«Раней лісты ад яе былі больш бадзёрыя». Што новага ў Вольгі Залатар, якую пачнуць судзіць 15 лістапада

Вольга Залатар, архіўнае фота

Шматдзетную маці затрымалі вясной 2021 году. Яе абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Хто такая Вольга Залатар

Маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар затрымалі ў пасёлку Ждановічы ў канцы сакавіка. У той жа дзень дома ў Вольгі прайшоў ператрус, яе мужа арыштавалі на 10 сутак. Саму жанчыну перавялі ў СІЗА-1 Менску і празь некалькі дзён абвінавацілі ў арганізацыі і навучаньні дзеяньням, скіраваным на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Пазьней да абвінавачаньня дадаўся яшчэ адзін артыкул — стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня.

Вольга Залатар, архіўнае фота

Для Вольгі гэта было ня першае затрыманьне. Пасьля выбараў яе двойчы судзілі па адміністрацыйных артыкулах, абодва разы прысуджалі штрафы.

Паводле афіцыйнай вэрсіі МУС, Вольга Залатар была адміністратаркай ждановіцкага чату ў Тэлеграме. На пачатку красавіка адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў паведаміў парталу Tut.by, што яго падабаронная паскардзілася на прымяненьне да яе фізычнай сілы. Па словах Вольгі, яе зьбілі падчас допыту ў першы дзень пасьля затрыманьня, патрабуючы даць паролі да тэлеграм-каналу.

Увесь час пасьля затрыманьня Вольга Залатар знаходзілася ў СІЗА-1 Менску на вуліцы Валадарскага. Суд па яе справе пачнецца ў панядзелак 15 лістапада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 70 каталіцкіх сьвятароў хадайнічаюць аб спыненьні крымінальнага перасьледу палітзняволенай Вольгі Залатар

«Здаецца, такі ў яе зараз стан, спакойны»

«Вольга напісала ў лісьце, што калі працэс (сьледзтва. — РС) пайшоў да лягічнага завяршэньня, то яе агарнуў спакой, — расказаў Свабодзе адзін зь яе сяброў. — Спакой і цішыня. Яна таксама кажа, што праз гэта лісты ў яе цяпер ня вельмі выходзяць, ня вельмі ёй пішацца там. Здаецца, такі ў яе зараз стан, спакойны. Вольга чакае таго, што будзе».

Суразмоўца расказвае, што нядаўна Вольгу Залатар перавялі ў іншую камэру. Цяпер яна чакае суду ў той самай камэры, у якую трапіла адразу пасьля пераводу на «Валадарку». Агулам ад моманту арышту ён атрымаў ад Вольгі каля дваццаці лістоў. Кажа, што раней яны былі іншыя.

Адзін зь лістоў ад Вольгі Залатар

«Раней ад яе больш бадзёрыя лісты даходзілі, — кажа мужчына. — Цяпер вось такія. Але Вольга кажа, што да яе вярнуўся спакой. Значыць, так яно і ёсьць».

Яшчэ адзін знаёмы сям’і Вольгі ў размове са Свабодай пацьвердзіў, што яе некалькі разоў пераводзілі з камэры ў камэру. Ён зьбіраецца пайсьці на суд, які пачнецца 15 лістапада, аднак ня мае пэўнасьці, што судзьдзя ня зробіць працэс закрытым.

«Наколькі я ведаю, яе родныя і дзеці трымаюцца, — расказвае ён. — Пра тое, што яны адчуваюць, я стараюся лішні раз не распытваць, ня ціснуць на балючае. Наколькі мне вядома, родныя Вольгі прасілі пра спатканьне зь ёй у СІЗА, аднак ім не дазволілі гэтага. Ведаю таксама, што другую адвакатку Вольгі таксама пазбавілі ліцэнзіі (першым адвакатам Вольгі Залатар быў Андрэй Мачалаў, яму Мін’юст забараніў працаваць на пачатку лета. — РС). Хто будзе зараз абараняць яе правы, я ня ведаю. Пабачым ужо на працэсе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеная шматдзетная маці Вольга Залатар склала топ месцаў для вандровак па Беларусі

«Мара пастаўленая на паўзу»

Як расказалі Свабодзе людзі, якія стала перапісваюцца з Вольгай, лістоў ад яе апошнім часам сапраўды пачало прыходзіць менш. Яна шмат піша пра веру ў Бога, узгадвае пра жыцьцё да арышту і мерапрыемствы, якія наведвала разам зь дзецьмі і мужам.

«Вы так кранальна расказвалі пра ручнікі даматканай работы бабуль вашага мужа, — напісала Вольга ў адным з апошніх лістоў. — Вы любіце глядзець, а я люблю дакранацца. Мне вельмі падабаюцца адчуваньні ад тэкстуры, тэмпэратуры, энэргіі, якая ёсьць у прадметах».

У лістах Вольга таксама расказвае, чым бы хацела працягваць займацца пасьля вызваленьня. Па яе словах, яшчэ да падзей 2020 году ўзьнікла ідэя невялікага прыватнага бізнэсу.

«Ужо некалькі год я асвойваю навуку хлебапячэньня, — піша Вольга Залатар з-за кратаў. — Мяне захоплівае працэс замесу цеста, фармоўкі, выпечкі, разразаньня сьвежавыпечанага бохану. Свой хлеб я пяку на заквасцы. Такі хлеб жывы, здаровы. Я распрацавала бізнэс-плян кавярні-пякарні, актыўна яго прапрацоўвала, але 2020 год унёс свае карэктывы. Мара пастаўленая на паўзу. Усяму свой час».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызначылі дату суду над палітзьняволенай Вольгай Залатар

Працэс па справе Вольгі Залатар пачнецца а 10 гадзіне 15 лістапада ў будынку Менскага гарадзкога суду, справу разглядае судзьдзя Анастасія Папко. Артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх абвінавачваюць Вольгу, прадугледжваюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да чатырох гадоў.