Пуцін знаходзіўся ў Сочы, а Байдэн — у Сытуацыйным пакоі Белага дому ў Вашынгтоне. Тэлемост быў арганізаваны з дапамогай абароненай лініі відэасувязі, яна выкарыстоўвалася ўпершыню.
Размова цягнулася каля 2 гадзінаў. Перамовы праходзілі ў закрытым ад прэсы рэжыме. Расейскія агенцтвы апублікавалі кароткае відэа, на якім прэзыдэнты прывіталі адзін аднаго.
Сумеснай заявы па выніках перамоваў не чакалася.
Прыкладна праз гадзіну пасьля завяршэньня перамоваў зьявілася кароткае паведамленьне пра іх на сайце Белага дому.
- У ім гаворыцца, што Байдэн і Пуцін абмеркавалі шырокае кола пытаньняў расейска-амэрыканскіх адносін.
- Байдэн выказаў глыбокую занепакоенасьць ЗША і іх эўрапейскіх саюзьнікаў адносна нарошчваньня Расеяй сіл вакол Украіны і дакладна даў зразумець, што ЗША і саюзьнікі адкажуць эканамічнымі і іншымі мерамі ў выпадку ваеннай эскаляцыі.
- Прэзыдэнт ЗША таксама падкрэсьліў падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і заклікаў вярнуцца да дыпляматычных перамоваў.
- Прэзыдэнты, як сказана ў паведамленьні, даручылі сваім камандам далей абмяркоўваць гэтае пытаньне. ЗША будуць рабіць гэта ў каардынацыі з саюзьнікамі і партнэрамі.
- Бакі абмеркавалі таксама стратэгічную стабільнасьць, перамовы пра нядаўнія кібэратакі і сумесную працу па такіх пытаньнях, як Іран.
Парадак дня перамоваў — вэрсіі Крамля і Белага Дому
Як гаварылася ў апублікаваным напярэдадні «відэасаміту» паведамленьні Белага дому, лідэры дзвюх краінаў падчас перамоваў 7 сьнежня павінны абмеркаваць розныя аспэкты амэрыканска-расейскіх адносінаў, у тым ліку стратэгічную стабільнасьць, кібэрбясьпеку і рэгіянальныя пытаньні. «Прэзыдэнт Байдэн падкрэсьліць занепакоенасьць ЗША ў сувязі зь дзеяньнямі расейскіх вайскоўцаў на мяжы з Украінай і пацьвердзіць падтрымку Злучанымі Штатамі сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», — сказана ў паведамленьні.
Памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў сьцьвярджаў, што Байдэн і Пуцін на віртуальным саміце абмяркуюць сытуацыю ў Афганістане, перамовы аб выратаваньні атамнай зьдзелкі з Іранам і амэрыканска-расейскія адносіны. Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў казаў, што падчас размовы таксама абмяркуюць двухбаковыя сувязі і выкананьне дамоўленасьцяў, дасягнутых на чэрвеньскім саміце ў Жэнэве. Таксама ў Крамлі згадалі і пра ўкраінскую праблематыку.
У той час як амэрыканскі бок перад перамовамі прэзыдэнтаў рабіў акцэнт менавіта на пагрозе расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, Крэмль казаў галоўным чынам пра неабходнасьць абмеркаваць амэрыканска-расейскія адносіны. Як сказаў у аўторак Пяскоў, ад размовы «ня трэба чакаць ніякіх прарываў. Гэта рабочая размова, якая праводзіцца ў вельмі складаны пэрыяд». Паводле прадстаўніка Крамля, у Маскве разьлічваюць на тое, што размова будзе «ўзаемапаважлівай» і бакі ўлічаць «інтарэсы і занепакоенасьць адзін аднаго».