Праваслаўная грамада гэтага ў асноўным каталіцкага паселішча налічвае каля 200 чалавек, пра гэта паведаміў ён сам у фэйсбуку. У прыходзе толькі адна вёска, актыўных вернікаў 20-30 чалавек.
Летась у жніўні протаірэй Георгі Рой адкрыта выступаў супраць гвалту. Яшчэ да выбараў Рой зьвярнуўся да вернікаў з заклікам не далучацца да хлусьні, бо айцом хлусьні ёсьць д’ябал.
Сьвятар заклікаў шчыра і самааддана маліцца за Беларусь і за захаваньне міру ў краіне, каб праблемы вырашаліся не з дапамогай тэрору, а ў працэсе дыялёгу.
Пасьля выбараў Георгі Рой паведаміў, што ў саборы штогадзіны ў дзённы час будзе гучаць вялікі звон у знак закліку да міру і згоды, спыненьня неапраўданага гвалту і на знак салідарнасьці зь нявінна арыштаванымі, параненымі і пакалечанымі.
Пра перавод протаірэя Роя ў іншую царкву стала вядома 21 ліпеня.
Тады пра кадравыя зьмены на сваёй старонцы ў Facebook расказаў прэс-сакратар Горадзенскай эпархіі БПЦ дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч.
«Георгі Рой больш не настаяцель сабора, а Мікалай Гайдук не настаяцель Нікольскага храма. Але яны нікуды не падзеліся», — напісаў тады айцец Дзьмітры.
Яшчэ ў 2019 годзе Георгі Рой асудзіў знос крыжоў на месцах масавых расстрэлаў у Курапатах. Камэнтуючы знос крыжоў на месцы сталінскіх злачынстваў на поўначы Менску ён заявіў, што чыноўнікі маюць выбачыцца за свае дзеяньні.