«Відавочна, што рэгіёну патрэбна перазагрузка. Калі хочаце — сур’ёзнае ўзварушэньне», — сказаў чыноўнікам Лукашэнка.
Па яго словах, няма адчувальнага эфэкту ад рэалізацыі ўказу аб разьвіцьці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласьці.
«Праца аграпрамысловых абʼяднаньняў застаецца стратнай. Безь дзяржаўнай падтрымкі стратныя 72% сельскагаспадарчых арганізацый у рэгіёне», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі.
За апошнія 7 гадоў валавы рэгіянальны прадукт скараціўся больш як на 8%. У 2021 годзе Віцебская вобласьць адзіная, дзе гэты паказьнік працягвае зьніжацца, у асноўным за кошт будаўніцтва і сельскай гаспадаркі.
«У апошнія гады пагаршаюцца многія паказьнікі разьвіцьця вёскі, — прызнаў Лукашэнка. — Зьніжаныя пасяўныя плошчы і абʼёмы збору сельскагаспадарчых культур. Скарацілася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, вытворчасьць малака, яек. Прычына — нізкая арганізацыя працы, невыкананьне агратэхнічных тэрмінаў і рэглямэнтаў. Выканальніцкая дысцыпліна ні к чорту, і ня трэба казаць, што ў вас не хапае кадраў».
Незалежныя эканамісты даўно канстатуюць, што ня толькі па Віцебшчыне, а наогул па краіне сельская гаспадарка трымаецца на шматмільённых датацыях, а гаспадаркі вымушаныя ўлазіць у новыя даўгі, каб пакрыць старыя.