Пра гэта заявіла намесьніца дзяржсакратара ЗША ў палітычных пытаньнях Вікторыя Нуланд падчас пасяджэньня сэнацкага камітэту міжнародных адносін.
Вашынгтон асьцерагаецца, што залежнасьць Менску ад Крамля, якая толькі ўзмацняецца, стварае патэнцыйную пагрозу выкарыстаньня Беларусі расейскімі вайскоўцамі для «маршу ва Ўкраіну» або для маскаваньня пад беларускія ўзброеныя сілы.
«Мы за гэтым назіраем. Асаблівую занепакоенасьць выклікае тое, што Лукашэнка памяняў сваю пазыцыю ў дачыненьні да Крыму. Доўгі час ён пазьбягаў прызнаньня прэтэнзій Расеі на паўвостраў, але зьмяніў свой курс тыдзень таму», – паведаміла Вікторыя Нуланд.
Што сказаў Лукашэнка пра Крым
30 лістапада ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Дзьмітрыю Кісялёву Аляксандар Лукашэнка заявіў, што лічыць Крым расейскім, і расказаў пра пляны наведаць Севастопаль.
«Крым дэ-факта, я тады яшчэ сказаў, ня памятаю, быў ужо рэфэрэндум ці не. А пасьля рэфэрэндуму Крым і дэ-юрэ стаў расейскім. Маё наведваньне Крыму, на што я маю поўнае права, чый бы ні быў Крым. Гэта і мой Крым, упершыню на моры я пабываў у Крыме. (...) Мне прэзыдэнт (Пуцін. — РС) прапанаваў, давай калі-небудзь адскочым... Калі мы на катэры зь ім былі, на шхуне боўталіся на Чорным моры. Акурат пра гэта гаворка зайшла. Я сказаў: „Паказаў бы мне Крым“. Ён кажа: „Няма пытаньняў“».
Паводле Лукашэнкі, гаворка з Пуціным ішла пра падарожжа самалётам, і ўмовай Лукашэнкі было пачаць візыт зь Севастопаля.
«Калі прэзыдэнт туды прыехаў з прэзыдэнтам Расеі, то якія яшчэ могуць быць прызнаньні», — сказаў Лукашэнка.
Пасьля анэксіі Расеяй украінскага Крыму Лукашэнка ўстрымліваўся ад прызнаньня яго дэ-юрэ расейскім, хоць і прызнаваў, што кантралюе яго РФ. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія Захад прызнаў сфальсыфікаванымі, а самога Лукашэнку нелегітымным, рыторыка афіцыйнага Менску пачала зьмяняцца.
Рэакцыя ў Кіеве
Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба пракамэнтаваў у інтэрвію латвійскаму выданьню Sargs.lv апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра Крым і Ўкраіну. Сярод іншага, Кулеба сказаў:
«Беларускі дыктатар Аляксандар Лукашэнка нядаўна заявіў, што плянуе наведаць акупаваны Расеяй паўвостраў Крым. Гэта невялікая, але вельмі важная дэталь значна большай карціны. Што такім чынам дасягаецца? Гэтай заявай Лукашэнка істотна спаліў усе масты ў адносінах з Украінай, зрабіўшы Беларусь варожай Украіне краінай. Такім чынам, калі разглядаць дэталі гэтай агульнай карціны паасобку, можа здацца, што сытуацыю яшчэ можна выправіць, але калі разглядаць гэтыя дэталі разам, то трэба прызнаць, што сытуацыя даволі трывожная. Нягледзячы на сьцьвярджэньні Расеі, што яна ні на кога не зьбіраецца нападаць, яе дзеяньні гавораць значна больш, чым дзяржаўная мова Крамля».
У 2014 годзе Расея з выкарыстаньнем узброенай сілы анэксавала ўкраінскі паўвостаў Крым. Гэта не прызналі законным амаль усе краіны сьвету, ЗША і Эўразьвяз у вялі супраць Расеі санкцыі. Да нядаўняга часу і афіцыйны Менск фармальна не прызнаваў далучэньня Крыму да Расеі.