Цяпер замест году «хатняй хіміі» Натальлі прызначылі два гады «хіміі» — абмежаваньне волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Рашэньне ў крымінальнай справе за «абразу прадстаўніка ўлады» (міліцыянта са Сьветлагорску Аляксандра Перавядзенцава) вынес 6 кастрычніка судзьдзя Віталь Каўбеня.
Справа тычылася камэнтару ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси». Там увосень 2020 году Натальля пакінула камэнтар пад здымкам міліцыянта са Сьветлагорску. Яна тлумачыла на судзе, што ня ведала, што «Каратели Беларуси» зьяўляюцца «дэструктыўным» ці экстрэмісцкім каналам.
Пракуратура прасіла пакараць жыхарку Гомля 2 гадамі «хіміі». Пацярпелы міліцыянт ацаніў свае маральныя пакуты ў 3 тысячы рублёў. Судзьдзя зьменшыў суму маральнай кампэнсацыі да 700 рублёў. Пасьля суду Натальля сплаціла гэтыя грошы пацярпеламу.
Тым ня менш намесьніца пракурора Гомля Ірына Курбацкая палічыла, што пакараньне задужа мяккае і апратэставала рашэньне суду. Абласны суд пагадзіўся з пракуратурай. Цяпер Натальля мусіць ехаць на «хімію» на два гады.
Нядаўна яе звольнілі з працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхарку Добрушу асудзілі за паклёп на супрацоўнікаў ваенкамату, якіх яна назвала «бэчэбэшнікамі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я думаю, прысуд будзе жорсткім». Вырак журналісту Свабоды Ігару Лосіку абвесьцяць 14 сьнежня