Сьцісла:
- Калі мы забараняем эўрапейскі імпарт — то гэта азначае, што пагаджаемся на нешта даражэйшае і горшае па якасьці.
- Любая спроба адміністратыўна стрымліваць цэны прыводзіць толькі да таго, што тавары зьнікаюць з рынку.
- Сама Расея ўсё больш жорстка ставіцца да гэтых кантрабандных схемаў і жадае іх скараціць ці зусім скасаваць.
- Раздача «права на імпарт» чыноўнікамі азначае шырокую прастору для карупцыйнага манэўру.
— Калі афіцыйны Менск абвясьціў пра свае «контрасанкцыі», то ў большасьці гэтыя крокі выклікалі пераважна скептыцызм і іронію. На фоне таго, што Лукашэнка пагражаў ледзь не перакрыць трубу, тое, што было абвешчана, выглядае як «замах на рубель, удар на капейку»?
— Так. Беларусь — гэта малая эканоміка, малы рынак. Таму нанесьці нейкую істотную «шкоду» Эўразьвязу Беларусь ня можа, нават калі б перакрыла ўвесь гандаль. Асобным фірмам, магчыма, можна зрабіць «балюча» — але гэта максымум. Калі ўзяць, напрыклад, польская яблыкі (гэта самая прыкметная пазыцыя харчовага імпарту), то Беларусь — гэта 19 працэнтаў польскага імпарту яблыкаў. Так, гэта адчувальна, але не крытычна. Да таго ж сама Беларусь стварыла столькі мэханізмаў для кантрабанды тых самых польскіх яблыкаў у Расею, што наўрад ці польскія фэрмэры нешта адчуюць і цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе вывучаюць контрасанкцыі Беларусі, там лічаць іх «непразрыстымі»— За апошнія паўтара года беларусы ўжо звыкліся, што «антызаходнія» дзеяньні ўладаў Беларусі прыносяць шкоду хутчэй самім беларускім грамадзянам. Якія наступствы адчуюць жыхары Беларусі ад увядзеньня «контрасанкцыяў»? Што адбудзецца? Некаторыя імпартныя тавары проста на пэўны час зьнікнуць зь беларускіх прылаўкаў, ці ім знойдзецца замена ў «дружалюбных» неэўрапейскіх краінах?
— У прынцыпе, замену можна знайсьці, напрыклад, у паўночнаафрыканскіх краінах. Але трэба разумець, што гэта будзе даражэй — і, вельмі верагодна, горшай якасьці. Мы імпартавалі шмат менавіта з Эўропы акурат таму, што гэтыя прадукты выйгравалі паводле суадносінаў «цана і якасьць». І калі мы забараняем эўрапейскі імпарт — то гэта азначае, што пагаджаемся на нешта даражэйшае і горшае па якасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі адказаў на заходнія санкцыі: сьвіньні ня ўедуць ні жывыя, ні мёртвыя. Рэакцыя сацсетак— Першая рэакцыя незалежных эканамістаў на контрасанкцыі была — «вырастуць цэны». Беларускія чыноўнікі адразу пачалі запэўніваць, што цэны ня зьменяцца. Але як яны могуць не зьмяніцца, калі дастаўка зь іншых рэгіёнаў сьвету відавочна будзе даражэйшая, плюс прадукты ў Эўропе таньнейшыя з прычыны больш разьвітых тэхналёгіяў і культуры вытворчасьці?
— Цэны, вядома, вырастуць. Ведаеце, калі падвышалі ПДВ (падатак на даданую вартасьць) на лекі, то таксама запэўнівалі, што цэны ня вырастуць. Але лекі сталі лідэрам па росту цэнаў за гэты год. Гэта відавочны эканамічны закон, які ўрад ня можа адмяніць. І любая спроба адміністратыўна стрымліваць цэны прыводзіць толькі да таго, што гэтыя тавары зьнікаюць з рынку. Потым улады хапаюцца за галаву і дазваляюць падняць цэны на 5–10 працэнтаў — займаюцца ўручную тым, што рынак адрэгуляваў бы сам.
Трэба разумець, што любыя крокі па забароне імпарту і імпартазамяшчэньні б’юць у першую чаргу па гаманцы беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь ва ўмовах санкцый плянуе замясьціць імпарт на $9 млрд— Улады хваляцца харчовай бясьпекай Беларусі, але па некаторых катэгорыях яе няма, існуе вялікая залежнасьць ад імпарту нават у тых катэгорыях, якія можна вырабляць у Беларусі. Тыя ж яблыкі, ці тое ж мяса, якое мясакамбінаты закупляюць у тым ліку за мяжой.
— Беларусь — гэта невялікая краіна, якая знаходзіцца ў кліматычнай зоне, ня самай спрыяльнай для сельскай гаспадаркі. Відавочна, што мы ня можам цалкам сябе забясьпечыць усімі харчовымі прадуктамі, і гэта даволі натуральна. Ня толькі мяса, але і зерне даводзіцца імпартаваць. Дарэмна разьлічваць, што краіна можа быць цалкам незалежнай у забесьпячэньні сябе ўсімі прадуктамі харчаваньня. Ня бачу нічога драматычнага ў тым, што існуе пэўная залежнасьць ад імпарту — бяз гэтага немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пагражаюць санкцыі дзяржаўнасьці? Дыскусія экспэртаў— Беларусь сваімі «контрасанкцыямі» фактычна паўтарыла расейскія дзеяньні, якія былі ўведзеныя ў 2014 годзе. І за гэты час мы звыкліся з такой зьявай, як «беларускія крэвэткі», калі санкцыйныя тавары завозяцца ў Беларусь, тут зьлёгку перапрацоўваюцца і адпраўляюцца ў Расею ўжо як беларускія. Няўжо гэтая схема, якая прыносіла прыбытак Менску, можа зьнікнуць?
— У пастанове Савету Міністраў ёсьць шмат «выняткаў». Напрыклад, можна атрымаць спэцыяльную квоту для імпарту тавараў, калі ты дакажаш, што яны вельмі неабходныя. Акрамя таго, дазволены ўвоз такіх тавараў для перапрацоўкі. Крэвэткі ў Беларусі, сапраўды, «перапрацоўваюцца» — яны, як і іншыя рыбапрадукты, ня трапілі ў гэты сьпіс забароненых для ўвозу.
Тое ж мяса. Беларускія заводы купляюць тушы, перапрацоўваюць іх у каўбасы — гэта ўсё таксама, відаць, будзе не забаронена. Так што для ўсіх кантрабандных схемаў гэтая магчымасьць будзе заставацца адчыненай.
Пытаньне, аднак, у тым, што сама Расея ўсё больш жорстка ставіцца да гэтых кантрабандных схемаў і жадае іх скараціць або зусім скасаваць. Па першым часе яны былі Расеі неабходныя, каб на расейскім рынку ня ўзьнікла дэфіцыту. Але цяпер Расея менш прыязна на гэта ўсё глядзіць. І гэта, напрыклад, адбілася вясной на рээкспарце кветак празь Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які эфэкт будуць мець новыя санкцыі?— Наяўнасьць выключэньняў, калі нехта будзе атрымліваць права на імпарт у якасьці вынятку — ці не спараджае гэта магчымасьці для карупцыі? Бо такое права будзе атрымліваць той, хто мае лепшыя, шчыльнейшыя адносіны з чыноўнікамі, якія гэта вырашаюць.
— Так, любое лішняе рэгуляваньне стварае магчымасьці для карупцыйных схемаў. Каб атрымаць квоту на ўвоз чагосьці, трэба «матываваць», «даказаць» неабходнасьць менавіта для гэтай фірмы і гэтага тавару. Няма дакладных правілаў, ці трэба даць гэтае права на імпарт прадпрыемству X альбо кампаніі Y — усе гэта кладзецца на канкрэтнае рашэньне канкрэтнага чыноўніка. А гэта азначае шырокую прастору для карупцыйнага манэўру.
Таксама можна прадбачыць, што дробнаму прыватніку ў параўнаньні зь вялікім дзяржаўным прадпрыемствам будзе складана даказаць, што менавіта ён павінен атрымаць права на гэты імпарт. Натуральна, што ўсё гэта будзе ствараць няправільныя стымулы для дзейнасьці эканамічных суб’ектаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гаворка можа ісьці пра мільярды даляраў. Экспэрт пра магчымыя страты беларускай эканомікі ад санкцыяў