«Мы, вядома, былі гатовыя да такога разьвіцьця падзеяў, зыходзячы з абсалютна хаатычнай палітыкі Літвы на беларускім напрамку. Калі хтосьці лічыць, што гэта нанясе нейкую шкоду Беларусі, то магу з усёй адказнасьцю заявіць: галоўная шкода будзе нанесена самой Літве. Такую ж шкоду краіна ўжо нанесла сабе палітычнай адмовай ад набыцьця беларускай электраэнэргіі, якая абышлася б як мінімум удвая таньней за той узровень, па якім яны купляюць цяпер на аптовым рынку», — цытуе Рамана Галоўчанку БелТА.
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што калі Літва спыніць транзыт беларускіх угнаеньняў, гэта будзе парушэньнем усіх міжнародных абавязаньняў.
«Мы гэта без адказу не пакінем, давядзецца прымаць меры ў адказ. Беларускі экспарт у Літву складае каля 1 млрд даляраў, у асноўным гэта сыравіна і матэрыялы, якія набываюць літоўскія кампаніі для наступнай перапрацоўкі. Гэта тычыцца прадукцыі дрэваапрацоўкі, палімэраў і гэтак далей. Калі мы спынім пастаўкі, пераарыентуем іх на іншыя рынкі, няхай літоўскі бізнэс спытае ў свайго ўраду, як той зьбіраецца вырашаць праблемы», — адзначыў кіраўнік ураду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урадавая камісія Літвы назвала дамову зь «Беларуськаліем» пагрозай бясьпецыАкрамя таго, Раман Галоўчанка пацьвердзіў, што Беларусь разглядае магчымасьць будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі.
«Пытаньне ня вельмі простае, трэба правесьці вялікі аб’ём навуковых дасьледаваньняў, ня толькі эканамічных разьлікаў — зыходзячы з комплекснай праграмы разьвіцьця нашай краіны. Мы разьлічваем завершыць папярэднюю працу да восені наступнага году і ўнесьці адпаведныя прапановы», — заявіў ён падчас наведваньня БелАЭС у Астраўцы.
Па яго словах, магчымасьць будаўніцтва другой АЭС разглядаецца ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з удзелам расейскіх спэцыялістаў.
Галоўчанка ня першы беларускі чыноўнік, які пагражае Літве суворымі мерамі ў адказ. Раней Літву і іншыя краіны Эўразьвязу папярэджвалі пра наступствы ў МЗС і Беларускай калійнай кампаніі, заяўляючы пра будучыя цяжкасьці для бізнэсу і патэнцыйную падачу пазоваў у суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская калійная кампанія: «Калі Літва паспрабуе спыніць транзыт у аднабаковым парадку, беларускі бок будзе падаваць у суд» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Беларусі заявілі, што Вільня рыхтуе Менску «поўную блякаду»