ТАСС цытуе гэтую заяву прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна на прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы з прэм’ерам Грэцыі Кірыякасам Міцатакісам.
Для Расеі было б злачыннай бязьдзейнасьцю бязвольна назіраць за тым, што адбываецца вакол магчымага ўступленьня Ўкраіны ў NATO, заявіў Пуцін.
Расея праводзіць міралюбную палітыку, але мае права гарантаваць сваю бясьпеку на сярэдне- і доўгатэрміновую пэрспэктыву, адзначыў кіраўнік Расеі.
«Гэта пытаньне правакацыйнае», — сказаў ён, адказваючы на пытаньне журналістаў пра тое, «ці зьбіраецца ўсё ж такі Расея нападаць на Ўкраіну, ці не».
«Расея праводзіць міралюбівую зьнешнюю палітыку, але яна мае права забясьпечваць сваю бясьпеку. Як я ўжо сказаў, у сярэднетэрміновай і больш аддаленай пэрспэктыве, і мы гэта абмяркоўваем з нашымі партнэрамі, з усімі нашымі партнэрамі, уключаючы і ўчорашняга майго суразмоўцу, прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі спадара Байдэна», — працягнуў прэзыдэнт РФ.
«Мы пра гэта гаворым увесь час, публічна, папярэджваем нашых партнэраў, што гэта непрымальна. Вядома, кожная краіна мае права выбіраць свой спосаб гарантаваньня бясьпекі. Але гэта павінна быць зроблена так, каб не падрываць інтарэсы іншых бакоў і не падрываць іх бясьпеку. Гэта як зь людзьмі: свабода — дадзеная ад Госпада ўласьцівасьць кожнага чалавека, але яна павінна быць бязьмежная толькі датуль, пакуль не сутыкаецца са свабодай іншага чалавека. І тут павінны набываць моц вядомыя абмежаваньні», — заявіў Уладзімір Пуцін.