Па прадстаўленьні пракуратуры Берасьця «за парушэньні закону» ліквідавалі ўстановы «За свой горад» і «Дзедзіч», паведамляе БелТА са спасылкай на службу пракуратуру Берасьцейскай вобласьці.
Пракуратура лічыць, што гэтыя арганізацыі нібыта вялі дзейнасьць, якая не адпавядае заяўленым у статуце прадмеце і мэтам.
Яна тлумачыць, што са жніўня 2020 установа «За свой горад» насуперак статутным задачам, пазначаным як садзейнічаньне ўсебаковаму сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму разьвіцьцю гарадоў Беларусі, пачала разьмяшчаць на сваіх старонках у сацсетках інфармацыю, накіраваную на распальваньне варожасьці па прафэсійнай прыкмеце.
А ўстанова «Дзедзіч» замест аказаньня інфармацыйна-кансалтынгавых паслуг у галіне культуры арганізоўвала конкурсы мастацкіх твораў і трансьляцыю ў сацыяльных сетках ролікаў, якія прапагандуюць фармаваньне ў грамадзян ухвальнага стаўленьня да здзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў.
Пракуратура папярэджвае, што працягвае выяўляць арганізацыі, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць, не адпаведную статутным мэтам.
Рэакцыя ў закрытых арганізацыях
Прадстаўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі ў інтэрвію Свабодзе пракамэнтваў гэтае рашэньне:
«Нам вельмі шкада аб прынятым рашэньні. Мы лічым, што ў год народнага адзінства неабходна шукаць рашэньне для кансалідацыі грамадзтва. Наша дзейнасьць па рашэньню мясцовых праблем не заўсёды падабалася асобным чыноўнікам, але многія жыхары рэгіёну былі ўдзячныя за наданую дапамогу. Мы лічым, што ад такога рашэньня прайгралі многія, у тым ліку органы ўлады.
Мы паказвалі на асобныя болевыя кропкі ў горадзе: дзе, што, а галоўнае як можна і трэба выправіць. Наша місія – паляпшэньне сытуацыі ў рэгіёне, а не «чым горш, тым лепш». Больш падрабязна можаце пачытаць у сацыяльных сетках. Прыйдзе час і арганізацыя адновіць сваю дзейнасьць.
Дапамагаць адзін аднаму нас вучылі бацькі, школа, унівэрсытэт. Для гэтага не абавязкова мець арганізацыю. Мы просім нашых прыхільнікаў дапамагаць аднаму ў цяжкіх сытуацыях, я асабіста гэта буду рабіць заўсёды, у тым ліку для вырашэньня лякальных праблем».
Прадстаўнік арганізацыі «Дзедзіч» Дзьмітры Шыманскі паведаміў Свабодзе, што яны рыхтуюць заяву з гэтай нагоды:
«Калі коратка — рашэньне, канешне, у дадзенай сытуацыі было прадказальным. Нам, безумоўна, шкада страціць магчымасьць працаваць пад гэтым брэндам, але мы верым, што робім карысную справу для Берасьця і для яго жыхароў. І будзем працягваць яе рабіць далей. Назва — не галоўнае. Галоўнае, што застаюцца людзі, якія ствараюць нашу арганізацыю і будуць працаваць далей над яе разьвіцьцём».
Паводле грамадзкай дзяячкі зь Берасьця Іны Кулей, «абедзьве арганізацыі вядомыя слушнымі справамі на карысць роднага гораду, яны аб’ядноўвалі жыхароў горада і натхнялі на стваральныя праграмы. Важныя і вядомыя арганізацыі паважаныя берасьцейцамі».
Навуковец і грамадзкая актывістка з Берасьця Ірына Лаўроўская адрэгавала на навіну так:
«Усе важныя для Беларусі сацыяльныя, экалягічныя, інфраструктурныя і культурныя праекты — гэта ініцыятывы грамадзянскай супольнасьці. На ідэях і праектах толькі аднога аб’яднаньня «Стары горад», якое было ліквідавана яшчэ ў 2007 годзе, паўстала так шмат важных для гораду і краіны праектаў, што й палічыць цяжка. Ліквідацыя больш маладых, але вельмі актыўных арганізацый, да якіх належаць «Дзедзіч» і «За свой горад»,— гэта на маю думку праява сьмяротнай хваробы рэжыму і дэманстрацыя бязьмежнага страху перад будучым».
У Берасьці ў канцы чэрвеня на ініцыятыву пракуратуры ліквідавалі дзьве папулярныя культурныя пляцоўкі — тэатар «Крылы халопа» і «Грунт будучыні».
Паводле ведамства, ад жніўня 2020 году ўстанова «Тэатар „Крылы халопа“» арганізоўвала выставы работ і мастацкія прэзэнтацыі твораў, нібыта накіраваныя на фармаваньне ў грамадзян ухвальнага стаўленьня да зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў.
Свабодны тэатар «Крылы халопа» ў 2014 годзе адкрыў уласную культурніцкую прастору. Тут ствараліся спэктаклі, працавалі тэатральныя студыі, адбываліся лекцыі, сустрэчы і паказы ў галіне сучаснага тэатральнага мастацтва, рэалізоўваліся тэатральныя праекты, у тым ліку зь дзецьмі і недзеяздольнымі людзьмі, была тэатральная бібліятэка. Калектыў неаднаразова езьдзіў на гастролі.
Што да ўстановы «Грунт будучыні», то ёй у віну ставіцца тое, што заснавальнік і кіраўнік установы Віктар Клімус, чалец Каардынацыйнай рады, нібыта быў сярод з арганізатараў масавых акцый пратэсту ў Берасьці, а цяпер пакінуў тэрыторыю Беларусі.