знаходзіцца ў зьняволеньні, ён адбыў прынамсі два адміністрацыйныя арышты па надуманных абвінавачаньнях, а 23 сьнежня стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу. Фрылансэр Радыё Свабода стаў чарговай ахвярай масавага перасьледу журналістаў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На арыштаванага журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка завялі крымінальную справуХто такі Андрэй Кузьнечык
Андрэю Кузьнечыку праз тыдзень будзе 43 гады. Ён зь Віцебску, вучыўся ў Ліцэі БДУ. Скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Андрэй жанаты, мае дваіх дзяцей. Журналіст-фрылансэр Радыё Свабода. Да гэтага працаваў у «Нашай ніве» і выданьні «Комсомольская правда в Беларуси».
Андрэй Кузьнечык — заўзяты раварыст, аматар-валянтэр OpenStreetMap. З 2007 году вёў свой пазытыўны беларускамоўны блог, у якім прапагандаваў язду на ровары. У ім ён публікаваў сэрыю допісаў «Кароткі праваднік па менскіх веластаянках» і «Кароткі праваднік па менскіх веладарожках», даваў сваім чытачам розныя парады, прапаноўваў пісаць звароты мясцовым уладам.
Андрэй Кузьнечык сьцьвярджаў, што ровар — такі ж паўнавартасны від гарадзкога транспарту, як аўтобус, тралейбус ці аўтамабіль, і пры гэтым самы зручны.
Сябры Андрэя кажуць, што ён чалавек спагадлівы — шмат дапамагаў з працай сайту Менскага роварнага таварыства, перакладаў матэрыялы на беларускую мову, прычым рабіў гэта з уласнай ініцыятывы. Акрамя таго, калісьці Андрэй стварыў добрую падрабязную карту безбар’ерных роварных маршрутаў, а таксама сам пракладаў маршруты ў Google Maps.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналістыПерасьлед журналістаў Свабоды
25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах затрымалі журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Абвінавачаньні выставілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. У канцы чэрвеня 2020 году яго прызналі палітвязьнем.
14 сьнежня 2021 году Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму.
Летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўсіх журналістаў Радыё Свабода, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.
16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іны Студзінскай, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.
Іх затрымалі і пакаралі арыштамі на 10 дзён. Нікому з затрыманых ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.
25 лістапада затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, у яго кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы. Пры гэтым сілавікі на некалькі хвілін атрымалі доступ да тэлеграм-каналу Радыё Свабода. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 соднямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу, паводле якога артыкула — невядома.
Перасьлед Андрэя Кузьнечыка
- Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
- Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
- Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
- 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
- Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
- 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
- У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.