На відэа, якое выклалі ў фэйсбук 7 лістапада, мігранты на мяжы Беларусі і Польшчы расказваюць пра сваю сытуацыю. Прапануем вашай увазе пераклад іх аповедаў.
Чалавек за кадрам (0:00-0:15)
У Беларусі, у Горадні, цяпер ноч. Вы бачыце людзей, якія ў вялікай колькасьці прыйшлі ў гэты лес і распалілі вогнішчы.
(0:28-0:33) Большасьць зь іх — маладыя мужчыны, але там ёсьць і сем’і.
(0:34-0:37) У лесе вельмі шмат людзей.
(0:44-0:47) Яны толькі што распалілі вогнішча, каб сагрэцца.
(1:43-2:07) У многіх сем’ях тут ёсьць дзеці, якія захварэлі.
(2:07-2:17) Я спадзяюся, што гэтае відэа дойдзе да міжнародных арганізацыяў і эўрапейскіх СМІ, каб яны ведалі пра дрэннае становішча гэтых людзей.
Чалавек за кадрам (2:53-2:59)
Прывітаньне, хлопцы! Што вы будзеце рабіць у Эўропе?
Мужчына (3:07-3:15)
Мы спадзяемся, што мы ня вернемся ў Курдыстан. Мы спадзяемся, што мы ня вернемся ў Курдыстан, жывыя ці мёртвыя.
Чалавек за кадрам (3:15-3:17)
Колькі дзён вы былі ў Беларусі?
Мужчына (3:17-3:20)
Я тут ужо каля тыдня.
Два іншых мужчыны (3:20-3:23)
50 дзён.
Я тут ужо 20 дзён.
Яшчэ адзін мужчына (3:23-3:26)
Нават калі нам давядзецца загінуць тут, мы ня вернемся ў Курдыстан.
Чалавек за кадрам (3:27-3:30)
Колькі тут такіх, як вы?
Мужчына (3:30-3:37)
1000, 2000, 3000, а мо і больш.
(3:42-3:47) Людзей тут вельмі шмат і яшчэ больш прыяжджае зь Менску.
Чалавек за кадрам (4:41-4:44)
Што вы абмяркоўваеце, пакуль вы тут знаходзіцеся?
Мужчына (4:43-4:46)
Мы верым Богу, што будзем пасьпяховымі і выжывем.
Іншы мужчына (4:51-4:55)
Дасьць Бог, мы зможам адкрыць мяжу для сябе і іншых.
Трэці мужчына (5:02-5:04)
Мы спадзяемся, што зможам патрапіць у Нямеччыну.
Яшчэ адзін мужчына (5:07-5:13)
Дай Бог, каб нам усім пашанцавала і мы ўдала перасеклі мяжу.
Чалавек за кадрам (5:15-5:26)
Падчас вашага знаходжаньня тут, у Беларусі, міліцыя вас неяк крыўдзіла?
Мужчына (5:27-5:31)
Не, яны з намі добра абыходзіліся, бо мы, па сутнасьці, мяжу не пераходзілі.
(5:34-5:38) Сёньня мы сустрэлі чалавека, у якога былі пашкоджаныя вочы.
Іншы мужчына (5:38-5:42)
Яны напалі на курдаў з сабакамі.
Чалавек за кадрам (6:38-6:39)
Як адчуваюць сябе дзеці?
Мужчына (6:39-6:52)
Дзякуй Богу, нядрэнна. Але калі мы гэта гаворым, мы маем на ўвазе, што трэба даць надзею адзін аднаму, таму што холадна, і мы маем ежы толькі на некалькі дзён.
(6:56-6:58) Дасьць Бог, мы пяройдзем мяжу.
(7:04-7:08) Мы хочам, каб наш голас дайшоў да ўсёй Эўропы, каб мы атрымалі дапамогу, калі дасьць Бог.
Іншы мужчына (8:00-8:12)
Учора я пацярпеў ад беларускай міліцыі. Яны напалі на нас, абражалі нас. У аднаго з нашых ад гэтага нападу зламаная нага.
Чалавек за кадрам (8:12-8:14)
Вы пераходзілі мяжу?
Два мужчыны (8:14-8:24)
Мы не пераходзілі мяжу. Мы нават не дакрануліся да яе. Мы проста сядзелі каля мяжы, каб паліцыя прыйшла і адчыніла яе. Але, на жаль, яны прыйшлі і напалі на нас, і сказалі нам : «Ідзіце назад!».