Выйшаў на волю палітвязень Аляксей Раманаў, які мае анкалягічнае захворваньне

Аляксей Раманаў на волі. Глыбокае, 23 лістапада 2021 году

23 лістапада з калёніі ў Глыбокім пасьля адбыцьця пакараньня вызваліўся Аляксей Раманаў.

Ён адбываў пакараньне за «абразу Лукашэнкі». Раманаў мае інваліднасьць з прычыны анкалягічнай хваробы.

«Усё слава Богу! Ставіліся да мяне ў калёніі добра. Са здароўем таксама больш-менш. Еду дахаты. Я ў калёніі атрымаў за гэты час 10 тысяч лістоў! Гэта мяшок вялізны, на жаль, я столькі ня мог забраць з сабой», — расказаў па вызваленьні Аляксей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Раманава, які мае інваліднасьць праз анкалягічную хваробу, перавялі зь лякарні ў калёнію

Аляксей Раманаў — жыхар Гомля, як валянтэр ён працаваў у камандзе Сьвятланы Ціханоўскай, удзельнічаў у агітацыі. На пікеце ў Хойніках Аляксей выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. Сьледзтва і суд трактавалі гэта як «абразу прэзыдэнта». На судзе Аляксей зазначыў, што прэзыдэнта ён не абражаў, а грамадзянін Лукашэнка для яго не прэзыдэнт. Суд пакараў яго 1 годам зьняволеньня.

Адбываў пакараньне Аляксей Раманаў у калёніі ў Глыбокім. Там у яго адбыўся рэцыдыў хваробы. Ён лячыўся ў рэспубліканскім турэмным шпіталі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Раманаў, які ў калёніі зноў захварэў на рак, чакае апэрацыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабарончыя арганізацыі прызналі 10 новых палітычных вязьняў