19 сьнежня беларускія мэдыкі і актывісты зладзілі ў Кіеве дыскусію «Нармалізацыя гвалту ў Беларусі». Прыводзім асноўныя тэзісы:
Лідзія Тарасенка, лекарка-гастраэнтэроляг, каардынатар Фонду мэдычнай салідарнасьці
- «Чаму мы вырашылі, што сьвет жорсткі і несправядлівы, чаму мы ня думаем, што самі яго робім такім. Мы звыкліся, што беларус мусіць пакутаваць. Зь дзіцячага садку нас прымушалі цярпець. Наш фальклёр — з фразамі кшталту «б’е, значыць любіць».
- «Вось гэтыя самыя людзі, дактары і мэдсёстры, адгараваўшы па 12 гадзін 3 зьмены запар, вылазілі з дэфіцытных гарнітураў і пісалі ў даведкі аб сьмерці якую-небудзь ішэмічную хваробу сэрца. У цябе на вачах памірае батальён, няма ніякіх гарантыяў, што заўтра ты не апынесься разам зь імі, ну а да таго ты сходзіш дадому і, магчыма, прынясеш тую хваробу сваім дзецям. І ўсё роўна пішаш ліпавыя даведкі аб сьмерці».
- «Дзеці збольшага стварэньні жыцьцярадасныя. І калі здараецца той фазавы пераход, калі з нармальнага жыцьцярадаснага дзіцяці вырастае чалавек, які абірае гвалт? Як мы ўваходзім у гэты карагод і пасьля робімся кормам для дыктатараў?».
- «Спрабуючы завесьці дыялёг аб тым дзікунстве, якое творыцца ў беларускай мэдыцыне, седзячы зь сябрамі, я чула адказ: „Вы ведалі, куды ішлі“. Гэтую фразу я чула дзясятак гадоў».
- «Многім здаецца, што дыктатар атрымлівае сваю ўладу выпадкова альбо нейкім падманам. Аднойчы я пачула на працы фразу: „Раней мы думалі, што нам нехта нешта вінен і нешта нам дадуць. Выявілася, што ніхто нам нічога ня вінен“. І гэтулькі было болю ў гэтай фразе, гэтулькі пакінутасьці. Я не чакала, што чалавеку так патрэбная структура, асяродзьдзе жыцьцядзейнасьці. Значыць, для некаторых ёсьць нешта прывабнае ў дыктатарах, яны дакладна ведаюць, чаго хочуць ад жыцьця. У іх ёсьць дакладны плян для сябе і для вас».
- «Рэальная сьмяротнасьць у Беларусі ад ковіду паводле тых лічбаў, якія нам удалося атрымаць, у 14, а то і ў 17 разоў вышэйшая за афіцыйную. Часам некалькі менскіх лякарняў за дзень рабілі тую статыстыку, якую пасьля выдавалі за агульную па краіне. Працаваць у лякарнях стала рэальна страшна. Я ня ведаю, як выглядалі чумныя палаты ў сярэднявеччы, але, мне здаецца, падобна. Людзі паціху атрымлівалі сродкі ад валянтэраў, бо баяліся пакараньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здавалася, што людзей выпусьцілі не з ІЧУ, а з канцлягера». Гісторыя судмэдэкспэрткі, якая зьехала зь Беларусі ад перасьледу
Сяргей Прохараў, Цэнтар грамадзянскіх свабодаў
- «Шмат палітычных вязьняў цяпер у Беларусі не атрымліваюць патрэбнай мэдычнай дапамогі. У гэтай нестандартнай для здароўя сытуацыі яны ня могуць разьлічваць на банальную дапамогу. Каля 4000 сутыкнуліся з гвалтам і катаваньнямі».
- «У людзей, якія выйшлі на свабоду пасьля невялікіх адміністрацыйных тэрмінаў, пачыналіся праблемы са здароўем, і гэта ня толькі псыхалягічныя траўмы, гэта праблемы, напрыклад, з ныркамі, бо ўмовы ўтрыманьня недапушчальныя для чалавека».
- «Людзей на „сутках“ трымаюць у невыносных умовах. Умовы ў іншых вязьняў, не „палітычных“, адрозьніваюцца ў лепшы бок. У палітычнага вязьня ўмовы могуць быць горшыя, чым у чалавека, які сядзіць за забойства»
Раней у Кіеве пры падтрыманьні беларускага Фонду мэдычнай салідарнасьці і ўкраінскага Цэнтру грамадзянскіх свабодаў каманда творчай ініцыятывы «Actors For Future» правяла пэрформанс «НеМолчи». Галоўная ідэя — «ёсьць вірус, страшнейшы за ковід, і гэта вірус страху».