У анэксаваны Крым прыбыла дэлегацыя зь Беларусі ў складзе праўладных палітолягаў і аналітыкаў. Пра гэта агенцтву «РИА Новости» паведаміў кіраўнік нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Крыму» Раман Чагрынец.
Сярод яе ўдзельнікаў сябра канстытуцыйнай камісіі Аляксандар Шпакоўскі, палітоляг Аляксей Дзермант, старшыня аргкамітэту партыі «Саюз» Сяргей Лушч, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксей Аўдонін.
Анансуецца, што 9 сьнежня яны наведаюць у Ялце магілу беларускага паэта Максіма Багдановіча, а на наступны дзень возьмуць удзел у пасяджэньні Лівадыйскага форуму.
Раней Аляксандар Лукашэнка прызнаў Крым дэ-факта і дэ-юрэ расейскім, а таксама заявіў, што мае намер наведаць акупаваны рэгіён, як толькі яго запросіць Уладзімір Пуцін. Таксама ўздымаецца пытаньне аб аднаўленьні авіярэйсаў зь Менску ў Сымфэропаль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вашынгтоне асудзілі заявы Лукашэнкі наконт анэксаванага Расеяй КрымуТым часам 9 сьнежня ўрад Украіны ініцыяваў увядзеньне пакараньня для палітыкаў, у тым ліку і замежных, за публічнае адмаўленьне агрэсіі Расеі супраць Украіны.
«Гаворка ідзе пра ўзмацненьне адказнасьці грамадзкіх дзеячоў за адмаўленьне збройнай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Усе нашы і замежныя палітыкі, якія гавораць пра нібыта грамадзянскую вайну ва Ўкраіне, пра неўкраінскі Крым, павінны несьці адказнасьць», — заявіў прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль на пасяджэньні ўраду 9 сьнежня. Гаворка ідзе пра Адміністрацыйны кодэкс, які прадугледжвае штраф.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Украіны: Лукашэнка спаліў усе масты ў адносінах з Украінай