19 траўня падчас навучальнага палёту ў Баранавічах пацярпеў крушэньне вайсковы самалёт Як-130. Загінуў экіпаж — маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка.
Падчас віражу пачалі адмаўляць сыстэмы самалёта і ён стаў падаць. Пілёты да апошняга моманту спрабавалі адвесьці самалёт ад гораду. Рашэньне катапультавацца прынялі за долі сэкунды да трагедыі, пераканаўшыся, што траекторыя падзеньня самалёта знаходзіцца па-за жылымі дамамі, але, каб уратавацца, было ўжо позна.
Да такой высновы прыйшлі сьледчыя. Яны таксама не знайшлі парушэньняў падчас падрыхтоўкі самалёта да палёту і спынілі справу «ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства».
Самалёт упаў непадалёк ад жылога дому. На зямлі ніхто не загінуў.
У Баранавічах імёнамі лётчыкаў прапануюць назваць новыя вуліцы, паведаміла БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт назваў прычыну крушэньня самалёта ў Баранавічах. Вінаватых не знайшліШто вядома пра загінулых пілётаў
Андрэй Нічыпорчык — прадстаўнік авіяцыйнай дынастыі. Яго бацька Ўладзімер Нічыпарчык у 2009-м быў адзначаны мэдалём «За бездакорную службу» III ступені. Андрэй Нічыпорчык таксама пачынаў вайсковую кар’еру ў Лідзе, дзе праходзіў лётную практыку падчас вучобы ў Вайсковай акадэміі. Лятаць ён пачаў на самалёце Л-39, потым перайшоў на Су-25, а потым перавучыўся на Як-130 у сваіх калег, якія спачатку езьдзілі на навучаньне ў Маскву. Да 2016-га лётчык камандаваў авіяцыйным зьвяном 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы ў Лідзе. Ён налятаў на Як-130 больш за 100 гадзін. У 2017-м Андрэй Нічыпорчык упершыню ўдзельнічаў у паветраным парадзе ў гонар Дня Незалежнасьці. Тады зьвяно, у якім ён лятаў, зрабіла пяць вылетаў. У яго засталося двое дзяцей.
Мікіту Куканенку было ўсяго 22 гады. Ён нарадзіўся ў Полацку, але дзяцінства правёў у суседняй Баравусе, дзе месьцілася верталётная база. Мікіта скончыў Полацкае кадэцкае вучылішча. Курс Мікіты Куканенкі ў Вайсковай акадэміі быў экспэрымэнтальным. Да яго курсанты вывучалі Л-39, а Мікіта і яго аднакурсьнікі асвоілі і Як-130. Той самы, на якім лятаў Андрэй Нічыпорчык і на якім у свой апошні палёт адправіўся і малады пілёт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лідзе разьвіталіся з загінулымі вайсковымі лётчыкаміЗваньне «Герой Беларусі» ад часу абвяшчэньня незалежнасьці прысвоілі 13 чалавекам
- Уладзімеру Карвату — лётчыку, які цаной жыцьця адвёў самалёт ад вёскі каля Баранавічаў у 1996 годзе.
- Паўлу Марыеву, кіраўніку БелАЗу.
- Аляксандру Дубко, старшыні Горадзенскага аблвыканкаму.
- Міхаілу Карчміту, старшыні агракамбінату «Сноў».
- Віталю Крамко, старшыні калгасу «Кастрычнік».
- Міхаілу Высоцкаму, навукоўцу, канструктару і машынабудаўніку.
- Пятру Пракаповічу, старшыні Нацбанку.
- Васілю Равяку, старшыні сельскагаспадарчага каапэратыву «Прагрэс-Верцялішкі».
- Міхаілу Савіцкаму, народнаму мастаку Беларусі.
- Філарэту (Кірылу Вахрамееву), кіраўніку Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату Расейскай праваслаўнай царквы.
- Дарʼі Домрачавай, біятляністцы.
- Андрэю Нічыпорчыку — лётчыку, які цаной жыцьця адвёў самалёт ад жылых дамоў у Баранавічах.
- Мікіту Куканенку — лётчыку, які які цаной жыцьця адвёў самалёт ад жылых дамоў у Баранавічах.