Пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў дзейнасьцю незалежнай берасьцейскай культурнай прасторы «Крылы Халопа» асабліва моцна зацікавіліся сілавікі.
З праверкамі ва ўстанове на пачатку 2021 году пабывалі прадстаўнікі фінансавай міліцыі, МНС і падатковых органаў. А празь некаторы час стала вядома, што кіраўніца «Крылаў Халопа» Аксана Гайко стала падазраванай у крымінальнай справе аб ухіленьні ад выплаты падаткаў.
У выніку ў чэрвені пракуратура Берасьцейскай вобласьці зьліквідавала ўстанову «за парушэньні закону». Паводле ведамства, падставай прынятага рашэньня стала «ажыцьцяўленьне дзейнасьці, якая не адпавядае заяўленым у статуце мэтам і прадмету».
Аднак тэатар і прастора «Крылы халопа» празь перашкоды з боку ўладаў вымушана прыпынілі сваю дзейнасьць яшчэ сёлета ў лютым. І хоць у Беларусі культурная пляцоўка фактычна ўжо ня можа рэалізаваць свае праекты, сёньня яна працягвае рабіць гэта за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ў Берасьці зьліквідавалі культурніцкія пляцоўкі «Крылы Халопа» і «Грунт будучыні»«Аўтарам хочацца выказацца, бо баліць, бо ня могуць не пісаць»
Супрацоўнікі «Крылаў халопа» зазначаюць, што адным з важных напрамкаў працы тэатру і аднайменнай прасторы заўсёды была акторская студыя. У 2016–2020 гадах яна рэалізавала некалькі тэатральных праектаў, сярод якіх форум-спэктаклі «Вялікдзень. Чайлдфры. Сукенка», «СУРмама», «Антыгона. iPower», чыткі пʼес і гісторый уцекачоў. У 2021 годзе многія ўдзельнікі студыі вымушана зьехалі з краіны. Некаторыя зь іх спыніліся ў Польшчы і вырашылі працягваць працу ў Варшаве.
«Калі мы апынуліся тут [у Варшаве], так скажам, на адной тэрыторыі, у „адной лодцы“, мы вырашылі не сумаваць, не маркоціцца, а ўзгадаць нашы лепшыя часы ў Берасьці і зрабіць нешта тут разам», — кажа Анастасія Дзядзішчава, якая ўчора арганізавала мерапрыемства, падчас якога выпускніцы акторскай студыі «Крылы халопа» прачыталі пʼесу «Хрыбет», напісаную беларускім драматургам Noname67.
Па словах Анастасіі, гэтая пʼеса незвычайная: у ёй няма традыцыйнага разьмеркаваньня роляў і дзейных асоб.
«Гэта хутчэй набор жаночых маналёгаў. Сам тэкст быў напісаны сёлета ў жніўні і ня быў нідзе агучаны публічна (сваё сапраўднае імя аўтарка палічыла за лепшае не пазначаць дзеля бясьпекі. — РС). Ён прысьвечаны падзеям, якія адбыліся пасьля жніўня 2020 году. Усё напісанае там — пра нас, пра беларусаў, пра нашу рэвалюцыю, контрарэвалюцыю. Але перададзена ўсё гэта праз унутраныя і асабістыя перажываньні аўтара, выкладзеныя праз вобразы і алегорыі. Гэта аўтарская рэфлексія тых падзей і спробы асэнсаваць, што з усімі намі адбылося», — кажа Анастасія Дзядзішчава.
Яна дадае, што сёньня беларускія аўтары дасылаюць ёй багата тэкстаў на тэму апошніх падзей у краіне.
«Аўтарам хочацца выказацца, бо баліць, бо ня могуць не пісаць. Гэта іх лад жыцьця, іх прафэсія, і гэта ўсё цяпер пішацца „ў стол“. А хочацца, каб гэтыя тэксты гучалі зараз, а не ў далёкай будучыні».
Анастасія зазначыла, што адна з мэтаў «Крылаў халопа» — у бясьпецы агучваць і абмяркоўваць пʼесы, якія на дадзены момант ня могуць быць публічна прадстаўленыя ў Беларусі.
«Працягваем перапрацоўваць гісторыю роднага гораду праз тыя „акуляры“, якія мы маем сёньня»
Пра актуальную дзейнасьць культурнай пляцоўкі «Крылы Халопа» і яе далейшую працу расказала акторка Сьвятлана Гайдалёнак.
«Мы працягваем працаваць у тым кірунку і ў тых абставінах, якія склаліся. Працягваем даносіць свае каштоўнасьці праз працу з мастацтвам тэатральным і візуальным. У „Крылаў халопа“ есьць філіял за мяжой, але мы ня ўсе зьехалі, частка з нас застаецца ў Беларусі», — кажа Сьвятлана Гайдалёнак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці фінансавая міліцыя прыйшла зь ператрусам у культурную прастору КХ
Яна расказала, што 15 студзеня ў польскім горадзе Шчэціне пройдзе паказ апошняга спэктакля «Крылаў халопа» Frau mit Automat, прэмʼера якога адбылася 5 кастрычніка ў Любліне.
«Акрамя гэтага, у нас ёсьць такі напрамак, як праца з гістарычнай спадчынай свайго гораду Берасьця. Мы, людзі культуры, вельмі прывязаныя да кантэкстаў таго места, у якім пражылі і нарадзіліся. Таму працягваем перапрацоўваць гісторыю роднага гораду праз тыя „акуляры“, якія мы маем сёньня», — кажа Гайдалёнак.
Акторка таксама расказала пра бягучую працу над онлайн-праектам «Her story» — «жаночым турам» па Берасьці, падчас якога жанчыны раскажуць пра сваё жыцьцё ў гэтым горадзе ў пэрыядзе з 1939 да 1945 году.
«Мы [супрацоўнікі „Крылаў халопа“] зь іншай пэрспэктывы глядзім на сваё мінулае, з пэрспэктывы фэміністычнай, зь іншай оптыкай, — кажа Сьвятлана. — Мы пераасэнсоўваем тое, што тады адбывалася з жанчынай, бо пра гэта не гавораць. То бок мы ідзём усьлед за сваім праектам Brest Stories Guide (аўдыёспэктакль у мабільнай аплікацыі, тэмай якога стаў антысэмітызм і зьнішчэньне берасьцейскай габрэйскай грамады ў 1941–1942 гадах. — РС)»
Сьвятлана Гайдалёнак кажа, што плянаў у «Крылаў Халопа» на гэты момант шмат:
«Хочацца ўсё рэалізаваць. І я спадзяюся, што наша роля ў будаваньні берасьцейскай супольнасьці таксама ёсьць, і што робячы „сваё“ і працуючы са „сваімі“ людзьмі, мы таксама зрабілі ўклад у зьмены да лепшага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці ўлады ліквідавалі яшчэ 2 арганізацыі: «Дзедзіч» і «За свой горад»