Пачаўся суд над горадзенскім блогерам Vadimati, ён адмовіўся даваць паказаньні

Вадзім Ермашук ( блогер Vadimati) ў судзе.

Разгляд крымінальнай справы палітзьняволенага Вадзіма Ермашука праходзіць у Шчучынскім раённым судзе.

Вадзіма Ермашука, вядомага як блогер Vadimati, абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (артыкул 368, пагражае да 4 гадоў калёніі) і за «абразе дзяржаўнага сьцяга» (артыкул 370, пагражае да 3 гадоў калёніі).

Падставай для завядзеньня спраў паслужылі два выказваньні блогера.

Як расказала Свабодзе жанчына, якая прысутнічала на судзе над блогерам, Вадзім Ермашук, паводле матэрыялаў справы, летась у жніўні і верасьні нібыта выкладваў у сацыяльных сетках допісы, у якіх абразіў Лукашэнку, прыкладам, подпісам пад фота «нелегітымны прэзыдэнт». Яго вінавацяць паводле 368 артыкула Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Другі артыкул, паводле якога Ермашуку выставілі абвінавачаньне, — «Абраза дзяржаўных сымбаляў Беларусі» (артыкул 370). Паводле матэрыялаў справы, 16 жніўня 2021 году Вадзім Ермашук на аўтазапраўцы ў Скідзелі ўзяў у рукі маленькі дзяржаўны сьцяжок, які прадаваўся ў краме, і назваў яго «анучкай» са словамі, што «надта дорага каштуе кавалачак анучкі».

На судзе Вадзім Ермашук адмовіўся даваць паказаньні. На пытаньні судзьдзі не адказваў. Сваёй віны не прызнаў па ніводным артыкуле.

Са словаў відавочцы, Вадзім трымаецца бадзёра.

Таксама на судзе выступілі два супрацоўнікі Шчучынскага РАУС у ролі сьведак па справе. Зь іхніх словаў, у той дзень яны даведаліся, што ў Шчучын едзе блогер, які крытыкуе беларускую ўладу.

Vadimati адзначыў падчас суду, што ніколі не дзяліў беларусаў паводле прыхільнасьці да сьцягоў: дзяржаўнага ці нацыянальнага. 17 сьнежня па справе Вадзіма Ермашука адбудуцца спрэчкі ў судзе Шчучынскага раёну.

Вадзіма затрымалі 16 жніўня падчас паездкі ў Шчучын, дзе ён зьбіраўся паглядзець пляцоўку для ролераў і скейтэраў. Празь некаторы час яго асудзілі за «арганізацыю масавага мерапрыемства» і «хуліганскія дзеяньні».

Пасьля затрыманьня на яго завялі дзьве крымінальныя справы — за «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» і «абразу прэзыдэнта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 кастрычніка. На горадзенскага блогера Vadimati завялі чарговую адміністрацыйную справу

Агулам Vadimati тады атрымаў 60 дзён адміністрацыйнага арышту паводле трох артыкулаў. Спачатку 25 — нібыта за «заклік на несанкцыянаванае спартовае мерапрыемства» (артыкул 24.23 КаАП). У канцы тэрміну дадалі 15 сутак за «абразу работнікаў ЖКГ і гарвыканкаму», калі ён тэлефанаваў на нумар 115. З 16 жніўня гарадзенец у Шчучынскім ІЧУ.

Нядаўна стала вядома, што на блогера завялі чарговую адміністрацыйную справу, яго абвінавачваюць яшчэ і ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самы сумленны горадзенскі блогер». Хто такі Vadimati, якога асудзілі па «народным артыкуле»


Вадзім Ермашук гандлюе адзеньнем на горадзенскім рынку. У апошнія гады дамагаўся паляпшэньня інфраструктуры ў горадзе (рамонту асфальту, стварэньня пандусаў), змагаўся з забруджваньнем вады.

Акрамя таго, наведваў многія «палітычныя» суды, расказваў пра іх у сваім Instagram. Здымаў іранічныя ролікі ў вобразе «народнага дэпутата».

Вадзіму Ермашуку 36 гадоў, паводле адукацыі ён юрыст, вядзе свой інстаграм з 45 тысячамі падпісчыкаў.