У Беларусі ня будзе новых прэзыдэнцкіх выбараў пад міжнародным наглядам. Аб гэтым заявіў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы ў Віцебскай вобласьці, паведамляе тэлеканал СТБ.
«Я вас заўсёды папярэджваў і шчыра казаў: мы ня ведаем, які новы рычаг яны будуць выкарыстоўваць для ціску на нас. Але тое, што яны разгарнулі супраць нас гібрыдную вайну, гэта факт. Сродкі масавай інфармацыі, дыпляматычны ціск, палітычны ціск з патрабаваньнем неадкладна правесьці новыя выбары, выпусьціўшы так званых палітвязьняў гэтых (яны ў іх і не палітвязьні), выбары. Але ня мы выбары мусім праводзіць, — яны прыедуць, правядуць пад эгідай АБСЭ. Вы такія цуды дзе-небудзь бачылі? Каб у нейкую краіну прыехалі чужынцы і правялі выбары! Яны ў нашую цывільную краіну прыедуць праводзіць выбары. Вось іхнае патрабаваньне. Натуральна, я на гэта пайсьці не магу», — заявіў Лукашэнка.
Ён дадаў, што нядаўна думаў наконт новых выбараў, але потым перадумаў, бо «ў грамадзтве могуць адбыцца новыя хваляваньні».
Прэзыдэнцкія выбары 2020 году, як і шэраг папярэдніх, на Захадзе не прызналі праз адсутнасьць празрыстасьці працэсу галасаваньня і падліку галасоў, а таксама тысячы парушэньняў на выбарчых участках па ўсёй краіне і перасьлед грамадзян за выказваньне сваёй думкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Качанава настойвала на 80 працэнтах, а Шэйман прапаноўваў 60 і прызнаць паразу Лукашэнкі ў Менску», — былы супрацоўнік Адміністрацыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прызналі, што безь дзяржаўнай падтрымкі стратныя 72% аграрных прадпрыемстваў Віцебшчыны