Рабэрта Вальдэса Касануэву затрымалі летась 11 лістапада пасьля ўдзелу ў маршы. Мужчына жыў і працаваў у Беларусі 30 гадоў. Тут яго сям’я і трое дзяцей. Ён свабодна размаўляе па-расейску. Працаваў графічным дызайнэрам.
Ён звыш году правёў за кратамі, пакуль 10 сьнежня сёлета яго ня выслалі з краіны.
У інтэрвію выданьню «Медиазона» Касануэва сказаў, што ў пратэстах яму давялося выбіраць пазыцыю — або «хата з краю», або глядзець на сытуацыю як чалавеку, неразрыўна зьвязанаму зь Беларусьсю.
«Я ведаў, на што я іду, ведаў, што мне пагражае. Гэта ўсё выбар: ты можаш шукаць сабе апраўданьня, а можаш паглядзець на сябе ў люстэрка. Сябе самога ты ня ў стане падмануць. Я ня супэргерой, ня маю супэрздольнасьцяў. Я просты чалавек, які ня згодзен з гэтым. Не магу зьмірыцца з тым, што простых грамадзян, якія не нясуць пагрозы сілавым структурам — хоць правільней будзе назваць іх „слабавыя структуры“ — забівалі або калечылі. Гэта бясчынства, і зьмірыцца з гэтым сорамна. Тут нават ня важна, іншаземец ты ці не — ты застаесься чалавекам. Таму мае дзеяньні былі апраўданыя гэтымі думкамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кубінца, які год правёў на Акрэсьціна, дэпартавалі на КубуПасьля высылкі Рабэрта цяжэй за ўсё патлумачыць свайму сыну Альбэртыка, якому ўсяго 11 гадоў, што будзе далей.
«Я не магу сказаць: „гэта ўсё скончылася, прайшло“, бо ня скончылася і не прайшло. І ня ведаю, колькі гэта зойме».
Гісторыя з Касануэвам пачалася ў верасьні 2020 году, калі кубінец прыйшоў у аддзел Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі падаць дакумэнты на падаўжэньне віду на жыхарства. Яго пачалі папярэджваць аб недапушчальнасьці наведваньня дэманстрацыяў, на што ён сказаў, што мае права пратэставаць, каб нелегітымны палітык на чале краіны сышоў у адстаўку. У выніку мужчыну выправадзілі з будынку, а ягоныя дакумэнты пакінулі ў сябе.
«Аддзел грамадзянства і міграцыі арандуе некалькі камэраў на чацьвёртым паверсе ІЧУ. Прычым гэтыя структуры — ізалятар і АГІМ — не падпарадкоўваюцца адно аднаму. І гэта вельмі зручна, бо яны могуць такім чынам гуляць у футбол з дэпартантамі. Дэпартанты абураюцца ці просяць, каб да іх прыехаў прадстаўнік АГІМ, а супрацоўнікі ІЧУ кажуць, што яны тут ні пры чым, проста нас ахоўваюць. І так гэта працягваецца тыднямі і месяцамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як людзі Лукашэнкі палююць на беларусаў у Расеі. Расьсьледаваньне BBCУ часе студзеньскай сустрэчы з консулам Кубы Касануэву насьцярожыла тое, што дыплямат тройчы за кароткае спатканьне паўтарыў, маўляў, яму нічога не пагражае на гістарычнай радзіме пасьля дэпартацыі. Рабэрта лічыць, што такіх гарантыяў яму даць не маглі, да таго ж ён у інтэрнэце крытыкаваў кіраўніка Кубы за падтрымку рэжыму Лукашэнкі.
Таксама Рабэрта распавёў пра сустрэчу ў ізалятары з жанчынай, якая назвалася датчанкай з ААН, але не назвала сваё імя. Яна пераконвала кубінца ў тым, што нічога страшнага ў Беларусі не адбылося. А спатканьне з сынам мужчыну дазволілі толькі пасьля таго, як ён 7 дзён галадаваў.
«Супрацоўнікі АГІМ павінны прыходзіць на сустрэчу з дэпартантамі раз на месяц, але да мяне яны па тры месяцы не прыходзілі, бо ім не было чаго сказаць. Яны ня ведалі, што са мной рабіць, куды мяне адправіць. Я проста сядзеў у камэры і марынаваўся, як і ўсе астатнія. У мяне была пазнака, што я палітычны, але артыкулу ў мяне не было».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі пратэстуе супраць высылкі з Чэхіі кіраўніка фэдэрацыі футболуКалі Касануэву вызвалілі, яго пасадзілі на самалёт у Расею. У дакумэнце, які яму далі, у кубінца высылка зь Беларусі на 3 гады.
«Высылка і дэпартацыя — гэта розныя рэчы, хаця яны спрабавалі іх ураўноўваць. Высылка — гэта, груба кажучы, калі цябе даводзяць да мяжы і кажуць ісьці адсюль. А дэпартацыя — калі цябе адпраўляюць туды, адкуль ты прыехаў».
Рабэрта прыляцеў у Маскву як турыст, без усякіх штампаў у пашпарце. Але штамп мусіць зьявіцца ў базе МУС неўзабаве. Што будзе далей, мужчына ня ведае, ён ня лічыць свае ўчынкі выбітнымі, але й ня бачыць у іх нічога кепскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазбаўленьне грамадзянства: спадчына СССР і Трэцяга Райху. Меркаваньне экспэрткі