Журналіст BBC паказаў, як вывесьці Лукашэнку з раўнавагі

Журналіст BBC Стыў Рэзэнбэрг бярэ інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі

Інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі тэлеканалу BBC выклікала вялікі ажыятаж і супярэчлівыя ацэнкі.

Сьцісла:

  • Лукашэнка лічыць сябе выбітным палемістам, здольным у спрэчцы перамагчы любога апанэнта.
  • Але гэта павінен быць жанр чыстага інтэрвію, калі журналіст толькі задае пытаньні, але ня можа ўступіць у палеміку.
  • Таксама гэта працуе пры ўмове манаполіі дзяржавы на СМІ.
  • Інтэрвію Лукашэнкі тэлеканалу BBC стала ў гэтым сэнсе яскравым прыкладам таго, што бывае, калі такіх умоваў няма.
  • Галоўнай прыкметай таго, што інтэрвію атрымалася не такім, на якое ён разьлічваў, сталі паводзіны Лукашэнкі. Цяжка ўспомніць, калі яшчэ ён быў такі злы, агрэсіўны, нэрвовы.

Чаму Лукашэнка ахвотна дае інтэрвію заходнім мэдыя? Відавочна, ён разьлічвае атрымаць палітычныя дывідэнды. І дзеля ўзьдзеяньня на беларускую аўдыторыю, асабліва на сваіх прыхільнікаў. І, як ні дзіўна, ён разьлічвае на пазытыўны эфэкт сярод заходняй публікі, якая ня ведае аргумэнтаў афіцыйнага Менску.

Справа ў тым, што Лукашэнка лічыць сябе выбітным палемістам, здольным перагуляць, перамагчы ў спрэчцы, заткнуць за пояс любога апанэнта. Але ягоныя палемічныя здольнасьці працуюць пры пэўных умовах. Па-першае, гэта павінен быць жанр чыстага інтэрвію, калі журналіст толькі задае пытаньні, няхай сабе і вострыя, але ня можа ўступіць у палеміку, нешта аспрэчыць. Такая схема дае магчымасьць Лукашэнку выкарыстоўваць любыя дэмагагічныя прыёмы без усялякіх абмежаваньняў.

Па-другое, гэта працуе пры ўмове манаполіі дзяржавы на СМІ. Калі ніхто ня можа потым выкрыць, паказаць, дзе Лукашэнка кажа няпраўду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За гіпэрспасылкі на «экстрэмісцкія» матэрыялы. У Беларусі заблякавалі сайты выданьняў «Настоящее время», «Новы час» і Deutsche Welle

Інтэрвію Лукашэнкі тэлеканалу BBC стала ў гэтым сэнсе яскравым прыкладам таго, што бывае, калі гэтых умоваў няма. Журналіст Стыў Розэнбэрг паказаў узор таго, як можна супрацьстаяць дэмагагічнаму стылю суразмоўцы. Ён быў добра падрыхтаваны, валодаў фактамі, аказаўся не слабейшым палемістам, чым яго апанэнт. Прычым, каб аспрэчваць Лукашэнку, яму не спатрэбіліся доўгія маналёгі. Кароткімі, але вострымі пытаньнямі, рэплікамі ён зьбіў увесь імпэт Лукашэнкі.

І BBC паказала інтэрвію раней, чым БТ, яго маглі пабачыць многія беларусы. І тым самым задало парадак дня, стварыла адпаведнае інфармацыйнае поле. Паказам наўздагон свайго варыянта інтэрвію БТ наўрад ці пераламала атрыманы эфэкт.

Галоўнай прыкметай таго, што інтэрвію не выходзіць, сталі паводзіны Лукашэнкі. Я ня памятаю яго такім злым, агрэсіўным, нэрвовым. Не дапамаглі стандартныя хатнія нарыхтоўкі, якія ён звычайна выкарыстоўвае. Лукашэнка настолькі быў выведзены зь сябе, што пагражаў спыніць інтэрвію, калі журналіст будзе сябе так паводзіць. Нават на нявіннае пытаньне пра беларуска-расейскую інтэграцыю чамусьці адказваў вельмі агрэсіўна. Бо так і ня змог вярнуцца ў нармальны стан. І гэта зрабіла вельмі дрэннае ўражаньне на незаангажавных гледачоў, асабліва на Захадзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што пачне перамовы з апазыцыяй, «калі Пуцін сядзе размаўляць з Навальным». ВІДЭА

Можна было лёгка прагназаваць, што пакажа БТ. Галоўны спосаб дасягненьня патрэбнага выніку — гэта выкінуць з інтэрвію журналіста. Што фактычна і зрабілі бэтэшныя прапагандысты. У варыянце БТ застаўся ў асноўным адзін Лукашэнка. Але нават у такім рэдукаваным варыянце схаваць злосьць і агрэсію ня вельмі атрымалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў інтэрвію ВВС пра ліквідацыю няўрадавых арганізацый: «Выражам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі». ВІДЭА

Падаецца, што пасьля гэтага канфузу сам Лукашэнка і ягоная прапагандысцкая абслуга будуць моцна думаць, перш чым даваць згоду на інтэрвію заходнім мэдыя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.