Сьцісла:
- Імавернасьць вяртаньня ў Беларусь ядзернай зброі блізкая да нуля.
- Але як спосаб пужаць Захад такія заявы могуць працаваць.
- Прызнаньне Крыму расейскім — гэта цана, якую Лукашэнка гатовы заплаціць за падтрымку Пуціным таго варыянту транзыту ўлады, які задумала беларускае кіраўніцтва.
- Ня ўпэўнены, што Кіеў на знак пратэсту гатовы рваць гандлёвыя сувязі зь Беларусьсю і далучыцца да заходніх санкцый.
Не ўпершыню Лукашэнка выказвае жаданьне вярнуць у Беларусь ядзерную зброю. Аднак апошнім разам гэта было даўно. Наўрад ці Расея на гэта пойдзе з шэрагу прычын. Найперш, дзеля гэтага няма практычнай неабходнасьці. Калі РФ захоча даць адказ на патэнцыйнае разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Польшчы, то ракеты зь ядзернымі боегалоўкамі можна разьмясьціць у Калінінградзкай вобласьці. Да таго ж існуе вялікі недавер паміж Масквой і Менскам, каб даверыць Лукашэнку такую небясьпечную цацку, як ядзерная зброя.
Але як спосаб пужаць Захад такія заявы могуць працаваць. Раней Лукашэнка ўжо заяўляў на адрас ЭЗ і ЗША, што калі не прызнаеце мяне, то можа быць вайна. Прымус да вонкавай легітымнасьці пад пагрозай вайны — такая цяпер ваяўнічая тактыка афіцыйнага Менску.
Прызнаньне дэ-юрэ Крыму расейскім, пляны наведаць Севастопаль — гэта, на мой погляд, ход зь іншай матывацыяй. Наўрад ці можна сумнявацца, што ўчорашнія абяцаньні Лукашэнкі выступіць на баку Расеі ў выпадку новай расейска-ўкраінскай вайны, цяперашняя заява пра Крым ляжаць у адным рэчышчы. Падаецца, што ўкраінскі кейс — гэта апошняя казырная карта, якою Лукашэнка гуляе з Расеяй. Усё, больш, здаецца, нічога няма, ніякіх іншых аргумэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы пасьлядоўна рыхтуюць Беларусь для таго, каб дзейнічаць супольна». Як Менск можа дапамагчы Маскве ў канфлікце з УкраінайГэтую казырную карту ён прыхаваў на крайні выпадак. Бо Лукашэнка рызыкуе канчаткова страціць рэпутацыю незалежнага ад Масквы палітыка ў вачах краін Азіі, Блізкага Ўсходу. Прызнаньне Крыму расейскім — гэта пераход у статус марыянэткі РФ у вачах нават лідэраў постсавецкіх дзяржаваў, гэта значыць апынуцца ў адным шэрагу з Абхазіяй, Паўднёвай Асэтыяй.
Што ж гэта за крайні выпадак?
Так, заходнія санкцыі — непрыемная рэч. Але калі яны яшчэ дадуць нэгатыўны эфэкт. Падаецца, ёсьць больш важнае пытаньне, дзеля якога можна ахвяраваць адносінамі з Украінай. Гэта падтрымка Пуціным таго варыянту транзыту, які задумаў Лукашэнка. Гледзячы па ўсім, прэзыдэнту РФ ня вельмі падабаецца тое, што задумаў Лукашэнка. Праводзіць транзыт улады, рэфэрэндум па Канстытуцыі ў піку Пуціну — рэч рызыкоўная. Яго трэба задобрыць нечым вельмі важным для Крамля. Прызнаньне Крыму расейскім — гэта тая цана, якую Лукашэнка гатовы заплаціць. Вось ён і прапаноўвае такі разьмен.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стрымаць мігрантаў, не дапусьціць пажараў». Як праходзілі вучэньні ў пяці памежных зь Беларусьсю абласьцях УкраіныІншае пытаньне — рэакцыя Ўкраіны. Думаю, варта чакаць жорсткай рэакцыі ня столькі на словы Лукашэнкі, колькі на дзеяньні. То бок на наведваньне ім Крыму. Тады і будзе рэакцыя.
Аднак ці пойдзе справа далей за рыторыку? Ці гатовы Кіеў рваць гандлёвыя сувязі зь Беларусьсю і далучыцца да заходніх санкцый? Ня ўпэўнены. Бо Ўкраіна моцна залежыць ад паставак беларускага бэнзіну, бітуму і іншых нафтапрадуктаў, іх цяжка будзе замяніць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.