Хроніка перасьледу 29 лістапада: мужа журналісткі Слаўнікавай трэці раз пакаралі арыштам; засудзілі маці анархіста

Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандар Лойка. Архіўнае фота.

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Агляд выракаў судоў, ператрусаў і затрыманьняў.

У судзе Першамайскага раёну Менску 29 лістапада адбыўся суд над Аляксандрам Лойкам, якога затрымалі яшчэ 30 кастрычніка разам з жонкай Ірынай Слаўнікавай.

Як паведамляе «Вясна», справу зноў разглядаў судзьдзя Максім Трусевіч, які раней ужо двойчы адпраўляў мужа і жонку на «суткі». Гэтым разам у Першамайскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі).

Аляксандар гэта адмаўляе і сьцьвярджае, што на Акрэсьціна яго сустрэў міліцыянт, прывёз у РУУС, дзе яны падышлі да 112 кабінэта. Там Лойку далі падпісаць пратакол, зь якім ён не пагадзіўся. Пры гэтым Аляксандар адзначыў, што на Акрэсьціна яго ніхто не папярэдзіў, што яго вязуць у РУУС на «прафіляктычную гутарку».

Вядома, што справа мужа журналісткі Ірыны Слаўнікавай — Аляксандра Лойкі паступіла ў суд Першамайскага раёну Менску. Яе разгляд пройдзе пасьля 14-й гадзіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: муж журналісткі Слаўнікавай ня выйшаў на волю, гарадзенцу падчас суду дадалі новы артыкул

Аляксандра Лойку і Ірыну Слаўнікаву затрымалі 30 кастрычніка ў менскім аэрапорце пасьля вяртаньня з адпачынку. Абаіх асудзілі па адміністрацыйных справах. Пазьней стала вядома, што Слаўнікаву падазраюць паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму жаночая камэра ЦІП на Акрэсьціна абвясьціла галадоўку

Маці анархіста Рамана Халілава арыштавалі на 10 сутак

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў пятніцу ў судзе Полацкага раёну разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Гаянэ Ахціян — маці анархіста Рамана Халілава.

26 лістапада сілавікі выламалі дзьверы ў кватэры Гаянэ і правялі ператрус. Саму жанчыну затрымалі і даставілі ў Полацкі ГАУС, дзе склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі). Ахціян пакінулі ў ГАУСе да суду.

Суд Полацкага раёну пакараў жанчыну 10-суткавым арыштам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 26 лістапада: пакінулі ў ізалятары Паўла Батуева, затрымалі маці полацкага анархіста

За камэнтар з трох літар маці дваіх дзяцей пакаралі 2 гадамі «хатняй хіміі» і штрафам

29 лістапада судзьдзя Анастасія Асіпчык пакарала жыхарку Менску Юлію Шастакову 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу. Жанчыну абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (ч.1 арт. 369 КК) — супрацоўніка ДАІ з Ганцавічаў Ігара Вольніча, якому Шастакова рашэньнем суду павінна выплаціць кампэнсацыю ў памеры 1500 рублёў.

Згодна з дзяржабвінавачваньнем, Юлія Шастакова яшчэ ў ліпені 2020 году ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» на старонцы Вольгі Карач пакінула камэнтар з трох літар: «Чмо».

На судзе Шастакова сьцьвярджала, што камэнтар не дапісала да канца, адправіла выпадкова. Хацела напісаць у адрас камэнтатараў, а ня ў адрас супрацоўніка ДАІ. Аднак на ранейшым допыце тлумачыла свае дзеяньні тым, што трапіла пад уплыў дэструктыўных СМІ.

Затрыманьне ў Горадні

Тэлеграм-канал «Право имеют» паведаміў, што ў Горадні затрымалі Аксану Войнаву за распаўсюд нібыта экстрэмісцкіх матэрыялаў і абразу Лукашэнкі ды службовых асоб. Па арт. 368 КК ёй пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі, па арт.369 — да трох гадоў.

Віцебскага актывіста Булаўскага пакаралі 7-суткавым арыштам

Уладзімер Булаўскі — вядомы віцебскі актывіст і арганізатар культурных праектаў. Яго затрымалі 26 лістапада і зьмясьцілі ў Віцебскі ІЧУ да суду.

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 29 лістапада над Булаўскім прайшоў суд, вынікам якога стаў 7-дзённы арышт. Артыкул, па якім судзілі актывіста, дакладна не вядомы.

Палітзьняволенага гарадзенца пакаралі 2 гадамі «хіміі» за ўдзел у пратэсьце

22 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні судзьдзя Маргарыта Ланцэвіч прызнала палітвязьня Андрэя Баранава вінаватым паводле ч.1 арт.342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і пакарала яго 2 гадамі абмежаваньня волі («хіміяй»).

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Андрэй Баранаў 6 верасьня 2020 году ўзяў удзел у несанкцыянаванай акцыі ў цэнтры Горадні. Таксама Андрэй Баранаў нібыта адмаўляўся выконваць патрабаваньні сілавікоў.

Пасьля абвяшчэньня выраку Андрэя Баранава вызвалілі ў залі суду.