Беларусь выйшла на новы ўзровень перамогі над каранавірусам – цяпер на самаізаляцыю мусіць сыходзіць толькі той чалавек, у якога пацьвердзіўся каранавірус. Усе кантактныя асобы павінны працягваць жыць звычайным жыцьцём – хадзіць на працу, разносіць каранавірус, заражаць навакольных. Вось захварэў ваш муж, зь якім вы жывяце ў адной кватэры і сьпіце ў адным ложку, – і нічога. Вам жа чаго дома сядзець?
Гэтая лёгіка тлумачыцца двума фактарамі. Па-першае, эканамічным: калі асоба ў самаізаляцыі, ёй трэба аплочваць бальнічны, а такія выдаткі ў дзяржавы ну ніяк не ў прыярытэце. Зрэшты, як і здароўе грамадзян. Па-другое, псыхалягічны: Лукашэнка ўжо амаль два гады змагаецца і пэрыядычна перамагае пандэмію, якой быццам бы няма. Вось і зноў перамог! Залішняя сьмяротнасьць, сьведчаньні мэдыкаў пра рэальную сьмяротнасьць ад ковіду ў лякарнях для ўладаў не адыгрываюць вялікай ролі. Лукашэнка сказаў, што ўсё ў парадку, значыць, так і ёсьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: COVID-19. Cкасавалі абавязковую самаізаляцыю кантактаў першага і другога ўзроўняў, а таксама пасьля прыездаў з-за мяжыПаводле новых правілаў, цяпер для кантактаў першага і другога ўзроўню не прадугледжана самаізаляцыя незалежна ад якіх-кольвек сымптомаў у іх. Пэўна, ёсьць тут і трэці фактар – у Беларусі маскі неабавязковыя, і мэдыкі апошнімі тыднямі кажуць пра ўсплёск захворваньняў на грып, асабліва сярод дзяцей. Такім чынам, цяпер дактары перагружаныя яшчэ і гэтымі пацыентамі і пацыенткамі. Мэдычная сыстэма зноў не спраўляецца? Тады трэба было б абвясьціць надзвычайнае становішча, стварыць новую часовую сыстэму фільтрацыі выклікаў хуткай дапамогі, абмежаваць аказаньне плянавай мэдычнай дапамогі і, што самае галоўнае, – прызнаць праблему.
Але гэта ж ня той метад барацьбы з крызісамі, да якога звыклі ўлады ў Беларусі. Ім больш да душы ігнараваць рэальнасьць і рабіць выгляд, што ўсё ў парадку, А каб людзі дакладна паверылі, што няма пра што хвалявацца, чыноўнікі прымаюць новыя абсурдныя нормы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Раённая анамалія»? Лічбы памерлых ад COVID-19 у Беларусі могуць быць заніжаныя ў сем разоўБыццам нічога новага ў гэтым падыходзе няма, і зьдзіўляцца нам няма чаму, але трэба працягваць фіксаваць злачынствы ўладаў. Яны зноў пракалоліся і пацьвердзілі сваімі дзеяньнямі, што ковідныя абмежаваньні, створаныя для беларускіх грамадзянак і грамадзянаў на сухаземнай мяжы, маюць выключна палітычны характар і ніяк не зьвязаныя з пандэміяй.
У сьнежні 2020 на сухаземнай мяжы Беларусі ўвялі новыя абмежаваньні – выехаць з краіны можна толькі раз на шэсьць месяцаў і штораз для гэтага мусіць быць пэўная прычыны (праца, вучоба, пахаваньне блізкага чалавека ды інш.). Гэта таксама быў геніяльны беларускі падыход да барацьбы з пашырэньнем каранавірусу. Пакуль іншыя краіны закрывалі ўезд, нашая была гатова прымаць каго заўгодна, але сваіх грамадзянак і грамадзян адмаўлялася выпускаць за мяжу. Праўда, толькі па зямлі. Праз аэрапорт можна было хоць штодзень выбірацца за жалезную заслону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Доктар тэмпэратуру памераў рукой». Як хварэюць на COVID-19 у беларускіх турмахЗараз гэтае правіла зьмякчылі, выяжджаць можна раз на тры месяцы. Але яго не скасавалі, што было б лягічна зрабіць разам з адменай самаізаляцыі для ўсіх кантактаў. Раз улады настолькі не баяцца каранавірусу, што ўсяляк спрыяюць яго распаўсюду, чаму б не адкрыць нарэшце межы?
Адказ вельмі просты: аніводная з усіх гэтых мераў ніяк не зьвязаная з пандэміяй і распаўсюдам каранавірусу. Улады проста зьдзекуюцца зь людзей. Проста таму што могуць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.