Экспануюцца фатаздымкі кіеўскіх цэркваў, якія з часам так і не аднавілі, бо на іх месцах савецкая ўлада пабудавала адміністрацыйныя або жылыя будынкі.
«Паводле рознай інфармацыі ў Кіеве зьнішчылі больш як 60 храмаў і цэркваў. З усёй Украіны ня маем агульнай інфармацыі, бо часам рэлігійныя збудаваньні не зьнішчалі, але выкарыстоўвалі не па прызначэньні. Напрыклад, у Чаркаскай вобласьці ў больш як 20 храмах зрабілі калгасныя сховішчы прадуктаў, у шасьці цэрквах змантавалі хлебазаводы, некаторыя храмы сталі клюбамі і гэтак далей. У вялікіх гарадах храмы як сымбаль зьнішчалі, а ў малых гарадах, каб пераканаць сялян, што Бога няма і храм не адыгрывае ніякай ролі, цалкам нівэлявалі сам храм і рабілі зь яго побытавы асяродак або зьберагалі ў ім збожжа», — сказаў Свабодзе адзін з аўтараў выставы, галоўны спэцыяліст Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімір Палішчук.
Выключэньне — Міхайлаўскі сабор. Яго аднавілі ўжо ў часы незалежнасьці Ўкраіны, у 1997–1998 гадах. Гістарычны храм быў створаны ў 1108–1113 гадах, у часе праўленьня полацкага князя Сьвятаполка Ізяслававіча, які ўзышоў на кіеўскі пасад у 1093 годзе. Савецкая ўлада зьнішчыла сабор у 1930-я гады.
У 2013–2014 гадах адноўлены храм стаў прытулкам удзельнікаў акцыяў пратэсту ў Кіеве, калі тагачасная ўлада пайшла на жорсткі сілавы разгон актывістаў, якія пратэставалі супраць яе адмовы ад эўрапейскай інтэграцыі Ўкраіны.
У ноч на 11 сьнежня 2013 году званы Міхайлаўскага сабору ўпершыню за апошнія восем стагодзьдзяў забілі трывогу і сабралі вялікую колькасьць кіяўлян, якія змаглі супрацьстаяць спробе ўнутраных войскаў і спэцпадразьдзяленьняў «зачысьціць» Майдан Незалежнасьці ад удзельнікаў пратэсту. 26 студзеня 2014 году ў саборы адбылася паніхіда па загінулым на Эўрамайдане беларусу Міхасю Жызьнеўскім.
Як расказвае Ўладзімір Палішчук, усе зьнішчаныя бальшавікамі ў Кіеве цэрквы мелі культурна-гістарычную каштоўнасьць.
«Калі бальшавікі пачалі зьнішчаць храмы ў Кіеве, яны тлумачыліся тым, што трэба павялічыць жыльлёвы фонд, будаваць плошчы, новыя праспэкты. Але мэтазгоднасьці зьнішчаць такую колькасьць храмаў не было — ні з архітэктурнага, ні з горадабудаўнічага гледзішча, бо тыя храмы і цэрквы не стаялі на нейкіх важных перакрыжаваньнях ці на вялікіх плошчах, дзе можна было будаваць вялікія жылыя дамы. Гэта было плянамернае зьнішчэньне», — сьцьвярджае Ўладзімір Палішчук.
У 30-я гады мінулага стагодзьдзя побач зь Міхайлаўскім саборам і манастыром знаходзілася Трохсьвяціцельская царква. Пасьля зьнішчэньня храмаў на гэтым месцы бальшавікі плянавалі збудаваць вялікі ўрадавы цэнтар. Але пасьпелі ўзьвесьці толькі адзін будынак у стылі сталінскага ампіру. У савецкія часы ў ім разьмяшчаўся ЦК КП(б) Украінскай савецкай рэспублікі, а цяпер ў ім месьціцца Міністэрства замежных справаў Украіны.
«Трэба шчыра сказаць, што сюды не завозілі зьніадкуль людзей з кувалдамі, якімі разбуралі гэтыя храмы. Разносілі па цаглінцы дзеці і ўнукі тых грамадзян, якія самі хадзілі да гэтых цэркваў яшчэ ўчора і верылі ў Бога», — дадаў гісторык.
У Межыгор’і, якое стала шырока вядомым як прыватная рэзыдэнцыя былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, таксама знаходзіўся вялікі Межыгорскі манастыр. У савецкія часы там разьмяшчаўся мастацка-керамічны тэхнікум, а калі сталіцу Ўкраіны перанесьлі з Харкава ў Кіеў, вырашылі на тым месцы пабудаваць урадавую рэзыдэнцыю. У выніку ўсе манастырскія збудаваньні XVIII–XIX стагодзьдзяў разам зь бясцэннымі іканастасамі зраўнялі зь зямлёй. У 2007-м Віктар Януковіч прыватызаваў гэтую зямлю і пабудаваў там уласны жылы комплекс. Пасьля ягоных ўцёкаў з Украіны рэзыдэнцыю «Межыгор’е» вярнулі ў дзяржаўную ўласнасьць.
Гісторык Уладзімір Палішчук дадаў, што бальшавікі ня толькі нішчылі цэрквы, але вывозілі каштоўнасьці зь іх, каб «падтрымаць маладую савецкую дзяржаву».
«Тонамі вывозілі золата, рызы, каштоўнасьці. І там, дзе цяпер завод „Ленінська кузня“, былі гіганцкія ангары, забітыя рознымі царкоўнымі каштоўнасьцямі. Творы мастацтва там пераплаўлялі ў срэбраныя і залатыя зьліткі, каб адпраўляць у Эўропу ці Амэрыку. Гэта было плянамернае зьнішчэньне пад лёзунгам барацьбы з рэлігіяй і дамінаваньнем царквы. Зьншчалі і цэрквы, і веру», — расказаў прадстаўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці.
Аналягічныя працэсы адбываліся і ў Беларусі. Некаторыя гістарычныя будынкі тут захаваліся толькі на фатаздымках замежных музэяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнікла, але зафіксавана. Страчаная гісторыя Беларусі на здымках салдатаў Германскай імпэрыі