Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што пачне перамовы з апазыцыяй, «калі Пуцін сядзе размаўляць з Навальным». ВІДЭА


Плякат у падтрымку Аляксея Навальнага і супраць Уладзіміра Пуціна
Плякат у падтрымку Аляксея Навальнага і супраць Уладзіміра Пуціна

Зьяўляюцца новыя фрагмэнты інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі аглядальніку BBC Стывену Розэнбэргу.

У прыватнасьці, брытанскі журналіст пацікавіўся, што Аляксандар Лукашэнкі думае аб прапанове свайго расейскага калегі Ўладзіміра Пуціна пачаць дыялёг зь беларускай апазыцыяй.

«Уладзімір Пуцін мне нічога ня раіў. Вось я зь ім больш за гадзіну гаварыў і ніякіх парадаў зь яго боку не пачуў. Я з гэтай нагоды магу паралель правесьці. Вось як толькі Ўладзімір Пуцін з Аляксеем Навальным сядуць за стол перамоваў, я імгненна са Сьвятланай Ціханоўскай пачну весьці перамовы».

На ўдакладняльнае пытаньне Стывена Розэнбэрга, ці хоча сам Лукашэнка, каб Пуцін з Навальным селі за стол перамоваў, той адказаў наступным чынам:

«Гэта яго праблемы, я ў такія „хацелкі“ не гуляю. Для мяне, калі хочаце мой пункт гледжаньня ведаць, Навальны — гэта прадажны чалавек. І Пуцін зь ім ніколі ня сядзе за стол перамоваў. Бо ён не апазыцыянэр, ён здраднік інтарэсаў Расеі».

18 лістапада прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заклікаў беларускія ўлады да дыялёгу з апазыцыяй.

Пра палітвязьняў

На пытаньне пра палітвязьняў Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі няма ніводнага палітвязьня, бо ў краіне «няма палітычнага артыкула», а гэтыя людзі парушылі беларускае заканадаўства.

— У нас няма ніводнага палітвязьня, ты што не чуеш? Ніводнага.

— А Марыя Калесьнікава? Не палітвязень?

— Гэта ваш агент, — адказаў Лукашэнка.

— Чаму яна сядзіць?

— Бо яна парушыла закон.

— Ну сьмелы чалавек, пагадзіцеся. Так?! Узначаліла пратэсты, не пакінула краіну...

— Хто?! Марыя Калесьнікава бегла з краіны, яе затрымалі на мяжы.

— Пашпарт яна разарвала.

— Яна зьела пашпарт. Гэта яе справа.

— Яна не хацела пакінуць краіну.

— Слухайце, я не ведаю, што яна хацела і ведаць не хачу. Яна бегла разам са сваімі паплечнікамі.

— А тое, што яна сядзіць — гэта не помста з вашага боку?

— Абсалютна не. Запомніце, я не той чалавек, які можа помсьціць. Запомніце гэта і засвойце, калі вы хочаце, як чалавек, мяне зразумець. Я супраць жанчын — я часта кажу — не ваюю.

22 лістапада ў Вене пачалася міжнародная канфэрэнцыя дзеля пошуку кампрамісных шляхоў у беларускім пытаньні, аднак афіцыйны Менск ад удзелу ў форуме адмовіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG