Значыць, зноў наперадзе — масавыя аблавы, ператрусы, затрыманьні, канфіскацыі, арышты.
Затрымліваць ужо асабліва няма каго і няма за што. Тыя, хто сапраўды арганізоўвалі і актыўна ўдзельнічалі ў масавых пратэстах лета і восені 2020 года, пераважна даўно па-за межамі дасягальнасьці беларускага ГУБАЗІКу.
Значыць, прыйдуць да тых, да каго ўжо раней прыходзілі і чые імёны засталіся ў «базе». Альбо да тых, чые імёны называлі падчас допытаў раней затрыманыя і да каго не даходзілі рукі. Альбо зьявіцца новая ўстаноўка і пад арышт і ператрус падпадуць аўтары новых непажаданых камэнтароў — пра мігрантаў, пра Лукашэнку, пра загінулага «кадэбіста», пра расейскіх вайскоўцаў...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі затрымалі 11 чалавек за камэнтары пра загінулых расейскіх дэсантнікаў, завялі крымінальную справуПрактычна адзіны прыкметны адказ улады на санкцыі Захаду — гэта новы ўдар абухом па сваіх людзях у сваёй краіне. Спачатку гэта былі сапраўды апанэнты ўлады. Цяпер усё часьцей — тыя, хто патэнцыйна мог быць ці ў пэрспэктыве мог стаць апанэнтам. Такі вось асымэтрычны адказ Захаду.
Канчатковая зачыстка
Канчатковая зачыстка, зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці — гэта «здабытак» 2021 году. Калі ў навагоднюю ноч Аляксандар Лукашэнка абвяшчаў надыходзячы 2021-ы «Годам народнага адзінства», здавалася, што ён сапраўды зьбіраецца «перагарнуць старонку». Але пад «адзінствам», як высьветлілася трохі пазьней, улада мела на ўвазе зусім не грамадзкую згоду і не прымірэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шукаюць арганізатараў і фінансістаў пратэстаў». Хваля ператрусаў і затрыманьняў па ўсёй БеларусіНейкі час на пачатку году ў атачэньні Лукашэнкі, здаецца, яшчэ вагаліся наконт таго, ці распачынаць шырокую хвалю палітычных рэпрэсій. Пра тое, што выбар быў зроблены на карысьць зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці і рэпрэсій, можна было здагадацца са словаў Уладзімера Макея (інтэрвію дзяржаўнаму тэлебачаньню 10 красавіка 2021 году):
«Любое далейшае ўзмацненьне санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць перастане існаваць.... Рэжым моцны, ён выстаіць. Таму трэба выстройваць зь ім адносіны, зыходзячы з гэтага факту. ... Гэта прывядзе адназначна, калі далей будзе нагнятацца сытуацыя, да таго, што ня будзе той грамадзянскай супольнасьці, пра якую так клапоцяцца нашы эўрапейскія партнэры».
Тое, што загад на зьнішчэньне аддадзены, Лукашэнка абвясьціў сам у сваёй сьвяточнай прамове напярэдадні Дня Рэспублікі, 2 ліпеня 2021 году:
«...Я даручыў праваахоўным органам правесьці, груба кажучы, зачыстку па ўсёй краіне. Яны перайшлі рысу. Мы ім дараваць ня можам... Ужо, напэўна, няма аблудных, падманутых у краіне, якія б не пераканаліся, што ў сапраўднасьці адбывалася ўчора і адбываецца сёньня. Засталіся толькі ворагі, якія гавораць: не, гэта ня так, гэта іншае».
На той час рэпрэсіі ўжо былі ў разгары: «зачыстка» жвава праводзілася па ўсёй Беларусі. Грамадзкія арганізацыі і незалежныя мэдыя ня проста закрывалі — іх офісы грамілі, тэхніку канфіскоўвалі, людзей арыштоўвалі.
Гэты працэс працягваецца і сёньня.
«Выражам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі», «Гэта не апазыцыя, гэта здраднікі» — вось фразы зь нядаўняга інтэрвію Лукашэнкі ВВС. Ужо няма стрыманасьці — ні ў словах, ні ў справах. Лексыка нібы ў сталінскіх пракурораў у 1937-м.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў інтэрвію ВВС пра ліквідацыю няўрадавых арганізацый: «Выражам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі». ВІДЭААле вось цяпер, пад канец году, прыйшлі да сытуацыі, калі грамадзянская супольнасьць практычна ўжо зьнішчаная, а санкцыйныя пакеты з Захаду толькі пачынаюць прыходзіць на беларускія адрасы. Больш за тое, анансуюцца ўсё новыя і новыя. І чым цяпер адказваць на гэта ўладзе, калі сьпіс нерэпрэсаваных актывістаў практычна скончыўся? Распачынаць арышты тых, хто ўжо адседзеў? Ці брацца за выкрыцьцё ўнутраных ворагаў ва ўласных шэрагах — тых, якія да пары хаваліся «пад плінтусам»? На практыцы адбываецца і тое, і другое. І гэтым не абмяжоўваецца.
Вялікі тэрор. Беларуская вэрсія ХХІ стагодзьдзя
Як доўга могуць працягвацца палітычныя рэпрэсіі? Да апошняга арыштаванага апазыцыянэра? Да апошняга падазронага паста ў Telegram і Facebook? Да таго часу, пакуль ня стомяцца рукі, што выбіваюць кувалдамі дзьверы ў кватэрах беларусаў?
У жыцьці нашага пакаленьня адбываецца прыблізна тое, што нашым дзядам і бабулям давялося перажыць у 30-я. І даводзіцца міжволі арыентавацца на іхны драматычны досьвед пакутаў і выжываньня пры нялюдзкай уладзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён хацеў бачыць Беларусь свабоднай». Як сям’я расстралянага віцэ-прэм’ера БНР Смоліча паўстагодзьдзя шукала яго сьляды«Вялікі тэрор», «яжоўшчына» ў СССР доўжыліся прыблізна паўтара года — зь вясны 1937-га па кастрычнік 1938-га. Пачалося ўсё з даклада Сталіна на партыйным пленуме «Аб недахопах партыйнай работы і мерах ліквідацыі трацкісцкіх ды іншых двурушнікаў», які тады ж паўтарыў сваю дактрыну «пра абвастрэньне клясавай барацьбы па меры будаўніцтва сацыялізму». А скончылася ў верасьні—лістападзе 1938-га шырокамаштабнымі арыштамі тых, чыімі рукамі палітычныя рэпрэсіі ажыццяўляліся (найперш НКВД на чале зь Яжовым, які неўзабаве сам пайшоў пад сталінскі нож за сваю «кіпучую чэкісцкую работу» як здраднік і шкоднік. А разам зь ім туды ж выправілі і тысячы іншых заўзятых выканаўцаў злачынных загадаў. «Многіх нявінных загубіў. Мы яго за гэта расстралялі», — падсумуе ў 1941 годзе дзейнасьць свайго адданага «генэральнага камісара дзяржбясьпекі» сапраўдны ініцыятар вялікага тэрору Сталін).
Чытаючы праўладныя мэдыя, слухаючы прапагандыстаў, якія абслугоўваюць уладу, ахоплівае зьдзіўленьне: як яны радуюцца, аж захлынаюцца ад захапленьня: «Чакайце, прыйдуць па ўсіх вас!». Кепска вучылі гісторыю. Пасьля таго, як «выражуць» усіх «ворагаў», прыйдуць па вас, азаронкі і дзерманты. За тое, што цкавалі ня тых. Ці ня так. Ці недастаткова заўзята.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню апублікавалі прозьвішчы чэкістаў, датычных да сталінскіх расстрэлаў на АршаншчынеНават дасьведчаным гісторыкам незразумела, чаму асноўны размах рэпрэсій упісаўся менавіта ў такія часавыя рамкі — паўтара года. Ніякіх відавочных вонкавых ці ўнутраных прычын нібыта не было. Наркам Яжоў цудоўна спраўляўся з працай ката і забойцы: лік рэпрэсаваных ішоў на сотні тысяч. Савецкае грамадзтва анямела ад жаху і не было здольнае ні на які супраціў. Здавалася, такі ж тэрор мог працягвацца і далей. Але ён быў нечакана спынены. У сьнежні 1938-га нават пачалося масавае вызваленьне «контрарэвалюцыянераў»: ад 150 да 200 тысяч выйшлі на волю (тыя, каму пашанцавала перажыць катаваньні і ў каго не дайшла чарга да вынясеньня прысуду «тройкі»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здавалася, што людзей выпусьцілі не з ІЧУ, а з канцлягера». Гісторыя судмэдэкспэрткі, якая зьехала зь Беларусі ад перасьледуВядома, гэта не азначае, што Сталін стаў іншым альбо што зьмянілася сутнасьць дыктатарскага сталінскага рэжыму. Проста, відаць, і ў кампаній палітычных рэпрэсій ёсьць свой тэрмін прыдатнасьці і свая лёгіка разгортваньня і затуханьня. Самыя апантаныя карнікі стамляюцца, самае вострае пачуцьцё помсты наталяецца і затухае. Прыступ страху за сваю непадзельную ўладу мінае. І здараецца, нават заўзятыя забойцы і гвалтаўнікі жахаюцца ад таго, што ўчынілі.
Калі зыходзіць з таго графіку «яжоўшчыны», умоўна накладзенага на сёньняшнюю Беларусь, цяпер у краіне — канец 1937-га. І да свайго кастрычніка 1938-га, калі абцугі рэпрэсій аслабнуць, калі надыдзе хаця б часовая адліга, беларусам яшчэ трэба дажыць...
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.