Дзе набраць гэтулькі мігрантаў, каб працягваць атаку на Эўразьвяз?

Беларускія сілавікі ахоўваюць лягер мігрантаў каля памежнага пераходу Брузгі-Кузьніца, 18 лістапада 2021 году.

Лукашэнка наведаў Брузгі і выступіў перад мігрантамі на фоне яўнага згасаньня мігранцкага крызісу.

Назіраючы за тым, як «Боінгі» ірацкай авіякампаніі адзін за другім пакідаюць Менск, вывозячы на радзіму ўжо нават ня сотні, а тысячы няўдачлівых «турыстаў» — прастуджаных, пабітых, зьмерзлых у лясах пад Горадняй, — міжволі прыходзіш да высновы, што ўся апэрацыя з мігрантамі пакрысе сама сабой набліжаецца да завяршэньня. Бо які можа быць мігранцкі крызіс, калі мігранты зьяжджаюць, калі іх з кожным днём усё меней ля мяжы і няма прытоку новых? Але варта памятаць: Аляксандар Лукашэнка — ня той чалавек, які здольны моўчкі зьмірыцца з паразай альбо адмовіцца ад помсты тым, каго лічыць вінаватымі ў крыўдзе.

У разьліку на «сухапутны шлях»

З выступу Лукашэнкі ў Брузгах сьвет даведаўся, што мігранцкі крызіс на беларускіх межах будзе працягвацца да таго часу, пакуль гэта магчыма — і зімой, і наступнай вясной. Лукашэнку надзвычай раззлавала тое, што каналы паветранай дастаўкі «турыстаў» у Беларусь адзін за другім перакрываюцца Захадам, а сам ён на гэта паўплываць ня здольны. Ягоная рэакцыя ў Брузгах на тое, што на Захадзе лічаць пасьпяховым адбіцьцём мігранцкай атакі:

«Рана радуюцца. Трэба гэту праблему рашыць. На сёньняшні дзень яна нявырашаная. Для Расеі, і для нас, і нават для Ўкраіны будзе праблемай, калі яны пойдуць сухапутным шляхам. Гэта будзе бяда. І незразумела, хто ў гэтых натоўпах будзе ісьці. Усё ж у самалёце зброю і выбухоўку не правязеш, гэта ўсё кантралюецца. А гэта ўсё ня будзе пад кантролем. Гэтыя бяздумныя мярзотнікі не разумеюць, што яны твораць. Калі гэта адбудзецца ў Беларусі і Расеі, там мала ня здасца, мы вымушаныя будзем абараняцца і будзем выкарыстоўваць усялякія мэтады».

На першы погляд, гэта выглядае нейкай фантасмагорыяй. Якія могуць быць сухапутныя шляхі празь Беларусь для курдзкіх (ці афганскіх, ці самалійскіх, ці емэнскіх) мігрантаў? Вы можаце ўявіць сабе блізкаўсходнія караваны, нагружаныя зброяй і выбухоўкай, якія мусяць пераадолець пяць тысяч кілямэтраў пустэльняў, стэпаў, горных перавалаў, перасячы паўтузіна дзяржаўных межаў, каб урэшце празь невядома якую колькасьць тыдняў ці месяцаў падарожжа дасягнуць Беларусі і тут пайсьці на штурм польскай і літоўскай межаў?

Падобнае магчыма хіба што пры адной умове: калі падобную авантуру падтрымае Расея. Калі прапусьціць іх праз сваю тэрыторыю. Калі заахвоціць да гэтага сваіх цэнтральнаазіяцкіх сатэлітаў. Сёньня гэта выглядае чымсьці неверагодным, але хто ведае... Яшчэ год таму і курдзкі лягер зь мігрантамі пад Брузгамі быў чымсьці з галіны фантастыкі.

Бяз шанцаў на «польскі калідор»

І ў Польшчы, і ў Літве рыхтуюцца да таго, што напружанасьць на межах зь Беларусьсю будзе захоўвацца прынамсі цягам наступных месяцаў. Лукашэнка на мяжы падбадзёрваў мігрантаў, што прарвацца праз кардон нібыта рэальна. Насамрэч шанцаў няшмат. І нават калі асабліва агрэсіўным групам з дапамогай беларускіх сілавікоў, перакідваючы праз калючую агароджу драўляныя кладкі і закідваючы польскіх памежнікаў камянямі і палкамі, удаецца прарвацца на польскую тэрыторыю, можна ўявіць, зь якой гасьціннасьцю іх сустракаюць тыя, на каго яны толькі што нападалі. Пастановы аб неадкладным выдварэньні ў Польшчы выносяцца вельмі хутка (дарэчы, з забаронай уезду на тэрыторыю Эўразьвязу наступныя тры гады). Кур’ераў і праваднікоў, якія спрабуюць сустракаць нелегалаў, каб пераправіць у Нямеччыну, затрымліваюць і тут жа надзяваюць кайданкі: за арганізацыю нелегальнай міграцыі пагражае да шасьці гадоў турмы. Лукашэнка такой рэакцыяй польскага боку, якая, відавочна, сарвала ўсе ягоныя пляны, надта незадаволены:

«...Што ж вы выкідаеце людзей? Гэта што, скаціна нейкая, што вы іх выкідаеце?... Мярзотныя, танныя шкоднікі. Радуюцца і хайпуюць на гэтай праблеме. Ніякіх грошай не даюць. Але мы зробім усё, каб яны заплацілі. Не заплацяць — абыдземся».

«Вы ўвялі супраць мяне санкцыі, вы накінулі мне на шыю пятлю, каб задушыць. І вы, мярзотнікі, хочаце, каб я вас абараняў. Ня будзе гэтага!»

Зьвяртае на сябе ўвагу, як часта апошнім часам Лукашэнка дазваляе сабе лаянку ў адрас суседзяў. Найбольш частая характарыстыка — мярзотнікі («мерзавцы»). Уявіце, што вы гэтак прылюдна называеце сваіх суседзяў па лесьвічнай пляцоўцы. На якую ўзаемнасьць, ужываючы такую лексыку, можаце разьлічваць?

І ўжо зусім скрайні крок даведзенага да гістэрыкі лідэра, які назірае, як бурацца ўсе ягоныя пляны — зварот да польскага народу праз галовы польскіх палітыкаў:

«Кіраўніцтва Польшчы зьехала з глузду, яно страціла рэальнасьць. Паважаныя палякі, абразумце сваіх палітыкаў!»

Магчыма, ён і праўда лічыць, што ўрад Польшчы ў мігранцкім крызісе паступае насуперак грамадзкай думцы? Што польскае насельніцтва патрабуе, каб улады адкрылі межы і прапусьцілі натоўпы курдаў на сваю тэрыторыю? Што яго самога шараговыя палякі лічаць гуманістам і абаронцам правоў абяздоленых мігрантаў?

Калісьці, стагодзьдзе таму, у 1920-м, расейскія бальшавікі, распачынаючы з тэрыторыі Беларусі свой «вызвольны» рэвалюцыйны паход на Польшчу, былі перакананыя, што народы Эўропы, варта Чырвонай арміі зьявіцца на парозе, тут жа падхопяць іхныя папулісцкія лёзунгі і зьмятуць свае ўрады, каб даць уладу мясцовым камуністам і ажыцьцявіць «сусьветную рэвалюцыю». Для многіх зь іх стала вялікай нечаканасьцю, што ніхто ў Польшчы іх хлебам-сольлю не сустракаў, а народ са зброяй у руках узьняўся абараняць уласную незалежнасьць ад прыхадняў.

Заклікаў Лукашэнкі ў Польшчы, зразумела, ніхто не рэтрансьлюе. Масавы размах тут набыла кампанія падтрымкі тых, хто абараняе межы краіны — памежнікаў, паліцыянтаў, вайскоўцаў. Прычым, нягледзячы на вялікія рознагалосьсі паміж правакансэрватыўным ўрадам і лібэральнай ды левай апазыцыяй, калі заходзіць размова пра палітыку Лукашэнкі, усе гавораць практычна ў адзін голас. Адвакатаў Лукашэнкі не відаць і не чуваць.

Калісьці, у 70-я гады, калі малады Аляксандар Лукашэнка ў званьні сяржанта ахоўваў савецка-польскую мяжу, на кожнай савецкай памежнай заставе (у тым ліку і на берасьцейскай, дзе ён служыў) віселі маляўнічыя плякаты зь лёзунгам: «Межы Радзімы сьвяшчэнныя і недатыкальныя».

Савецкі плякат «Межы Радзімы сьвяшчэнныя і недатыкальныя».

Уласна, гэтаксама ставіцца да ўласных межаў любая дзяржава, якая дбае пра сваю незалежнасьць і будучыню — незалежна ад зьмены гістарычных эпох. Але ў сёньняшняй Беларусі падобны плякат выглядаў бы яўна недарэчна. У дзяржаве, дзе памежніку загадана выконваць усе пажаданьні нелегальных мігрантаў (словы Лукашэнкі ў Брузгах: «Мы будзем з вамі рабіць так, каб выканаць усе вашы пажаданьні»), куды больш актуальна выглядаў бы іншы лёзунг: «Мяжа адкрытая: праходзьце ўсе, хто захоча».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.