Меней чым за гадзіну дэпутаты ўхвалілі бюджэт на 2022 год і падатковыя зьмены

Палата прадстаўнікоў

Навіна пра ўхваленьне бюджэту зьявілася ў 11.08, перад гэтым дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі законапраект аб генацыдзе беларускага народу.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў без абмеркаваньня прынялі ў першым чытаньні законапраекты «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2022 год» і «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях падаткаабкладаньня».

Бюджэт будзе дэфіцытны

У Палаце прадстаўнікоў паведамілі, што задачамі бюджэтнай палітыкі ў 2022 годзе стануць «забесьпячэньне збалянсаванасьці і ўстойлівасьці бюджэтаў усіх узроўняў, падтрыманьне даўгавой устойлівасьці на бясьпечным узроўні за кошт абмежаваньня дзяржаўнай запазычанасьці і паляпшэньня структуры даўгавога партфэля, сацыяльная абароненасьць насельніцтва і павышэньне на гэтай аснове дабрабыту грамадзян», перадае БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект «аб генацыдзе беларускага народу» адразу ў двух чытаньнях

Даходы згодна з праектам бюджэту на 2022 год прадугледжваюцца ў суме 27 мільярдаў 827 мільёнаў рублёў, што на 1,5 мільярда (або 6%) больш за чаканае выкананьне 2021 году. Расходы заплянаваныя ў суме 30 мільярдаў 670 мільёнаў рублёў, або плюс 4,4% да чаканага выкананьня гэтага году.

Праект бюджэту на 2022 год сфармаваны з дэфіцытам у памеры 2 мільярды 844 мільёны рублёў.

Новае ў падатках

Гэтаксама дэпутаты прынялі ў першым чытаньні законапраект, які тычыцца пытаньняў падаткаабкладаньня.

  • У прыватнасьці, законапраект прадугледжвае ўвесьці з 1 ліпеня 2022 году абавязак вылічэньня і выплаты ПДВ замежнымі арганізацыямі і прадпрымальнікамі пры электронным дыстанцыйным продажы тавараў,
  • касуе ільготу па падатку на нерухомую маёмасьць для фізычных асобаў адносна кватэр у шматкватэрных жылых дамах з наданьнем права абласным і Менскаму гарсавету павялічваць стандартную стаўку падатку на прыбытак з 18% на 2 працэнтныя пункты адносна платнікаў гэтага падатку ў мясцовы бюджэт.
  • У Падатковым кодэксе таксама прадугледжваюцца сыстэмныя зьмены ў падыходзе да падаткаабкладаньня самазанятых грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў,
  • карэкцыя ставак адзінага падатку ў 2–4 разы,
  • пашырэньне пераліку відаў дзейнасьці з выплатай адзінага падатку для самазанятых грамадзян,
  • выключэньне магчымасьці прымяненьня спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня для індывідуальных прадпрымальнікаў у сфэры паслуг,
  • вызначэньне стаўкі збору для аграэкасядзіб у памеры 31 рубель на месяц за кожную сядзібу і стаўкі збору па рамеснай дзейнасьці 62 рублі на год, і г.д.

Для мікраарганізацый у рамках прымяненьня спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня прапануецца адмяніць выплату падатку на дабаўленую вартасьць і ўстанавіць адзіную стаўку падатку ў памеры 6% ад выручкі.

Паводле ўладаў, меры накіраваныя на «выраўноўваньне падатковай нагрузкі згаданых катэгорый платнікаў у параўнаньні з найманымі работнікамі і павышэньне ступені іх удзелу ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які эфэкт будуць мець новыя санкцыі?