Свабода сабрала выказваньні сьвятара Беларускай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату).
1. «Пайшлі галасаваць нават тыя, хто не пераносіць Лукашэнку. Напрыклад, мая маці і я»
«Я чалавек гранічна непалітычны. З самай раньняй вясны пачалася выбарчая кампанія, якую агрэсіўным чынам пачала праводзіць так званая апазыцыя. Кажу „так званая“, бо гэта ніякая не апазыцыя!
Пачалася такая агрэсіўная кампанія, што нават людзі апалітычныя — а беларусы, ведаеце, такі народ, спакойныя такія, як тры капейкі: „Што там — мэтэарыт упаў? А-а. Дык трэба пайсьці і патушыць яго. Вася там жыве, ён і патушыць. Ну гарыць, ну ідзі, паглядзі ты“. (Заўвага РС: гэта сьвятар прамаўляў, выкрыўляючы беларускую мову).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік БПЦ заклікаў ставіцца да мігрантаў як да «прышэльцаў», каталікі перадалі ім гуманітарную дапамогуНу такі ў нас рытм жыцьця, вельмі просты, марудны, у беларусаў. Калі пачаўся вясной проста абстрэл вушэй абываталя дзікімі ролікамі — „вось у нас гомельскі лідэр Ціханоўскі!“ — гэта проста нейкае вар’яцтва! Ён, натуральна, быў вядомы да гэтага. Але тое, што ён пачаў вырабляць у 2020 годзе!.. Гэта чалавек, які прэтэндаваў на ролю прэзыдэнта Беларусі. Гэта проста катастрофа!
Гэта такі напал агрэсіі, які ў тым ліку спалохаў непалітычных беларусаў, якія ў жыцьці наагул не галасавалі. І ўяўляеце: я не галасаваў ніколі, я ўзяў за рукі маму сваю (за тату я спакойны: ён у мяне стары камуніст, ён ведае, за каго галасаваць), і мы зь ёй пайшлі галасаваць за Лукашэнку. І разам з намі вялікая колькасьць маіх знаёмых. Пайшлі галасаваць за Лукашэнку тыя людзі, якія ў жыцьці не галасавалі і не пераносяць Лукашэнкі. Напрыклад, як мая мама ці я. Мы пайшлі за яго галасаваць, бо рэальна былі напалоханыя пэрспэктывай, якая нам пагражала тады».
2. «Прыпіскі былі! А ў некаторых месцах іх не было».
«Калі мне кажуць „там былі прыпіскі“... Былі прыпіскі, былі! А ў некаторых месцах іх не было. Бо ў мяне ёсьць сябры ў розных месцах, я спэцыяльна пытаўся. Адзін чалавек мне нават прызнаўся — пазьней, празь некалькі месяцаў: «Айцец Сава, прабачце, я збаяўся, я прыпісаў». Я спытаў: «Вас нехта прасіў, вам пагражалі?». Ён: «Не, мне хацелася выслужыцца перад начальствам». Ніхто не прымушаў гэтага рабіць! На ўсіх месцах ёсьць паслужлівыя ідыёты. Мая прыяцелька, якая кіраўніца выбарчай кампаніі ў сваім раёне была, яна мне шчыра прызналася, яна хрысьціянка, яна ня будзе хлусіць: «Мы нічога не прыпісвалі».
3. Аб пратэстах: «У Гомлі гэта адбывалася крыху камічна»
«Калі пачаліся сутыкненьні пасьля выбараў, я асабіста гэта назіраў. У мяне такое правіла — я хаджу па горадзе пешкі па дзьве гадзіны, і так атрымалася, што гэта на маім маршруце. Я гэта сузіраў усё. У Гомлі гэта адбывалася камічна. (Заўвага РС: за 9–12 жніўня ў Гомлі і вобласьці былі затрыманыя, паводле зьвестак МУС, 1200 чалавек. Многіх пабілі, 26-гадовы Аляксандар Віхор памёр пасьля затрыманьня).
Народ у нас спакойны. Усе чакалі, хто на каго нападзе. Вельмі хацелі расстроіцца. Ну нешта ня моцна атрымлівалася. На другі дзень пасьля выбараў у нас у Гомлі актывісты вырашылі захапіць будынак КДБ (Заўвага РС: ані СМІ, ані міліцыя, пракуратура і СК не фіксавалі ў Гомлі спробаў захопу будынку КДБ).
Ён недалёка ад нашага храма. Так што, калі наш ўладыка Арыстарх сказаў неяк гнеўную казань, да яго адразу прыбеглі з Камітэту праз масток, да канца казані — яны слухаюць усё! І яны пайшлі захопліваць будынак КДБ. Я пытаюся ў гэтых хлопцаў, ну ня ў гэтых, а зь іхнай кампаніі — навошта вам будынак КДБ? Ён жа вялікі, з калёнамі, што вы зь ім зьбіраліся рабіць? Праўда, іх хутка адціснулі. Яны перадумалі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбылося з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі за год пратэстаў і рэпрэсій. Адказваюць сьвятары і вернікі4. «Тысячы людзей, якія наагул нікуды не выходзілі — вось яны пацярпелы бок»
«Я ў гэта аніяк не хацеў ўлазіць. Бо ў мяне з гэтага боку сябры і з гэнага боку сябры. Я іду па вуліцы, а ў нас каля цырку пікет разгарнулі апазыцыянэры, чакаюць сутыкненьняў якіх-небудзь, і мяне ўбачылі мае сябры: „О, бацюшка, давайце з намі!“ Не — мне толькі вуліцу перайсьці. І стаяць іншыя мае прыхаджане-сябры, з партрэтам Лукашэнкі і сьцягамі нацыянальнымі. І тут мае прыхаджане, і тут. Мне быць з кім? На чыім баку? Я маўчаў, я заклікаў да міру.
Але апошняя кропля ў мяне была, калі я ішоў дадому. Каля манастыра спыніла былая студэнтка, схапіла за руку і пачала галасіць. Я страшна спалохаўся і стаў яе супакойваць. Яна жыве ў цэнтры, нашы апазыцыянэры днём і ноччу там хадзілі, крычалі, дудзелі. Страшна вельмі буянілі. Яна мне кажа: „Я ня ведаю, як мне жыць, людзей пабілі, на Акрэсьціна нейкія крыкі, тут яшчэ нешта“ — яе проста трасе! Тысячы людзей, якія наагул нікуды не выходзілі — вось яны пацярпелы бок! Пра іх чамусьці наагул ніхто ня ўспомніў. Вось тыя крычалі на Акрэсьціна — а гэтыя ня плакалі? А колькі ў мяне знаёмых мам, якія хадзілі за сваімі дзецьмі на гэтыя майданы, бо падлеткам хацелася забаваў; ім усё роўна дзе буяніць, а мамы ў жаху былі: „Я не магу яго спыніць! Але хоць грудзьмі абараню ад АМАП!“
Гэта ўся краіна звар’яцела. Але большая частка ў гэтым ня ўдзельнічала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскага сьвятара, які выступіў супраць гвалту сілавікоў, перавялі служыць з Пакроўскага сабора ў аграгарадокПлюс інтэрнэт, тэлеграм-каналы. Што мяне зьдзівіла — здымак дзіцячага садку і подпіс: „Тут гэтая жывёліна штодзень у 17:00 забірае сваё дзіця, давайце яе сустрэнем“. Гэта гаворка пра жонку амапаўца і яго дзіця! Расправы былі! У Горадні спалілі дом міліцыянта, машыну спалілі, былі напады на жонак міліцыянтаў і дзяцей» (РС не валодае інфармацыяй пра спалены дом у Горадні і напады на жонак і дзяцей міліцыянтаў).
З другога боку была агрэсія, я яе не апраўдваю, але гаворка ішла проста пра існаваньне дзяржавы. Я думаў ужо, шчыра, што Беларусь накрылася — і ўсе так думалі. І нам пісалі адкрыта: «Маскалі, вы хутка адсюль паваліце, тут будзе аўтакефальная царква».
5. «Хлопцы з АМАП ішлі рабіць сваю працу і вярнуліся зь пераламаным хрыбтом ці разьбітай галавой»
«З аднаго боку мае студэнты з БЧБ-сьцягам ідуць, кідаюць „кактэйль Молатава“, абураныя, часам справядліва абураныя. З другога боку — мае студэнты, якія паступілі, некалькі хлапчукоў вучацца ў Акадэміі, іх усіх мабілізавалі, не хапала людзей. Ён мне потым расказваў: „У мяне трэсьліся ногі!“. Хлопец толькі школу скончыў, яго запхалі ў гэтае абмундзіраваньне. І яму ў твар крычаць, як яго ненавідзяць. Хто-небудзь пра гэтага хлопца падумаў? І, між іншым, пацярпелыя з гэтага боку — АМАП, хлопцы, якія прыйшлі проста выконваць сваю працу і вярнуліся дадому зь пераламаным хрыбтом або разьбітай галавой. Ну гэта факты. З другога боку — мае хлопцы, студэнты, вернікі, якія таксама здурнелі і кідаюцца на гэтых. Мне каго шкадаваць?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка супраць «Магутнага Божа»: «Глядзіце, нарвяцеся»
6. «Цябе пабілі? Дык ганарыся гэтым!»
«Адна з маіх слабасьцяў — біяграфіі рэвалюцыянэраў. Я вельмі люблю Фігнер, Марозава, Жалябава, Пяроўскую. Нават пазьнейшыя рэвалюцыянэры, той жа Дзяржынскі, — яны выклікаюць у мяне глыбокую павагу. Так, яны былі злачынцы і забойцы, яны гэта разумелі, вось Дзяржынскі гэта выдатна разумеў, гэта найвысакароднейшы быў чалавек! Пры ўсім пры тым, што тварыў жудасныя рэчы. Але яны дзеля ідэі гэта рабілі, а не дзеля сытага бруха.
Ты вось крычыш: «Мяне пабілі!» — ды ты мусіш ганарыцца, што цябе пабілі! Ты кажаш, што цябе звольнілі з працы. Ды ты павінен ганарыцца, што цябе звольнілі з працы! Ты кажаш: «Мне сіняк паставілі!». А што ты хацеў? Ты каму кінуў выклік? Дзяржаўнай машыне ты кінуў выклік. Вы ня плачце, не крычыце: «Нам не далі ўлады!», ах, Божа мой, вы што — зусім з дуба паваліліся? Калі вы яе не змаглі ўзяць, як вы потым яе ўтрымаеце?
Я проста добра памятаю сваё юнацтва ў 80–90-х, росквіт рэкету. Як у нас у Гомлі гэта было — дагэтуль адкопваюць трупы з бэтоннымі блёкамі на нагах, перастрэлкі на вуліцы з кулямётамі — звычайная рэч для Гомля 90-х (РС не валодае інфармацыяй пра перастрэлкі з кулямётамі ў Гомлі і пра трупы з бэтоннымі блёкамі, якія цяпер адкопваюць).