Маштабы зафіксаванай кантрабанды беларускіх цыгарэт растуць. Паводле зьвестак літоўскай мытні, за 2021 год у цягніках канфіскавана столькі ж цыгарэт, колькі ў суме канфіскавалі за апошнія 7 гадоў, піша агенцтва BNS.
Агульная тэндэнцыя — рост кантрабанды, сказаў гендырэктар мытнага дэпартамэнту Дарыюс Жвіронас, прадстаўляючы сытуацыю ў Камітэце нацыянальнай бясьпекі і абароны Сэйму Літвы на гэтым тыдні. Паводле яго, сёлета на чыгунцы зафіксавана 24 выпадкі кантрабанды цыгарэт, летась — восем, пазалетась — два.
У 2021 годзе ў цягніках канфіскавана ўдвая больш цыгарэт, чым летась: 16,7 мільёна і 8,9 мільёнаў адзінак адпаведна.
«Клясычны спосаб утойваньня кантрабанды — гэта насыпныя грузы, угнаеньні, друз, лесаматэрыялы», — кажа кіраўнік мытні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад выглядам цукерак. У Літве затрымалі беларускія цыгарэты амаль на 2 мільёны эўраПа дадзеных Дарыюса Жвіронаса, 84% кантрабандных цыгарэт, канфіскаваных у Літве, выраблена ў Беларусі.
«Калі чвэрць цыгарэтнага рынку краіны складаюць нелегальныя цыгарэты, гэта ўжо пытаньне бясьпекі, а калі абсалютная большасьць — 85%... Усе гэтыя нелегальныя цыгарэты вырабляліся кампаніямі, непасрэдна зьвязанымі з рэжымам Лукашэнкі, і відавочна, што гэта крыніца фінансаваньня рэжыму», — сказаў BNS старшыня Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны ў Сэйме Літвы Лаўрынас Кашчунас.
Паводле яго, вытворчая магутнасьць тытунёвай фабрыкі «Нёман» у Горадні ў тры разы перавышае афіцыйны рынак цыгарэт у Беларусі.
«Пытаньне ў тым, куды ідуць астатнія мільярды пачкаў цыгарэт? Відавочна, што яны едуць у Літву, Латвію і ўсю Заходнюю Эўропу. Відавочна, што прадухіленьне незаконнай кантрабанды — гэта таксама прадухіленьне прыбытку Лукашэнкі», — лічыць Лаўрынас Кашчунас.
Паводле зьвестак Мытнага дэпартамэнту Літвы, за тры кварталы 2021 году было канфіскавана 328 мільёнаў пачкаў кантрабандных цыгарэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежная служба Літвы: Практычна ўсе кантрабандныя цыгарэты паступаюць зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі спынілі кантрабанду беларускіх цыгарэт. Гэтым разам везьлі пад выглядам «дзьвярэй» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы ліквідавалі падпольную тытунёвую фабрыку. Затрымалі 9 беларусаў