Пра гэта — у матэрыяле вашынгтонскага карэспандэнта Свабоды Юрыя Жыгалкіна.
«Прэзыдэнт Байдэн сказаў прэзыдэнту Пуціну наўпрост: калі Расея паглыбіць уварваньне ва Ўкраіну, Злучаныя Штаты і нашы эўрапейскія саюзьнікі адкажуць жорсткімі эканамічнымі мерамі. Мы дамо ўкраінцам дадатковыя сродкі абароны звыш і па-за межамі таго, што мы ўжо пастаўляем. І мы ўмацуем нашых саюзьнікаў на ўсходнім флянгу NATO ў адказ на такую эскаляцыю», — заявіў падчас прэс-брыфінгу дарадца прэзыдэнта Байдэна па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джэйк Саліван.
Ён адмовіўся называць дэталі мераў, якія абмяркоўваюцца ў Белым доме, але, як ён сказаў, Джо Байдэн, гледзячы ў вочы Ўладзіміру Пуціну, папярэдзіў расейскага лідэра, што ЗША гатовыя зрабіць тое, чаго яны не зрабілі ў 2014 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Расею непакоіць магчымасьць прыняцьця Ўкраіны ў NATOБылы памочнік дзяржсакратара ЗША Дэйвід Крэймэр спадзяецца, што Джо Байдэн здолеў пераканаць Уладзіміра Пуціна ў сур’ёзнасьці намераў Белага дома:
— Я хачу верыць, што на працягу двухгадзіннай размовы прэзыдэнт Байдэн цалкам ясна растлумачыў Уладзіміру Пуціну, у што абыдзецца Крамлю ваенная апэрацыя супраць Украіны, каб Пуціну было зразумела, што гэта будзе гіганцкай памылкай. Я, зрэшты, ня ўпэўнены, што Пуцін зробіць менавіта такую выснову з гэтай размовы. Пачакаем — убачым. Між тым ёсьць усе ўказаньні на тое, што Злучаныя Штаты разам з эўрапейскімі саюзьнікамі рухаюцца ў напрамку дамоўленасьці аб пакеце санкцыяў, якія будуць рэальна балючымі для Ўладзіміра Пуціна. Цяпер неабходна данесьці да разуменьня Крамля, што гэтыя санкцыі будуць запушчаныя імгненна ў выпадку пачатку расейскай апэрацыі супраць Украіны. Ня будзе ніякага прамаруджаньня, шматмесячнага абмеркаваньня і падрыхтоўкі санкцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што Джо Байдэн і Ўладзімір Пуцін пагаварылі празь відэасувязьЯк і некаторыя іншыя аналітыкі, Дэйвід Крэймэр лічыць, што на гэты раз адказам будзе адключэньне Расеі ад сыстэмы міжнародных плацяжоў SWIFT:
— Я думаю, што адключэньне Расеі ад сыстэмы SWIFT адназначна знаходзіцца ў сьпісе мераў, якія рыхтуюцца. Хутчэй за ўсё, мы ўбачым больш жорсткія санкцыі ў адносінах да энэргетычнага, банкаўскага, фінансавага сэктараў расейскай эканомікі. Я ня ўпэўнены, што ў Белым доме гатовыя да санкцыяў супраць самога Пуціна, але можна меркаваць, што абʼектам санкцыяў на гэты раз стануць дзеячы вышэйшага эшалёну ўлады. Хочацца верыць, што «Паўночнай плыні — 2» будзе пакладзены канец у выпадку нападу Расеі на Ўкраіну, хоць гэта ў вялікай меры будзе залежаць ад рашэньня Нямеччыны. Акрамя гэтага, рэзка павялічацца пастаўкі вайсковай дапамогі Ўкраіне з тым, каб дапамагчы ёй абараніцца, і, хутчэй за ўсё, узрасьце вайсковая прысутнасьць ЗША ў Польшчы, Літве, Латвіі і Эстоніі — краінах, якія знаходзяцца на лініі фронту.
Уладзімір Пуцін, зрэшты, пачуў ня толькі папярэджаньні пра наступствы патэнцыйнай ваеннай апэрацыі супраць Украіны, але і запрашэньне да размовы, кажа прафэсарка Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту Анджэла Стэнт:
— Байдэн, з аднаго боку, зрабіў сурʼёзнае папярэджаньне аб непрымальнасьці ўварваньня ва Ўкраіну, прыгразіўшы Крамлю значна больш жорсткімі санкцыямі, чым раней. З другога — ён кажа, што ЗША аддаюць перавагу вырашэньню праблемы дыпляматычным шляхам, што Вашынгтон гатовы разам з эўрапейцамі і Расеяй сесьці і абмеркаваць гэтыя праблемы, што Белы дом падтрымлівае менскі працэс, што ён гатовы гаварыць аб стратэгічнай стабільнасьці з Крамлём. Я падазраю, што Крэмль атрымаў сёе-тое з жаданага. Па-першае, «віртуальны расейска-амэрыканскі саміт», ня выключана, што рыхтуецца і рэальная сустрэча двух лідэраў. Па-другое, ён атрымаў абяцаньні ад Злучаных Штатаў сесьці за стол перамоваў і абмеркаваць тое, што непакоіць Маскву. З пункту гледжаньня Белага дому, такія крокі прымальныя, калі яны дапамогуць пераканаць Пуціна не рабіць больш маштабных ваенных апэрацыяў супраць Украіны.
ЗША, Захад не дадуць Крамлю гарантый неўступленьня Ўкраіны ў NATO, што зьяўляецца, на думку Анджэлы Стэнт, адной з галоўных мэтаў Уладзіміра Пуціна, але адміністрацыя Байдэна можа далучыцца да перамоваў у рамках менскага працэсу, калі Масква пагодзіцца на адвод сваіх войскаў ад межаў Украіны:
— Я думаю, Пуцін хоча гарантый неўступленьня Ўкраіны ў NATO, але NATO і ЗША ніколі не дадуць такіх гарантыяў. Зь іншага боку, поўны ўдзел ЗША ў менскім працэсе магчымы. Пуцін, напэўна, гэтага жадае, бо гэта дадасьць яму прэстыжу. На мой погляд, адраджэньне менскага працэсу на новых умовах мае сэнс. Ці прынясе ён посьпех, сказаць немагчыма, але перамовы, прынамсі, зьменшаць імавернасьць ваенных акцыяў, — лічыць Анджэла Стэнт.
Невялікай саступкай Пуціну называе «віртуальны амэрыканска-расейскі саміт» супрацоўнік Гудзонаўскага інстытуту Рычард Ўайтц:
— Гэта невялікая саступка Злучаных Штатаў, таму што Расея відавочна жадала такой размовы больш, чым ЗША. Тым ня менш ён, на мой погляд, быў карысны, паколькі Байдэн і Пуцін змаглі наўпрост абмяняцца думкамі, даць зразумець, дзе яны праводзяць так званыя «чырвоныя лініі». Важна, што Ўладзімір Пуцін з вуснаў Джо Байдэна пачуў, што ў адказ на ўварваньне на ўкраінскую тэрыторыю будуць жорсткія санкцыі, хоць гэта наўрад ці было сюрпрызам для Пуціна. Гэта значыць, на мой погляд, што гэтая размова можа разрадзіць абстаноўку на некаторы час, скажам, да наступнага году, калі расейскі прэзыдэнт зноў пачне ствараць напружанасьць, зыходзячы зь нейкіх сваіх меркаваньняў, — лічыць Рычард Ўайтц.