Пра што сьведчаць першыя паведамленьні па выніках саміту Джо Байдэна і Ўладзіміра Пуціна? Ці застаецца ў Вашынгтона і Масквы прастора для саступак? Чаму беларускія ўлады ўвялі контрасанкцыі супраць краінаў Захаду менавіта адносна імпарту харчаваньня?
Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Карбалевіч
- Галоўнай тэмай саміту Байдэн-Пуцін была Ўкраіна.
- Увесну летась Расея таксама канцэнтравала свае сілы на мяжы з Украінай, тады таксама шмат гаварылася пра небясьпеку вайны.
- ЗША тады фактычна спынілі блякаваньне пабудовы газаправоду «Паўночны паток-2», а Расея адвяла свае войскі ад мяжы.
- Цяпер сытуацыя паўтараецца.
- Пуцін патрабуе гарантыяў ваеннага нэўтралітэту Ўкраіны.
- У заяве Белага дому адзначаецца, што калі Расея нападзе на Ўкраіну, ЗША адкажуць «эканамічнымі і іншымі мерамі».
- Пра вайсковыя меры гаворкі не ідзе.
- Здаецца, што цяпер формулы кампрамісу няма. ЗША не гатовыя на тую схему вырашэньня сусьветных праблемаў, якую прапануе Крэмль, на новую «Ялту».
Цыганкоў
- Зараз будзе вайна інтэрпрэтацыяў вынікаў гэтага саміту.
- Кожны бок будзе прадстаўляць сябе пераможцам.
- Расея дзейнічае, як Лукашэнка: ствару крызіс, а потым папрасіце мяне яго вырашыць.
- Магчыма, другі раз амэрыканцы ня ўспрымуць гэтую тактыку Пуціна.
- Расея дамагаецца неўступленьня Ўкраіны ў NATO, а як максымум — звадаў ва Ўкраіне і пераарыентацыі яе.
- Расейцы кажуць ЗША, што могуць ва Ўкраіне нанесьці ім яшчэ адну зьнешнепалітычную паразу пасьля Афганістану.
- Прэзыдэнцтва Байдэна можа ня вытрымаць яшчэ адной паразы.
- Мы таксама можам падвышаць стаўкі, — адказвае Вашынгтон.
- Унутрыпалітычнае супрацьстаяньне ў ЗША ўплывае на замежную палітыку.
Карбалевіч
- І Лукашэнка, і прэм’ер Галоўчанка казалі, што Беларусь у адказ на санкцыі знойдзе захады, якія зробяць Эўропе балюча.
- Пасьля прыняцьця 4 пакету санкцыяў ЭЗ Галоўчанка намякнуў, што могуць быць зробленыя захады супраць кампаніяў з заходнім капіталам у Беларусі.
- Але рэальныя контрасанкцыі аказаліся значна слабейшымі.
- Наўрад ці Лукашэнка ўсурʼёз пагражаў перакрыцьцём газаправоду «Ямал — Заходняя Эўропа».
- Гэтая труба — уласнасьць Расеі, гэта быў бы падвойны скандал.
- Цяпер расейцы супакояцца.
- Ранейшая сытуацыя была дзіўнай, калі адзін чалец мытнага саюзу ўводзіць гандлёвыя санкцыі адносна трэціх краінаў, а другі чалец — не.
Цыганкоў
- Беларускія контрасанкцыі ня стануць ударам для заходніх вытворцаў харчаваньня.
- Калі падобныя контрасанкцыі 146-мільённай Расеі не прынесьлі вялікіх праблемаў эўрапейскім фэрмэрам, то тым больш гэта тычыцца значна меншай Беларусі.
- Да таго ж заўсёды заяўлялася, што Беларусь забясьпечвае сябе ўласным харчаваньнем, харчовы імпарт і сапраўды не такі і вялікі.
- Праўда, потым высьвятляецца, што бульбу Беларусь купляе ў Эгіпце, а яблыкі — у Польшчы.
- Гэта аказваецца выгадней, чым вырошчваць у Беларусі.
- Відавочна, што вынікам контрасанкцыяў стане рост цэнаў, што б там ні рабіў урад.
- Гэта чарговы жэст ляяльнасьці, адданасьці Пуціну.
- Лукашэнка зараз скажа, што Беларусь увяла контрасанкцыі, каб абараніць Расею ад кантрабанды, ад так званых «беларускіх крэвэтак».
- Дык дайце грошай, кампэнсуйце выдаткі.
- Раней абяцалі абараніць Расею і ад натаўскіх танкаў, цяпер абароняць ад крэвэтак і авакада.
Што было раней
- Прэзыдэнты ЗША і Расеі Джо Байдэн і Ўладзімір Пуцін пагаварылі празь відэасувязь. Гутарка адбывалася на тле рэзкага абвастрэньня напружанасьці вакол Украіны. Краіны Захаду і Кіеў лічаць, што Масква можа рыхтаваць збройнае ўварваньне ў гэтую краіну.
- Пуцін знаходзіўся ў Сочы, а Байдэн — у Сытуацыйным пакоі Белага дому ў Вашынгтоне. Тэлемост быў арганізаваны з дапамогай абароненай лініі відэасувязі, якая выкарыстоўвалася ўпершыню.
- Размова цягнулася каля 2 гадзін. Перамовы праходзілі ў закрытым ад прэсы рэжыме.
- 7 сьнежня старшыня Савету міністраў Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову ўраду, якая забараняе ўвоз на тэрыторыю краіны групы тавараў — каб «забясьпечыць абарону нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь».
- У пастанове вызначаны пералік падсанкцыйных харчовых тавараў, якія паходзяць з Эўрапейскага Зьвязу і яго дзяржаў-сябраў, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Канады, Каралеўства Нарвэгія, Рэспублікі Альбанія, Рэспублікі Ісьляндыя, Рэспублікі Паўночная Македонія, Злучанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Чарнагорыі, Швайцарскай Канфэдэрацыі.