З таго часу, як Беларусь здабыла незалежнасьць, аршанскія актывісты зьбіраюць зьвесткі і дакумэнты ня толькі пра рэпрэсаваных на Аршаншчыне, але і пра тых, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады.
На сайце ініцыятывы ўпершыню апублікавалі сьпіс супрацоўнікаў Аршанскага аддзелу НКВД, задзейнічаных у рэпрэсіях сталінскага пэрыяду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваякі рэпрэсаваных зрабілі сайт пра аршанскія КурапатыНекаторыя са згаданых у сьпісе за перавышэньне ўлады і беспадстаўную жорсткасьць былі пакараныя і нават расстраляныя, а іншыя дажылі да глыбокай старасьці.
Сярод іншага ўдалося высьветліць, што адзін са сьледчых у 1938 годзе дапытваў і катаваў Залмана Шыфрына — бацьку вядомага расейскага гумарыста Яфіма Шыфрына.
Ворша — трэці па колькасьці расстраляных у сталінскія часы горад Беларусі, афіцыйна тут вядомыя імёны прынамсі 2 тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Яшчэ ў 1982 годзе савецкія ўлады прызналі, што ў Воршы ў двух месцах адбываліся масавыя расстрэлы — за 6 гадоў да таго, як пракуратура БССР распачала «курапацкую» справу. Гаворка пра Кабыляцкую гару і Харкаўскі лес. У памяць пра першае месца паўстала ініцыятыва, якую так і назвалі — «Кабылякі».
Кабыляцкая гара сёньня — гэта лес у раёне «Цагельны», дзе вакол заводу жалезабэтонных вырабаў і канструкцый вырасла прамысловая зона. У 1982 годзе да заводу пракладалі чыгунку, і экскаватар разам зь пяском выкапаў парэшткі 50 чалавек. Выканкам прыпыніў будаўніцтва і сабраў камісію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яшчэ адны аршанскія Курапаты»: пад Воршай паставілі крыж памяці ахвярам сталінізму, цяпер у Харкаўскім лесе«Жыхары пацьвярджаюць, што расстрэлы савецкіх людзей праводзіліся ў 1937–1939 гадах органамі НКВД, — было напісана ў акце дасьледаваньня. — У гэты пэрыяд лес на так званай „Кабыляцкай гары“ быў месцам масавых расстрэлаў ні ў чым не вінаватых людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 95-гадовая дачка стваральніцы арнамэнту на дзяржаўным сьцягу наведала помнік рэпрэсаванаму бацьку. ФОТАЧас расстрэлаў вызначылі па абутку. На савецкіх ботах ставілі штамп з датай і месцам вырабу. Амаль усе боты датаваныя 1937–1938 гадамі. Датычнасьць НКВД вызначылі па стрэлах у патыліцу, бо немцы звычайна стралялі ў цела.
Аршанскія курапаты: што важна ведаць
- У 1982 годзе, калі будавалі чыгунку ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, знайшлі чалавечыя парэшткі. Створаная ў Воршы адмысловая камісія афіцыйна прызнала, што гэта парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Кабыляцкая гара была прызнана месцам масавых расстрэлаў упершыню ў Беларусі — раней за менскія Курапаты.
- Першы помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій зьявіўся тут у 1990 годзе, яшчэ ў часы СССР. Паводле распараджэньня тагачасных уладаў Воршы тут паставілі стандартную жалезную «тумбачку» — сапраўдны помнік меліся зрабіць пазьней.
- У 1994 годзе на прапанову аршанскага гісторыка Юрыя Копціка замест помніка на Кабыляцкай гары паставілі камень-валун, а на ім — шыльду з радкамі Ганны Ахматавай: «Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать». Неўзабаве шыльду скралі вандалы, сьледам за ёй і наступную.
- Пасьля 1994 году мясцовыя ўлады забыліся на помнік. Чыноўнікі сюды не зьяўляліся ні разу, але грамадзкія актывісты штогод зьбіраліся на Дзяды і займаліся добраўпарадкаваньнем гэтых мясьцін. У сярэдзіне 1990-х тут пачаў стыхійна стварацца самаробны мэмарыял: нашчадкі рэпрэсаваных пачалі ставіць крыжы і помнікі ў памяць пра сваіх родных.
- Кабыляцкая гара — не адзінае месца сталінскіх расстрэлаў, вядомае аршанцам. Старажылы кажуць, што ў 1930-я гады расстрэлы адбываліся і ў Харкаўскім лесе каля магілёўскай шашы, і ў мясцовай турме, якую зрабілі ў мурах езуіцкага калегіюму. Нашчадкі рэпрэсаваных і мясцовыя актывісты хочуць паставіць памятныя знакі і ў гэтых месцах.