Які мэханізм вырашыць міграцыйны крызіс? Меркаваньне былога дыплямата

Павал Мацукевіч

Што азначае адказ МЗС Беларусі на пытаньні краінаў АБСЭ, зададзеныя ў межах Венскага мэханізму? Як можа быць вырашаны міграцыйны крызіс? Ці будзе Захад стаяць на цьвёрдай пазыцыі, як ён стаяў падчас бэрлінскага крызісу ў 1948 годзе?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў, былы дыплямат Павал Мацукевіч.

Мацукевіч

  • У адказах МЗС Беларусі на пытаньні, зададзеныя ў межах Венскага мэханізму АБСЭ, няма нічога прынцыпова новага.
  • Гэтыя адказы падобныя да многіх іншых, якія пішуцца беларускім бокам, калі ён катэгарычна не прызнае тыя рэчы, у якіх яго абвінавачваюць.
  • У беларускага МЗС назапашаны вялікі досьвед такіх адказаў.
  • Адказы на пытаньні, зададзеныя ў межах Венскага мэханізму АБСЭ, — гэта адказы ня толькі МЗС, некаторыя адказы рыхтавалі іншыя ведамствы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж Беларусьсю і ЭЗ пачынаецца сапраўдны торг, — Карбалевіч пра другую размову Мэркель з Лукашэнкам
  • Там, дзе пытаньні тычыліся кампэтэнцыі МЗС, адказы больш разгорнутыя, дзе тычацца больш унутранай праблематыкі, яны зусім ляканічныя.
  • Тое, што беларускі бок абвінавачвае аўтараў пытаньняў у неканкрэтнасьці, — гэта руціна.
  • Ёсьць фарматы, у якіх Менску задаюць вельмі канкрэтныя пытаньні наконт канкрэтных выпадкаў парушэньня правоў чалавека.
  • У абмеркаваньні беларускага пытаньня ў інстытуцыях ААН удзельнічалі канкрэтныя пацярпелыя людзі.
  • І гэта не перашкаджала беларускаму боку адмаўляць сваю віну, адказваючы на падрабязныя і канкрэтныя папрокі.
  • Я ня думаю, што тыя, хто рыхтаваў гэтыя пытаньні ў межах Венскага мэханізму, чакалі нейкай шчырасьці і прызнаньня ва ўсіх грахах ад Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск адказаў АБСЭ: «Сьцьвярджэньні аб падаўленьні свабод і рэпрэсіях зьяўляюцца прадузятымі і беспадстаўнымі»
  • У МЗС ёсьць устаноўка адбіваць усе папрокі. Што яны і робяць.
  • Калі пытаньне не канкрэтызаванае, яны адмаўляюць наяўнасьць нават прадмету абмеркаваньня.
  • Да таго ж МЗС валодае ня ўсёй інфармацыяй, і вельмі зручна спасылацца на адпаведныя кампэтэнтныя органы.
  • Выкарыстаньне Маскоўскага і Венскага мэханізмаў АБСЭ — сьведчаньне таго, што заходнія палітыкі ў пэўнай разгубленасьці.
  • І шукаюць, пакуль беспасьпяхова, любыя мэханізмы, пры дапамозе якіх можна было б паўплываць на сытуацыю.
  • Спроба прамацаць беларускі бок празь Венскі мэханізм — ад бясьсільля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчык ААН: Доказы супраць сілавікоў у Менску ёсьць
  • Пакуль беларускі бок не прызнае ніякія мэханізмы міжнароднага ўзьдзеяньня, яны не працуюць.
  • Адказы МЗС на пытаньні ў межах Венскага мэханізму яшчэ ня самыя абуральныя.
  • Калі вы бачылі дыскусію ў Жэнэве, аргумэнты нашага сталага прадстаўніка, — там было зусім ужо абуральна.
  • Я ня бачу нічога добрага ў пасярэдніцтве Пуціна ў мігранцкім крызісе.
  • Ён як мінімум зацікаўлены бок.
  • Гэта як воўк будзе пасярэднічаць у дыскусіі двух парасятаў.
  • Зразумела, чым гэта можа для іх скончыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін раскрытыкаваў пагрозы Менску перакрыць транзыт газу ў Эўропу і паведаміў, што Мэркель і Лукашэнка гатовыя паразмаўляць
  • І тое, што заходнія палітыкі шукаюць выхаду з гэтай сытуацыі ў Маскве, мне як дыплямату не падабаецца.
  • У зьнешнепалітычнай лініі Аляксандар Лукашэнка са жніўня 2020 году абсалютна несамастойны.
  • Усе свае крокі, у тым ліку і адносна міграцыйнага крызісу, ён узгадняе з Крамлём.
  • Я мяркую, што тэлефанаваньне Мэркель Лукашэнку — гэта было б някепска (гутарка з П. Мацукевічам запісвалася да зьяўленьня інфармацыі пра званок Мэркель Лукашэнку).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Званок Мэркель Лукашэнку — капітуляцыя ці перамога?
  • З улікам таго, што Мэркель ужо сышла з палітычнай сцэны, ёй ужо не абавязкова быць папулярнай.
  • Яна можа сабе дазволіць рызыкнуць і паспрабаваць зрабіць нешта добрае.
  • Я мяркую, што Пуцін, прапануючы заходнім палітыкам камунікаваць з Лукашэнкам, моцна какетнічае.
  • Я б вітаў такі дыялёг.
  • Мне як дыплямату больш падабалася б, калі б гэты крызіс паміж Захадам і Беларусьсю вырашаўся наўпрост паміж бакамі без такога пасярэдніка, як Расея, якая зацікаўленая ў разьвіцьці гэтага крызісу і шмат у чым стаіць за ім.
  • Сёньня, у адрозьненьне ад жніўня 2020 году, калі Мэркель яму патэлефануе, ён возьме слухаўку.
  • Гэта і ў інтарэсах Беларусі таксама.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МЗС Эстоніі пра званок Мэркель: Лукашэнка хоча, каб яго прызналі прэзыдэнтам
  • У такіх пытаньнях, як авіяцыйны і міграцыйны крызісы, бакі могуць адносна лёгка і без пасярэднікаў знайсьці рашэньне.
  • І для Захаду павінна быць зразумела, што той шлях, па якім крызіс разьвіваецца, не вырашае ніводнай праблемы — ні вызваленьня палітвязьняў, ні новых выбараў.
  • У гэтым крызісе важную ролю адыгрывае захаваньне твару.
  • Магчыма, ёсьць дамоўленасьць, што санкцыі будуць мякчэйшыя, чым плянавалася.
  • У 1948 годзе, падчас Бэрлінскага крызісу, паветраны мост у Заходні Бэрлін каштаваў Захаду шмат грошай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам, — прэс-сакратар Мэркель
  • А тут мы ўжо бачым спробы дамовіцца праз Пуціна ці зь ім.
  • Я ня бачу зараз з боку ЭЗ такога ж узроўню гатоўнасьці «ўпісацца» за Польшчу, як гэта было з боку ЗША адносна Заходняга Бэрліну ў 1948 годзе.
  • Мне здаецца, што Нямеччына гатовая забраць гэтых людзей зь мяжы і перавезьці да сябе.
  • Многія краіны Эўропы — такія, як Італія ці Грэцыя — з усьмешкай глядзяць, беларускі кірунак міграцыі па-ранейшаму не канкуруе з галоўнымі кірункамі міграцыйнага патоку, якімі застаюцца Міжземнае мора і Бальканы.
  • Калі вы разумееце, што крызіс рукатворны, то прасьцей дамовіцца, а не затыкаць усе струмені ў дажджы.
  • Гэта гульня нэрваў, і мне здаецца, што ў Лукашэнкі гэтыя нэрвы мацнейшыя.

Што было раней

  • Сталы прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ Андрэй Дапкюнас адказаў на ліст 35 дзяржаў-чальцоў АБСЭ, якія ініцыявалі гэтак званы Венскі мэханізм у адносінах да Беларусі ў сувязі з сур’ёзнымі парушэньнямі правоў чалавека ў краіне.
  • «Сьцьвярджэньні аб падаўленьні свабод і рэпрэсіях у дачыненьні да асобных грамадзян і арганізацый зьяўляюцца перадузятымі і беспадстаўнымі», — напісаў Дапкюнас. Ён дадаў, што крытыка Беларусі на форуме АБСЭ за затрыманьні і арышты ў сувязі з вулічнымі пратэстамі расцэньваецца Менскам як «умяшаньне ў дзейнасьць судзьдзяў па выконваньні правасудзьдзя».
  • Дапкюнас назваў Венскі мэханізм «архаічным інструмэнтарыем», які ў гэтым выпадку служыць «штучнаму падтрыманьню беларускай тэматыкі ў цэнтры ўвагі».
  • 4 лістапада дзяржавы-чальцы АБСЭ ў рамках Венскага мэханізму зьвярнуліся да Беларусі з шэрагам пытаньняў адносна пасьлявыбарчай сытуацыі ў краіне.
  • Сярод іншага, АБСЭ хацела атрымаць адказы на пытаньні, ці расьсьледавалі беларускія ўлады абвінавачаньні ў неабгрунтаваным абмежаваньні права на свабоду мірных сходаў у краіне ды ў катаваньнях і жорсткім абыходжаньні з затрыманымі і арыштаванымі пратэстоўцамі.
  • Асобным пунктам АБСЭ вынесла пытаньне аб спрыяньні з боку Менску нелегальнай міграцыі, якая дэстабілізуе рэгіянальную бясьпеку.
  • Венскі мэханізм, прыняты АБСЭ ў 1989 годзе, дазваляе дзяржавам-чальцам праз пэўны набор працэдур падымаць пытаньні, якія тычацца сытуацыі з чалавечым вымярэньнем у іншых дзяржавах АБСЭ.